ХАТНЯЯ ТУРМА
Антыбеларускі рэжым прыдумаў “хатнюю турму”, якой (па ўсім відаць) наканавана “вялікая будучыня” (бо турмаў у лукашысцкай Беларусі ўжо не хапае). Хатні арышт прапісаны ў законе, але тое, што практыкуе рэжым, ні ў які закон ня ўлазіць.
Хатняя турма ўзьнікла з беззаконьня рэжыму і поўнага самаупраўства КГБ, які, фактычна, выведзены з-пад дзеяньня закона.
У камэру ператворана хата (кватэра) арыштаванага, да якога прыстаўляюць наглядчыкаў, што маюць ключы ад хатняй камэры (адчыняюць і зачыняюць яе), назіраюць і кантралююць кожны крок вязьня. Вязень ня мае права падыходзіць да дзьвярэй, да вокнаў, ня можа выходзіць на сьвежае паветра, ня можа чытаць газэты, слухаць радыё, глядзець тэлевізар, размаўляць па тэлефоне, карыстацца кампутарам. Яму забароненыя спатканьні з адвакатам, медыцынская дапамога і агляд лекара. Ніхто ня мае права заходзіць у хатнюю камэру, акрамя вызначаных сваякоў: жонкі, бацькі альбо маткі, якія бяруць на сябе догляд і харчовае забесьпячэньне вязьня і самы знаходзяцца пад турэмным наглядам. Такім чынам кватэра (дом) ператвараецца ў турэмную камэру гэтаксама і для сям'і вязьня. Прытым (да прыкладу), разам з арыштаванай Ірынай Халіп пад турэмны рэжым трапляе нават яе трохгадовае дзіця, яно становіцца фактычным вязьнем хатняй камэры і камэрнага рэжыму.
Ведаючы садысцкую мэнтальнасьць узурпатара і сэнс сукупнай палітыкі генацыду, нескладана прадбачыць наступны крок у афармленьні хатняй пенітэнцыярнай сістэмы — аплату з боку сям'і за прысутнасьць (“працу”) наглядчыкаў. Закон тут (як і ўсюды ў рэжыме) не абавязковы. Могуць на што-небудзь спаслацца альбо прыдумаць (альбо указ аформіць і т. п.).
Заўважу, што па закону арыштаваны, які знаходзіцца ў турме, у кожным моманце мае права на спатканьне з адвакатам, на медыцынскую дапамогу і агляд лекара, можа чытаць, выпісваць газэты, слухаць радыё, глядзець тэлебачаньне і выходзіць на сьвежае паветра.
Арыштаваны беларус у хатняй турме, прыдуманай рэжымам, ня мае ніякіх такіх правоў у забесьпячэньні элемэнтарных патрэбаў існаваньня. Яму пакінута толькі магчымасьць біялагічнай “вегетацыі”.
Такія ўмовы створаныя пакуль што для двух закладнікаў. Паўстае пытаньне: навошта? Псіхалягічнае (ці дакладней, псіхіятрычнае) абгрунтаваньне тут цалкам зразумелае: “А что б не выпендривались, отморозки”. Успомнім “ягоныя” пячорныя публічныя разважаньні пра напад на Някляева. (“Ну, дали по голове. Ну и что?” “Ты же мужик! Чего ты кричишь!” “Прибежал в больницу — спрятался.” І г. д.)
Аднак, галоўнае абгрунтаваньне ў стварэньні хатняй турмы — гэта логіка палітычнага і крымінальнага кшталту, якая толькі накладзена на шызафрэнічную матрыцу.
Гэтая логіка вынікае з факталогіі падзей. Калі план “другога падпалу Райхстагу” быў зьвёрстаны і ўсё было падрыхтавана для правакацыі, з усіх спарынг-кандыдатаў “праблемным” для рэжыму заставаўся толькі Някляеў. Ён пастаянна цьвердзіў пра мірны характар акцыі і што яна мусіць быць на плошчы Каліноўскага. Някляеў здольны быў уплываць на людзей і прадухіліць іхны зыход да Дому ўраду. Пры гэтым якраз ягоная група павінна была забясьпечыць дастаўку магутнай гукаўзмацняльнай апаратуры.
Захады супраць Някляева былі зробленыя, як на вайне (вядома, чыя тут галава думала). Не дачакаўшыся нават канца галасаваньня, на кандыдата ў прэзыдэнты Някляева напала баявая спэцгрупа Міністэрства Унутранных Спраў “Алмаз”. Пакінуўшы сьмяртэльна зьбітага і нерухомага паэта на сьнезе, група ад'ехала на двух аўтобусах. Праз некалькі гадзін высьветлілася, што паэт у цяжкім стане знаходзіцца ў рэанімацыйнай палаце шпіталя Хуткай дапамогі. (“Ну, думаю, убили”, — камэнтаваў публічна на сваім узроўні гэты момант Лукашэнка. — “Потом смотрю — живой, ожил, в больницу убежал.”)
Ноччу функцыянеры спэцслужбаў уварваліся ў палату рэанімацыі, схапілі Някляева і павалаклі яго па падлозе ў турму КГБ.
