ВОБРАЗ ЗМАГАРНАГА І НЯСКОРАНАГА НАРОДА

Шмат хто бачыў часопіс-альманах пад кур'ёзным назовам “ARCHE”, некаторыя нават чыталі яго. Трэба прызнаць, там часам друкаваліся цікавыя і карысныя тэксты. Важна, што выданьне існуе ў беларускай мове. І ўсё ж заўсёды на ім ляжаў шэры цень псэўдаапазыцыйнай грантаўскай залежнасьці і адбітак местачковай багемнасьці.

Мне, як мастацтвазнаўцу, заўсёды дзіўна было глядзець на вокладкі чарговых нумароў выданьня. Безумоўна, рэдакцыя выступала з прэтэнзіяй на лідэрства ў часопіснай справе на ўсю Беларусь, трымалася ў інтэлектуальнай позе. А выявамі на вокладцы “інтэлектуальнага выданьня” амаль заўсёды служылі пастановачныя фотакампазыцыі з халоднатварымі мадэлькамі, якія дэманстравалі модныя строі. Нейкі “журнал мод” ды і ўсё. Узьнікала нават думка, што такі ляп у прэзэнтацыі часопіса можа рабіць толькі група асобаў, зацікаўленая ў тым, каб яго не чыталі, у рукі ня бралі. А як возьмеш у рукі, дык убачыш на яго старонках то акуратна зроблены беларускі пераклад сумнавядомага пазаштатніка КГБ РБ Ганса-Георга Віка, то яшчэ які-небудзь “шэдэўр” антыбеларускай думкі. Увесь час ад гэтага “Архэ” быў прысмак недарэчнасьці і штучнасьці.

Але гэта ўсё эмоцыі (або амаль што), хаця без эмоцый не бывае творчасьці і творчага ўспрыняцьця. Практыка, аднак, падарыла мне магчымасьць больш глыбака пазнаёміцца з “інтэлектуальнай шматпластовасьцю” дзеячаў “Архэ”.

Учора мне патэлефанавалі з рэдакцыі і запрапанавалі аднаразовае супрацоўніцтва. Пачалі з камплімэнтаў, з успаміна пра даўні невялікі артыкул (уласна, зацемку) у нармальнай тады “Літаратуры і мастацтва”. Я напісаў той тэкст з нагоды юбілея Франсіска Гоі, але драму ягонага жыцьця і творчасьці імкнуўся паказаць праз прызму нашай сучаснасьці — на двары быў трывожны 1996 год, калі хунта выпрастоўвалася ў поўны рост і, дамовіўшыся з Масквой, зьбіралася канчаткова растаптаць нашу Дзяржаву. Вельмі актуальна гучаў тады тытул аднаго з цудоўных твораў вялікага іспанца — “Сон розуму нараджае пачвараў”. Артыкул неяк даволі доўга праляжаў у рэдакцыі, я нават забыўся пра яго. І вось калегі-фронтаўцы прынесьлі мне сьвежы нумар “ЛіМ”а. І вось жа знакавае супадзеньне — артыкул пра пачвараў выйшаў 24 лістапада 1996 года, у дзень, калі хунта зьдзейсьніла антыканстытуцыйны пераварот і пачаўся змрочны пэрыяд у нашай гісторыі...

Я падзякваў рэдактару за камплімэнты і пацікавіўся, у якую тэму яны запрашаюць мяне сёньня. “Ведаеце, мы задумалі нумар “Архэ”, прысьвечаны страху. Тэме страха. Вось тут якраз Гоя да месца...”

У мяне рукі і апусьціліся. Я перапытаў, ці самы яны да такога дадумаліся. Кажуць, самы. А мне ня верыцца, бо такое напісана ў вучэбных матэр'ялах і падручніках, якімі карыстаюцца спэцслужбы і структуры прапаганды постсавецкіх рэжымаў. Фронтаўцы бачылі і чыталі гэтыя падручнікі, надрукаваныя ў Маскве і ў акупаваным Менску. Сярод іншага лубянскіх прапагандыстаў і агітатараў ва ўмовах псіхалагічнай вайны вучаць усяляць у душы людзей няўпэўненасьць і трывогу, сеяць пачуцьце безвыходнасьці і страху. Адным словам, падаўляць волю да супраціву гвалту і злу. Ахопленае панічным страхам грамадзтва — мэта такой прапаганды і ідэальны матэр'ял для антынароднага рэжыму. Задумка дзеячаў з “Архэ” цалкам клалася ў рэчышча гэтай панічнай мадэлі. Я адмовіўся супрацоўнічаць на тэму страху.

Крывавая нядзеля 19 сьнежня і наступныя рэпрэсіі паказваюць, што рэжым якраз імкнецца загнаць нашу моладзь і ўвесь народ у стан страху, адчаю і безвыходнасьці. Гвалтаўнікі нахабна прапануюць беларускаму грамадзтву безагаворачную капітуляцыю. Задзейнічаны ня толькі структуры рэжыма, але і структуркі грантаўскай псэўдаапазыцыі, якая радая прыслужыць. Тым больш, што ўчора ў Варшаве герольдам гэтай псэўдаапазыцыі Мілінкевічу, Дранчуку і Вінцуку-малодшаму паабяцалі такія сумы на “барбу за дэмакратыю”, што ад лічбаў у некаторых, відаць, галава закруцілася. І як яны цяпер падзеляць усю гэтую заходнюю гуманітарку? Каб не пачалася раптам маленькая “грамадзянская вайна” ў грантаўскім асяродку.

Тым, хто хацеў бы заняць нашу чытаючую публіку страхам і панікай, я нагадваю, чым яшчэ ўславіўся знакаміты Гоя. Сьвятлом свайго мастацтва ён адкрыў для сваіх сучасьнікаў і для ўсіх наступных пакаленьняў сьвет барацьбы за волю і незалежнасьць, за нацыянальную праўду і нацыянальную культуру. Станоўчыя героі ягоных твораў не скарыліся ворагу і не жывуць страхам. На карціне Гоі непісьменныя сяляне-партызаны на вогнішчы адліваюць кулі для сваіх мушкетаў. Кволая дзяўчына падносіць запал да гарматы, каб страляць па французкіх захопніках. “Якая мужнасьць!” — так называецца гэты аркуш з нізкі “Жахі вайны”. Вобраз змагарнага і няскоранага народа — вось пафас творчасьці Франсіска Гоі. І гэта ёсьць унівэрсальны адказ капітулянтам усіх часоў і народаў.

Валеры Буйвал