ПРЫЦЯГАЛЬНАСЬЦЬ ХЛУСЬНІ

10 лютага 2011 г. дацкая газэта “Berlingske Tidende” апублікавала артыкул пра высокую папулярнасьць “крытычнага прачытаньня дацкай гісторыі”, якая назіраецца апошнім часам за межамі краіны. Напрыклад, брытанская тэлерадыёкампанія ВВС прысьвяціла вялікую праграму абмеркаваньню дацкага закону аб імігрантах.

Як вядома, крытычнае прачытаньне дацкай гісторыі мела свой яркі эпізод у творчасьці Шэкспіра зь ягоным “Гамлетам”. Эпізод настолькі яркі, што ўжо на працягу стагоддзяў героі п'есы не сыходзяць са сцэны тэатраў усяго сьвету, а гамлетаўскія сэнтэнцыі “Быць ці ня быць?” і “Ня ўсё ў парадку ў Дацкім каралеўстве” сталіся ўнівэрсальнымі формуламі сэнсу чалавечага і дзяржаўнага існаваньня.

А наколькі датчане здольныя крытычна ацаніць чужую гісторыю, напрыклад, беларускую? Я меў магчымасьць даведацца пра гэта ў 2000 годзе. Падчас крыжовага шэсьця ў Курапаты да фронтаўцаў далучыўся чалавек гадоў пад сорак, які размаўляў па-ангельску з спэцыфічным акцэнтам. Аказалася, што гэта быў датчанін. Мы разгаварыліся. Яго жыва цікавіла ўсё: Фронт, наша гісторыя, культура. Падчас далейшых сустрэчаў я пазнаёміў яго з музэямі, помнікамі гісторыі і культуры ў Менску і Заслаўі, шмат расказваў. Госьць што-нішто занатаваў. Паабяцаў, што напіша пра свае ўражаньні ў капэнгагенскай газэце. І, сапраўды, апублікаваў артыкул у газэце “Berlingske Tidende” ды яшчэ з маім і сваім імёнамі як аўтараў тэксту. Усё было цудоўна напісана і пра фронтаўскае змаганьне, і пра нашых людзей, і пра помнікі. Але артыкул пачынаўся кароннай фразай: “У 1991 годзе Беларусь упершыню ў сваёй гісторыі атрымала дзяржаўную незалежнасьць”. Зразумела, што гэтая порцыя дзёгцю ўшчэнт сапсавала ўвесь тэкст і мой настрой. Я даслаў яму некалькі строгіх словаў ад сябе і ксэракопію некалькіх старонак з ангельскага тэксту пра ВКЛ і БНР. Датчанін абразіўся і больш рэпартажоў з Беларусі ў газэту не пісаў.

Што ж адбылося? А адбыўся акт некрытычнага паглынаньня неякаснага інтэлектуальнага прадукта. Спадар Стэр уважліва слухаў мае расповеды, часам эмацыйна рэагаваў. Напрыклад, усё не пагаджаўся са мной на тэму псэўдаапазыцыі і настойваў, што “усе павінны быць разам”... А потым паказаў мне тонкую брашурачку на ангельскай мове і мэлованай паперы. Брашурачку, надрукаваную “Белінтурыстам”, раздавалі бясплатна ўсім гэтым інтурыстам. Менавіта там быў караценькі агляд гісторыі Беларусі з наступнымі выразамі, цытую: “эфэмэрная незалежнасьць 1918-га года”, “вялікія посьпехі савецкай улады” і г.д. Пра “незалежнасьць упершыню ў 1991 годзе” там таксама было. Адным словам, лубянская структурка “інфармавала” гасьцей нашай краіны ў сваім стылі.

І датчанін паверыў брашурачцы, а не мне, які кінуў усе справы і вадзіў яго па нашых сьвятынях. Я не крыўдаваў, гэта былі паводзіны тыповага заходняга чалавека, выхаванага ў лібэралізме. У датчаніна такой праблемы няма і не было. Ягоная Данія незалежная ўжо тысячу гадоў, для іх гэта не пытаньне, і ніхто ня ставіць гэта пад сумніў.

Яно ўсё так, але менавіта гэтая даверлівасьць і “правільнасьць успрыняцьця” заходнікамі дазваляе ворагам Беларусі дурыць людзей у сьвеце, нават тых, якія шчыра цікавяцца беларускай гісторыяй і нашым народам.

Выснова з гэтага простая і адназначная. Трэба не апускаць рукі, а цярпліва, пры любой магчымасьці расказваць у шырокім сьвеце праўду пра наш народ, нашую мову, гісторыю, культуру, навуку. Не азірацца на антыбеларускі афіцыёз, не баяцца чужых некрытычных адносінаў да нашай сытуацыі. Дзеля гэтага беларус павінен ведаць сваю і чужыя мовы. Гэта ёсьць абавязак кожнага, каму дарагая Бацькаўшчына і яе імя.

Валеры Буйвал