Я ўжо пісаў раней, што гэтыя дзьве незаконныя апэрацыі, праведзеныя супраць Някляева спэцслужбамі МУС і КГБ, зьяўляюцца найгрубейшым і злачынным парушэньнем закона. Па факту такога злачынства неадкладна мусіла б быць узбуджана крымінальная справа пракурорам (арганізаваная групавая спроба забойства, тэрарызм, выкраданьне закладніка, сьвядомае перавышэньне ўлады, выкарыстаньне ўлады дзеля палітычных і асабістых інтарэсаў). Груба парушаны цэлы шэраг артыкулаў Крымінальнага Кодэксу. Прытым, у злачынную справу канкрэтна і непасрэдна ўключаны і сам узурпатар Лукашэнка, які засьведчыў сваё кіраўніцтва і прыналежнасьць да нападу на Някляева, да ўсіх рэпрэсіяў і пабіцьця людзей на плошчы.
Даказаць нешта адваротнае ў такой справе немагчыма. Гэта разумеюць спраўцы злачынства і ліхаманкава шукаюць выхаду. Адразу прымусілі аднаго арыштаванага разам з усімі агента засьведчыць, што “міліцыя не вінавата”. Тут жа насьпех прыдумалі вэрсію, што на Някляева напалі “неизвестные хулиганы”. Гэбісты ізноў абавязалі Дзімітрыева (выконваў ролю кіраўніка выбарчага штабу Някляева) агучыць гэтую вэрсію ў відэа-запісе.
Потым стварылі цэлы прапагандысцкі кінафільм “Плошча. Жалезам па шклу”, дзе склеілі новую бязглуздую легенду, што Някляева быццам бы хацелі забіць яго паплечнікі і палітычныя супернікі — спарынг-кандыдаты. (Дарэчы, апошняя легенда — тыповы шаблон у забойствах КГБ. У 90-х гадох гэты шаблон хацелі прымераць у “нэўтралізацыі” маёй асобы.)
Наступнае дзеяньне — недапушчэньне адвакатаў да арыштаваных. Праца адвакатаў у гэтай крымінальнай афёры ёсьць небясьпечная для рэжыму, але найбольш — у справе Някляева. Сэнс ня толькі ў тым, што спраўцам злачынства тут “няма чым крыць”, але ў тым, што, як ні круці, справа Някляева паварочваецца супраць іх самых.
Самы тыповы (і прывычны) выхад для іх — гэта пазбавіцца ад Някляева і ад ягонай справы. Небясьпечна, калі такое пачнуць рабіць людзі, якія перакрочылі рубікон забойства. Магчыма, што плян пачаў дзейнічаць разам са стварэньнем хатняй турмы, куды не дапускаецца нават лекар і сьвежае паветра.
Пасьля чэрапна-мазгавой траўмы, Някляеў ня меў у турме ні медыцынскага дасьледваньня, ні лячэньня (акрамя таблеткавага). Ён перажыў за няпоўныя паўтары месяцы чатыры пагрозьлівыя гіпертанічныя крызы. Яго мучыў пастаянны боль галавы, зьявіліся правалы памяці.
Невядома, што дакладна зараз са здароўем Някляева. Магчыма, зьявіліся ўскладненьні ў выніку нелячэньня ЧМТ сярэдняй цяжкасьці і ў камбінацыі з гіпертанічнымі крызамі, магчыма, быў перанесены (і сьведама не зафіксаваны лекарамі) мікраінсульт. Выклікаюць трывогу правалы памяці праз амаль паўтары месяцы пасьля траўмы. Усё гэта пры неабсьледваньні і нелячэньні можа прывесьці да сур'ёзнай страты здароўя, інваліднасьці, і нават да летальнага выніку.
Спраўцы антыбеларускага рэжыму ўжо ня могуць выйсьці са свайго бандыцкага кола зла. Цынічная хлусьня, самадурства і гразь верхавіны гэтай хунты мярзотнікаў ахоплівае і занечышчае, як гангрэна, усё новыя і новыя пласты грамадзтва: чыноўнікаў, настаўнікаў, праўнікаў, юрыстаў, лекараў і міліцыі — усіх патапляе ў сваю дрымучую, сьмярдзючую твань расчалавечваньня, ілжы і злачынства.
Увогуле, калі глянуць на ўсё разважліва і без пачуцьцяў, то адзіны цяпер выхад для рэжыму — выпусьціць усіх закладнікаў і спыніць прыдуманы судовы перасьлед. Такога рэжым ня зробіць, бо ня хопіць розуму. Ды й не для гэтага прыдумана подлая справа, каб ад яе адмаўляцца нішчыцелям. Адно, што пачынаюць разумець ужо болей і болей людзей — узурпатар ня можа больш быць ў Беларусі. Ён мусіць зьнікнуць неадкладна. Ягонае існаваньне небясьпечнае для нацыі, як ракавая пухліна для здаровага арганізма. І чым хутчэй такая пухліна будзе выдалена, тым здаравей людзям, тым лепш для народа.
4 лютага 2011 г.
Зянон ПАЗЬНЯК