ЗАМЕЖНЫ ДРУК (11.02.2011)
Суданскія жанчыны больш разьвітыя і разумнейшыя?
11 лютага 2011 г. славацкая газэта “SME” напісалі пра падзеі ў Судане. 30 студзеня сёлета тысячы студэнтаў дэманстравалі ў сталіцы і іншых гарадах краіны супраць рэжыму прэзыдэнта Башыра. Сотні маладых людзей былі арыштаваныя, многія і цяпер знаходзяцца за кратамі. Перад будынкам спэцслужбаў у Хартуме адбылася дэманстрацыя жанчын з сем'яў вязьняў, якія абяцаюць дэманстраваць да тае пары, пакуль іхных блізкіх ня вызваляць або не паставяць перад рэгулярным судом. Супрацоўнікі спэцслужбаў вырвалі з рук жанчын плакаты і транспаранты і разагналі дэманстрацыю. Некалькі жанчын арыштаваныя. Змагарныя жанчыны ўтварылі арганізацыю “Уммі” (“Маці”).
Наш камэнтар: З вялікім зьдзіўленьнем беларускае грамадзтва даведалася, што жанчыны з сем'яў арыштаваных на Крывавай нядзелі ў Менску людзей зьвярнуліся з лістом-просьбай да прэзыдэнта РФ Медведева. Яны хадзілі на прыём у расейскую амбасаду ў Менску і прасілі пасла Сурыкава “паспрыяць”. Ім, мабыць, не патлумачылі, што за ўсімі драматычнымі падзеямі ў нашай краіне стаіць менавіта Масква з сваім гэбізмам. Ад каго яны чакаюць “спрыяньня”?
Юрка Марозаў
Абмеркаваньне ў парляманце Чэхіі
11 лютага 2011 г. чэшская газэта “Ceske Noviny” напісала пра абмеркаваньне ў парляманце Чэхіі Закона аб прызнаньні антыкамуністычнага руху супраціву. У сваім выступе былы старшыня кампартыі Міраслаў Грабэнічак сказаў, што закон ёсьць “палітычным ухваленьнем тэрарыстычных актаў мінуўшчыны”, а дзеячы супраціву былі “часта прыгоднікамі на мяжы паўнагадовасьці”. Дэпутаты некамуністычнай кааліцыі падчас ягонага выступу пакінулі залю паседжаньняў.
Наш камэнтар: Каб не было такога блюзьнерства, у парлямантах і іншых грамадзка-палітычных структурах проста не павінна быць былых старшыняў кампартыі ўсіх узроўняў. Іхнае месца — на сьметніку гісторыі.
Алесь Хадасевіч
“Народ вырашыў валіць да канца”
11 лютага 2011 г. швэдская газэта “Dagens Nyheter” паведаміла, што Мубарак з сям'ёй уцёк з Каіра. Тысячы ўзрушаных людзей атачылі прэзыдэнцкі палац і тэлецэнтар.
Наш камэнтар: Апошнімі днямі з розных краін гучалі кур'ёзныя прапановы змагарнаму народу: маўляў, разыходзьцеся па хатах, а Мубарак да верасьня будзе арганізоўваць дэмубаракізацыю. Нечага падобнага наслухаліся былі 20 гадоў таму беларусы і іншыя падсавецкія народы. Ім прапанавалася “пацярпець, пакуль Гарбачоў з КГБ СССР рэфармуюць СССР”.
Пераможны народ вырашыў валіць дыктатуру да канца.
Алесь Хадасевіч
Усе ў Эўразьвяз: галоўная каштоўнасьць — садомія
11 лютага 2011 г. дацкая газэта “Politiken” паведаміла з Нарвэгіі. Улады прынялі рашэньне аб тым, што ўсе, хто просіць прытулку ў Нарвэгіі, павінны праглядзець фільм пра гомасэксуалістаў. Фільм падрыхтаваны на 13 мовах. Інструктар бюро па іміграцыі Мары Фінэстад сказала: “Мы хочам паказаць, што гомасэксуальнасьць — гэта нармальна і прыймальна. Калі нехта хоча жыць у Нарвэгіі і быць часткай нарвэжскага грамадзтва, той павінен прыняць гэта”. Яе калегі ў Даніі прапануюць паказваць імігрантам фільм пра голыя цыцкі як “прыклад дацкага вольнадумства”.
