АГЛЯД ЗАМЕЖНАГА ДРУКУ (10.02.2011)

“Інтэрв'ю ў штурмбанфюрэра”

10 лютага 2011 г. польская газэта “Gazeta Wyborcza” напісала: “Мы нясем цяжар сталінскай мінуўшчыны і зайшлі ў тупік. Мы ня створым для сябе шансаў на мадэрнізацыю, якой тэрмінова патрабуе наша краіна, без маральнага абнаўленьня. — кажа Сяргей Караганаў, стваральнік пляну дэсталінізацыі Расеі і адзін з найбольш уплывовых дарадчыкаў расейскіх кіраўнікоў”. У інтэрвію польскай газэце Караганаў распавядае, як ён будзе рабіць дэсталінізацыю.

Наш камэнтар: Але папаліся польскія газэтчыкі, але “уляцелі” (як кажуць падлеткі)! Ім вяшчае пра дэсталінізацыю адзін з найбольш змрочных лубянска-крамлёўскіх тыпаў, вядомы сваім вырабленым цынізмам. Гэта тое самае, што браць інтэрв'ю пра дэгітлерызацыю у штурмбанфюрэра гестапа. Той факт, што штурмбанфюрэр падчас інтэрв'ю схаваў свой чорны мундзір у шафу, сутнасьці не мяняе.

Юрка Марозаў


Любіць сваё

10 лютага 2011 г. нарвэжская газэта “Aftenposten” апублікавала чарговае пытаньне конкурса “Як ты ведаеш гісторыю і геаграфію Осла?” Гэтым разам газэта пыталася пра стваральніка музэя Карабля Вікінгаў, што знаходзіцца каля Осла. Знакаміты карабель быў знойдзены на пачатку мінулага стагоддзя і датуецца 9-м стагоддзем н.э. Ён пакрыты бліскучымі арнамэнтальнымі і стылізаванымі фігурнымі выявамі.

Наш камэнтар: У сьвеце ёсьць нормай шанаваць, ведаць і любіць сваё, роднае: гісторыю, культуру, помнікі, славутых людзей і г.д. Не забываюцца нагадаць пра гэта пасярод плыні актуальных паведамленьняў і штодзённыя выданьні. Кожны нарвэжскі школьнік абавязкава пабыў у музэі Карабля Вікінгаў, у музэі Эдварда Мунка, на канцэрце твораў Эдварда Грыга. Кожны італьянскі школьнік карміў з рукі галубоў на плошчы Сан-Марка ў Вэнэцыі. Ізраільскіх дзяцей і моладзь вязуць вялікімі групамі ў розныя краіны па мясьцінах габрэйскай культурыі і Галакоста. І г.д.

Адзіным у цывілізаваным сьвеце, хто застаецца гвалтоўна адарваным ад роднай культуры, мовы і традыцыі, ёсьць беларускі народ, нашы дзеці і наша моладзь. Акупацыйны рэжым гадуе іх на маскоўскім сурагаце. Беларускія сем'і павінны супраціўляцца гэтай зьнішчальнай палітыцы і арганізоўваць паралельнае, незалежнае ад рэжыму нацыянальна-культурнае выхаваньне нашых (нашых, а не іхных!) дзяцей. Трэба ратаваць маладое пакаленьне нашага народу з цёмнага тупіка.

Валеры Буйвал


Ашчэрваюцца

10 лютага 2011 г. летувіская газэта “Lietuvos Rytas” паведаміла, што прэзыдэнт РФ Медведев загадаў паслаць дадатковае ўзбраеньне на Курыльскія выспы, “на выпадак абароны”. Японія патрабуе, каб Расея вярнула ёй Паўночныя тэрыторыі, забраныя ў яе Масквой у 1945 годзе.

Наш камэнтар: Імпэрыя Зла ашчэрваецца на цывілізаваных суседзяў сваёй зброяй. Абрабаваны народ аплочвае “зашчіту свяшченных рубежей” на ўскраінах, ператвораных Масквой у пустыню і сьметнік.

Юрка Марозаў


Ім “ня трэба ў Эўропу”

10 лютага 2011 г. румынская газэта “Evenimentul Zilei” напісала пра камуністычную дэманстрацыю ў Кішынёве. Удзельнікі ішлі пад чырвонымі сьцягамі і “сярпом і молатам”, што забаронена законам у малдаўскай сталіцы. Лідэр кампартыі Варонін заявіў, што ягоныя партыйцы ня будуць галасаваць на бліжэйшых прэзыдэнцкіх выбарах за цяперашняга прэм'ера Лупу. У Кішынёў апошнім часам часта прыязджаюць прадстаўнікі Эўразьвязу, якія спрабуюць наладзіць дыялог паміж паліытчнымі сіламі краіны.

Наш камэнтар: Румынскае тэлебачаньне паказала гэтую кур'ёзную дэманстрацыю. Невялікая колькасьць людзей пад чырвонымі сьцягамі і з сваім генсекам, які гукае: “Нам ня трэба ў Эўропу!” — вось і ўсё, што могуць запрапанаваць камунякі стомленаму малдаўскаму народу.

Алесь Хадасевіч


Гніль сацыялізму

10 лютага 2011 г. угорская газэта “Magyar Hirlap” паведаміла пра арышт былога амбасадара Угоршчыны ў Маскве і распачацьці сьледства ў адносінах да шэрагу іншых дзяржчыноўнікаў былога сацыялістычнага ўраду. Прэм'ер-міністар краіны Віктар Орбан заявіў, што дзейнасьць гэтых чыноўнікаў нанесла краіне мільярдныя страты. Ён абвінавачвае ў карупцыі і былога сацыялістычнага прэм'ера Дзюрчаня.

Наш камэнтар: Пачалася сур'ёзная справа па высьвятленьні маштабаў антыдзяржаўнай дзейнасьці сацыялістычна-камсамольскай публікі, якая шэраг гадоў кіравала краінай і дакіравалася да мафійнай палітычнай і пэрсанальнай залежнасьці ад Масквы. Яна была скінута ў выніку маштабных народных пратэстаў (перш за ўсё моладзі) і перамогі нацыянальных сілаў на выбарах 2010 года.

Прыкметным эпізодам афёры стаў продаж маскоўскім уладам вялікага будынку ў Маскве, які належаў Угоршчыне. Яго прадалі па вельмі заніжаным кошце. У наяўнасьці “адкат” (любімая маскоўская “забава”) — грошы з розьніцы атрымаў тадышні амбасадар-сацыяліст. Як паказваюць дакумэнты, пра гэта ведаў і прэм'ер-сацыяліст Дзюрчань. Усё, што купляецца-прадаецца ў Маскве, вельмі хутка пачынае загніваць...

Юрка Марозаў