ЯНЫ ХЛУСЯЦЬ СВАІМ НАРОДАМ
12 лютага 2011 г. нарвэжская газэта “Aftenposten” апублікавала артыкул пад тытулам “Папярэджваюць пра пагрозу расейскай хімічнай зброі”. У артыкуле напісана: “Сакрэтныя дакумэнты НАТО апісваюць большую пагрозу з боку Расеі, чымсьці гэта робяць палітыкі ў сваіх публічных заявах.
— Мы не ўяўляем сабой пагрозы адзін для аднаго, — сказаў генэральны сакратар НАТО Андэрс Ф'ёг Расмусэн у лістападзе 2010 г., калі Расея і НАТО прынялі рашэньне распачаць тое, што прэзыдэнт Барак Абама назваў “новым стартам”. Эўропа была ў захапленьні ад таго, што Расея і НАТО пагадзіліся на больш шчыльнае супрацоўніцтва. Шэраг амэрыканскіх дакумантаў з штаб-кватэры НАТО ў Брусэлі з 2006 г. па люты 2010 г. дэманструюць больш драматычную карціну адносінаў паміж НАТО і Расеяй у параўнаньні з тым, як прадстаўляюць гэта палітыкі.
Расея надалей вызначаецца як патэнцыйная небясьпека, нават калі НАТО вельмі пасьлядоўна публічна сьцьвярджае, што гэта ня так. Пагроза ёсьць ва ўсім, ад шпіянажу да чыста ваенных пагрозаў ад расейскай хімічнай, біялагічнай і ядзернай зброі. (...)
Ідыёцкая прапанова. Дакумэнты з амбасадаў даюць таксама магчымасьць убачыць, што адбывалася за зачыненымі дзьвярамі, калі Расея зьвярнулася да Эўропы з прапановай заключыць дамову па бясьпецы. НАТО тады адказала “з поўнай гатоўнасьцю”, але рэакцыя на гэта Рады НАТО было зусім іншай.
“Гэта ёсьць самая ідыёцкая прапанова, якая выстаўлялася калі-небудзь”, — сказаў нямецкі дарадчык па нацыянальнай палітыцы бясьпекі Хрыстаф Гаўсгэн у ліпені 2009 г.
“Гэта ёсьць плян па падрыву НАТО”, — напісаў амбасадар ЗША ў НАТО Іва Далдэр міністру замежных справаў Гілары Клінтан. (...)
Сталінісцкая НАТО
— НАТО праводзіць сталінісцкую палітыку, сьцьвярджаючы: хто ня з намі, той супраць нас, — сказаў неадназначны расейскі амбасадар у НАТО Дзімітры Рагозін.
— У той час, калі наш прэзыдэнт Дзімітры Медведев цудоўна вызначыўся на саміце ў Лісабоне, за нашымі плячыма робяцца пляны аб падрыхтоўцы дзесяці дывізіяў для абароны ад расейскага мядьзведзя. Гэта, мягка кажучы, ня надта дыпляматычна. — сказаў Рагозін”. (Канец цытаваньня).
Наш камэнтар: Аказалася, што дыпляматычныя ўсьмешачкі, паклоны і кніксэны перад маскоўскімі баярамі — гэта павярхоўны і фальшывы рытуал у выкананьні эўрачыноўнікаў. Часам яны кажуць такія камплімэнты ў адрас Масквы, што народы думаюць: можа яны наіўнячкі або яшчэ горш? А на самой справе яны ўсё цудоўна разумеюць: Расея — гэта жудасная пагроза для чалавечай цывілізацыі, непрадказальны і дурны партнёр, ад якога трэба трымацца падалей. Цудоўна разумеюць, але сваім народам пра гэта ня кажуць. Гэта называецца “патаемнай дыпляматыяй”. А на звычанай мове гэта называецца гаварэньнем няпраўды сваім народам.
Яны хлусяць сваім народам. Што ж тут зьдзіўляцца, што яны аплочваюць мільёнамі даляраў менскую вікаўскую псэўдаапазыцыю і робяць гэта (як прызнаўся Ганс-Георг Вік) “по согласованію с КГБ РБ.
Юрка Марозаў