Наш камэнтар: Поўны лібэральны маразм... Яны не пакажуць фільм пра нацыянальную гісторыю, традыцыі, Хрыста. Для іх галоўная каштоўнасьць — садомія. Фантастыка!
Алесь Хадасевіч
Імпэрскія комплексы невылечныя.
11 лютага 2011 г. латвійская газэта “Diena” паведаміла пра чуткі ў палітычных колах аб падрыхтоўцы маючага адбыцца ўвесну афіцыйнага візыту каралевы Вялікай Брытаніі Альжбэты ІІ у Ірляндскую рэспубліку. Апошні візыт брытанскага манарха ў Ірляндыю адбыўся сто гадоў таму — у 1911 годзе, калі Дублін наведаў дзед Альжбэты кароль Джордж V.
Наш камэнтар: Дарэчы, латвійская газэта памылкова называе датай набыцьця дзяржаўнай незалежнасьці Ірляндыяй 1916-ты год. У 1916 годзе на Вялікдзень адбылося знакамітае нацыянальнае паўстаньне ў Дубліне. Паўстанцы захапілі ўвесь цэнтар горада, але брытанскія войскі здолелі здушыць паўстаньне. Каланіялісты зьбіраліся гаспадарыць на суседняй з Брытаніяй высьпе вечна. Але ўжо ў 1921 годзе вымушаны былі пакінуць большую частку Ірляндыі пад ударамі партызанскай арміі Вольнай Ірляндыі.
Здавалася б, Брытанская імпэрыя ўжо даўно рассыпалася, жывуць новыя пакаленьні людзей. А аказваецца, што ірляндская параза не давала спакою брытанскім вышэйшым элітам. Нават у госьці ня езьдзілі ў суседнюю краіну. Ажно праз сто гадоў урэшце прызналі “статус-кво”.
Некаторыя знаўцы кажуць, што імпэрскія комплексы наагул невылечныя.
Алесь Хадасевіч
Задрыжэла лібэральнае балота
11 лютага 2011 г. летувіская газэта “Lietuvos Rytas” апублікавала артыкул пад тытулам “Н. Сарказі прызнаў, што спробы ўтварыць шматкультурнае грамадзтва ў Эўропе праваліліся”. Гэтую заяву прэзыдэнт Францыі зрабіў пасьля такіх жа прызнаньняў у правале “шматкультурнасьці” з вуснаў нямецкага канцлера Мэркэль і брытанскага прэм'ера Кэмэрона. Сарказі сказаў: “Ва ўсіх дэмакратыях надта шмат увагі надавалася ідэнтычнасьці тых, хто да нас прыбывае, і недастаткова ўвагі ідэнтычнасьці той краіны, якая іх прымае”.
Наш камэнтар: Яны, мабыць, маўчалі б і надалей. Як вядома, палітычныя эліты ў эўрапейскіх дэмакратыях жывуць у асобных кварталах пад моцнай аховай (“чужыя там ня ходзяць”). Але гэтыя галасы загучалі акурат тады, калі па ўсёй Эўропе людзі пачалі масава галасаваць не за лібэралаў, а за тых, каго лібэралы ўвесь час абзывалі “фашыстамі”, “экстрэмістамі”, “маргіналамі”, “фанатамі” і г.д. Людзі (асабліва масава маладое пакаленьне) пачалі моцна падтрымліваць правыя народныя і хрысьціянскія партыі. Эўрапейская моладзь уздымае над айчынамі гучны лозунг — “Вярніце нам краіну!” Захісталася лібэральнае балота, што зарасло цвільлю хлусьні і фальшу.
Алесь Хадасевіч