ЗАМЕЖНЫ ДРУК (08–09.02.2011)
Справядлівы закон
8 лютага 2011 г. аўстрыйская газэта “Die Presse” напісала аб падрыхтоўцы ўрадам Чэхіі новага закону. Паводле закону, былыя функцыянеры камуністычных спэцслужбаў і партыйнай адміністрацыі павінны будуць аддаваць частку сваіх прыбыткаў у адмысловы фонд дзеля дапамогі ахвярам камуністычнага рэжыму.
Наш камэнтар: Справядлівы закон, які павінен быць прыняты ва ўсіх краінах, дзе камуна (і яе спадкаемцы) нішчылі або нішчыць свой народ.
Юрка Марозаў
Вялікі дзеяч
8 лютага 2011 г. швайцарская газэта “Neue Zuercher Zeitung” апублікавала сэрыю здымкаў з нагоды 100-годдзя з дня нараджэньня Рональда Рэйгана (нар. 6 лютага 1911 г.).
Наш камэнтар: З гадамі, азіраючыся назад, усё больш людзей у сьвеце разумеюць, што Рэйган вельмі актыўна спрычыніўся да справы вызваленьня чалавецтва ад Імпэрыі Зла. Вялікі дзеяч вялікай краіны.
Алесь Хадасевіч
Пазбаўляюцца ад Сталіна
8 лютага 2011 г. славацкая газэта “SME” паведаміла пра заяву кіраўніцтва Грузіі. Прынята рашэньне дэмантаваць помнік Сталіну ў г. Горы і на ягоным месцы паставіць помнік ахвярам сталіншчыны і апошняй вайны з Расеяй (2008 г.).
Наш камэнтар: Народ Грузіі пазбаўляецца ад апошніх сатанінскіх знакаў расейскай акупацыі.
Алесь Хадасевіч
Каір змагаецца
9 лютага 2011 г. нідэрляндская газэта “De Telegraaf” паведаміла, што ў Каіры сотні дэманстрантаў заблакавалі ўваход у будынак парляманту краіны, каб не дапусьціць туды дэпутатаў ад партыі Мубарака. Партыя займала ў краіне манапольную пазыцыю.
Наш камэнтар: Слушна робяць эгіпецкія змагары. Трэба гнаць з парляманта ўзурпатарскую агентуру і ліквідаваць узурпатарскую партыю. Гэта ёсьць адна з важнейшых умоваў кожнай рэвалюцыі.
Алесь Хадасевіч
Жыцьцё “па-за часам”
9 лютага 2011 г. бэльгійская газэта “De Standaard” напісала, што прэзыдэнт Медведев адмяніў перавод на летні час у Расеі.
Наш камэнтар: Пра гэта паведамілі ўсе СМІ сьвету як пра сэнсацыю з Расеі. Можа для іх гэта і сэнсацыйна, а вось для абсалютнай большасьці “дорогіх россіян” ад гэтай “рэформы” ні холадна ні сьпякотна. На прасторах імпэрыі час “згубіўся”, перастаў быць субстанцыяй існаваньня для дзесяткаў мільёнаў людзей. Нават пры саветах была храналагічная катэгорыя “ад зарплаты да зарплаты”. Цяпер і гэтага няма ў безьлічы няшчасных правінцыяў, гарадоў, вёсак і мястэчак, якія жывуць “па-за часам”. Сталічная і лакальная вярхушка забаўляецца на Балі і Канарах, мафіёзы стрыгуць крывавыя купоны. Нізы корпаюцца ў галечы. Дзікае, разарванае грамадзтва...
Юрка Марозаў
Дбаюць пра грамадзтва
9 лютага 2011 г. славацкая газэта “SME” паведаміла, што ўрад ФРГ працягнуў дзейнасьць закона аб люстрацыі асобаў, якія прэтэндуюць на пасады ў дзяржаўных структурах. Іх будуць і надалей правяраць на прадмет былога супрацоўніцтва з усходне-нямецкай тайнай службай Штазі.
Наш камэнтар: Гэбоўскую агентуру трэба не дапускаць у грамадзкае жыцьцё. Грамадзтва і дзяржава здаравейшыя будуць.
Юрка Марозаў