“БЯЗДОННЫЯ СТРАЎНІКІ ПРАКЛЁНУ БЕЛАРУСІ”

У сувязі з пабіцьцём людзей 19 сьнежня 2010 года ў Менску і з новай хваляй вынішчэньня і рэпрэсіяў у Беларусі Эўразьвяз, раззлаваны аплявухай ад Лукашэнкі, аб'явіў аб санкцыях супраць рэжыму і аб павелічэньні гуманітарнай дапамогі (субсідыяў) грамадзянскай супольнасьці Беларусі.

Узбудзіліся некаторыя асобы, пачаліся абмеркаваньні і спрэчкі ў Сеціве. Часам у гэтых дыскусіях выказваюцца здаровыя нармальныя думкі, важныя для разуменьня сутнасьці зьявы. Вось што, напрыклад, пішуць некаторыя беларусы пра павелічэньне заходняй грашовай падтрымкі грамадзкім арганізацыям.

ЗП

“Мэдыям, на праграмы ў межах самога Эўразьвязу (лягэры, трэнінгі) я лічыў бы, што даваць — няблага: каб паказаць беларусам, што можна жыць па-іншаму. А вось унутр я б ані капейкі ня даў, бо тут сфармавалася такая моцная групоўка грантасмокаў, што яна за гэтыя грошы задушыць усе парасткі народнага пратэсту, усе спробы нацыянальнага адраджэньня — усіх “канкурэнтаў”, бо змаганьне іхняе — гэта адно змаганьне з “канкурэнтамі” (ужо колькі гадоў).

Яны нідзе не працуюць ужо паўжыцьця, яны папросту не ўяўляюць сабе іншых вытокаў харчаваньня. Таму яны, як ніхто іншы, як ніякі “Лука”, заклапочаныя вечным кансэрваваньнем цяперашняй сытуацыі — вечныя “змагары”! Свае душы яны даўно ўжо прадалі, але ж яны збэшчваюць усё новых актывістаў, якія б маглі рабіць нешта для Бацькаўшчыны, але зблытаныя гэнымі “паважанымі” грантасмокамі, спакушаныя лёгкімі грашыма, уцягваюцца ў бясконцую мітусьню імітацыі і папяровага (заяўка на грант — фальшывая справаздача) “змаганьня”!

Нажаль, болей чым на мэдыі ды на праграмы для людзей, усё пойдзе ў бяздонныя страўнікі гэтага праклёну Беларусі! Лепш бы, мабыць, ані капейкі б не давалі тых д'яблавых грошай! Але ж відавочна, што гэткай жа пароды людзі сядзяць і на размеркаваньні тых грошай у Эўропе, і яны таксама жывуць толькі з гэтага, і яны гэтак жа зацікаўленыя, каб “змаганьне” было бясконцым!

І самае галоўнае — у эўрапейцаў абсалютна іншыя каштоўнасьці, калі казаць пра грамадзкую дзейнасьць. То бок нават ідэальнае выкананьне ўсіх іхніх патрабаваньняў (бяз усялякай карупцыі) ня зьменіць сытуацыю ў Беларусі.

Іхнія першыя пытаньні ў такім выпадку — абарона гомасэксуалістаў, абарона жанчынаў, абарона жывёлаў і г.д. Жыцьцёва важкія для Беларусі пытаньні супрацьдзеяньня генацыду і русіфікацыі, культурніцкае адраджэньне, прапаганда каштоўнасьцяў беларушчыны для іх ня толькі незразумелыя — чужыя! Яны супраць гэтых дзеяньняў, хто з “талерантнасьці” (фу! нацыяналізм! наш шлях — інтэрнацыянал!), хто з асабістых шавіністычных памкненьняў (нашым суседзям, адхапіўшым у нас па добраму кавалку тэрыторыі з кожнага боку, а болей — гісторыі, сто гадоў непатрэбна нацыянальнае адраджэньне беларусаў).

У палітычным сэктары наогул усе патрабаваньні звыклых да дэмакратыі эўрапейцаў да фінансуемай вікаўскай “апазыцыі” год з году ідуць на карысьць Лукашэнку: праўдзівы ўдзел у абсалютна бяссэнсовых “выбарах”, прычым не на выкарыстаньне выбараў для агітацыі, а менавіта ўдзел і легітымізацыя іх. Аб'яднаньні з усялякай брыдотай, каб прыстойнаму чалавеку было няёмка ў бок такіх “аб'яднаных” нават глядзець.

І зьверху гэтага ўсяго — эканамічныя колы Эўропы не зацікаўленыя ў крызісе ў Беларусі (рэвалюцыяў бяз крызісу не бывае!), ня хочуць нават часовага спыненьня прапампоўкі паліва і нафтапрадуктаў, транзыту. Няма асабівага жаданьня й атрымаць моцнага канкурэнта з 10 мільённым больш-менш, а ўсё ж пакуль адукаваным й працавітым насельніцтвам.

Уплыў Расеі на іх таксама ня варта адкідаць — яны ўжо ўнутры Эўразьвязу даць рады ня могуць — у іх вунь прэзыдэнтаў забіваюць, а потым забойцы падпісваюць пагадненьні, якія супярэчаць энэргетычнай бясьпецы Эўропы — і хто што зрабіў? Канцлеры вунь у Газпраме працуюць, Далі Палікарпаўны справа на Лубянцы ляжыць. Няўжо гэта ўсё ніяк на замовах грантадаўцаў не адбіваецца? Вунь Вік адкрыта казаў, што ўсе фінансавыя дакуманты ў менскай філіі Лубянкі візаваліся...

І атрымліваецца, што актыўны чалавек, замест таго, каб асэнсаваўшы сытуацыю зрабіць унёсак у адраджэньне й сапраўднае змаганьне, цягнецца сьледам за эўрапейскімі грантавымі праграмамі (хто за грошы, хто сьледам за “лідарамі”). Калі апошнія год-два эўрапейцы пачалі гуляць непасрэдна з “Лукой” і зьменшылі “паёк” грантасмокам, адразу зьявіліся пра-беларускія настроі ў палітычным, культурніцкім жыцьці, выкінулі некалькіх адыёзных грантасмокаў з палітычнай пляцоўкі. Зара ўсё вернецца на месцы. Ізноў народ будзе паказваць пальцам і казаць “А гэныя што — лепей?!”.

<Korj>

Крыніца: http://www.svaboda.org/content/article/2295502.html