АСЭНСАВАНЬНЕ ПРАВАКАЦЫІ АНТЫНАРОДНАГА РЭЖЫМУ

Сталічная газэта “Народная Воля” апублікавала 8 лютага вялікі аналітычны артыкул Віктара Дашука, вядомага беларускага кінарэжысёра, Народнага артыста Беларусі, Заслужанага дзеяча мастацтваў. Аўтар — не прафэсійны палітык або палітолаг, ён патрыёт, нераўнадушны да лёсу Айчыны чалавек. І ў сваім аналізе ён выкарыстоўвае свае прафэсійныя веды, раскрываючы крымінальную рэжысуру рэжымнай правакацыі, разгорнутай лукашызмам увечары 19 сьнежня летась. Сп. Дашук параўноўвае падзеі Крывавай нядзелі з іншымі народнымі трагедыямі і рэжымнымі правакацыямі пэрыяду лукашызма. Ён робіць важную выснову — за антынароднай хунтай у наша краіне стаіць імпэрская Масква. Цытуем тэкст артыкула сп. Дашука:

“Змагацца трэба не з Лукашэнкам, а з Расеяй”. — сказаў лідэр Беларускага Народнага Фронту Зянон Пазьняк дваццаць гадоў таму, за што быў паддадзены астракізму з боку і сваіх, і чужых. Сёньня гэта стала ІСЬЦІНАЙ. Трагічнай ісьцінай для беларусаў. У сёньняшняй Расеі ня толькі кіруючая эліта, але і бамжы мысьляць па-імпэрску: прыхапіць як мага больш тэрыторыяў вакол сябе. Сумныя адказы на сумныя пытаньні! Таму не выключаю, што каля сьценаў Дома ўраду ўвечары 19 сьнежня прысутнічала ня толькі ўлада. Ня толькі апазыцыя. Нябачна, негалосна магла быць яшчэ і трэцяя сіла. І гэта ёсьць яшчэ адзін доказ, што апазыцыя да “біцьця шыбаў” ня мае ніякіх адносінаў. Таму з упэўненасьцю можна сказаць: арыштаваныя ўвечары 19 сьнежня ўдзельнікі мітынгу пратэсту НЕ ВІНАВАТЫЯ ні ў чым!

І я ў гэтай сувязі ўспамінаю нашу агульнабеларускую трагедыю на станцыі мэтро “Няміга”, гібель людзей на “сьвяце піва” ў Менску ў 1999 годзе, калі па натоўпу нечакана ўдарыла стыхія неба — улева з градам і ветрам, і людзі кінуліся да выратавальнага прытулку — мэтро. Што робяць міліцыянты ў гэты момант? Яны не пускаюць натоўп на праспэкт Машэрава і заганяюць, накіроўваюць людзей у вузкую гарлавіну паміж будынкам Дома фізкультуры і мостам каля ўваходу ў мэтро “Няміга”. Крывавы вынік гэтых неразумных дзеяньняў — 53 трупы за 10 хвілін, зь іх 44 дзяўчыны-нявесты. Дарэчы, хто адказаў за гэтае страшнае няшчасьце, хто быў пакараны. НІХТО. А за пару дзесяткаў разьбітых шыбаў і некалькі зламаных дзьвярэй улады адлавілі на вуліцах Менску семсот чалавек і пасадзілі ў турму. А некаторым пагражае турма да пятнаццаці гадоў!

Мне могуць запярэчыць: судзяць не за біцьцё шыбаў, а за арганізацыю МАСАВЫХ БЕСПАРАДКАЎ! Адказваю: 5-10 хуліганаў былі шыбы пры МАСАВЫМ БЯЗДЗЕЯНЬНІ МІЛІЦЫІ! Не хвіліну білі, і ня дзьве... А спэцназ, ОМОН і сотні жаўнераў іншых падраздзяленьняў нібыта на парадзе стаялі і моўчкі назіралі. Чакалі, пакуль апэратары тэлебачаньня здымуць карцінку арганізаваных міліцэйскімі правакатарамі “масавых беспарадкаў і тэрарыстычных актаў”.

Нацыянальная творчая эліта асэнсоўвае драматычныя падзеі. Гэта ёсьць аптымістычны знак: у душах нашых людзей пануюць не адчай, разгубленасьць або страх, а імкненьне адкрыць праўду і данесьці яе да народа.

Алесь Хадасевіч
Крыніца: http://www.nv-online.info/by/150/printed/27161/