ЗАМЕЖНЫ ДРУК (31.01.2011)

Шклоўскі Ідал

31 студзеня 2011 г. ангельская газэта “Observer” апублікавала карыкатуру: знакаміты Сфінкс у Гізе каля Каіра з тварам Мубарака. Пярэднімі лапамі дыктатар-сфінкс душыць фігуру, на якой напісана: “Рэформы”.

Наш камэнтар: Вельмі часта сучасьнікі шукаюць у зьнешнасьці мясцовых дыктатараў аналогіі з вобразамі даўняга мастацтва. Ёсьць проста ўражальныя зьявы на гэтым шляху прыпадабненьня. У экспазыцыі Нацыянальнага музэя гісторыі і культуры Беларусі ў Менску ёсьць жудасны (таленавіта рэалістычны) драўляны опус паганскага мастацтва 9-га стагоддзя. Называецца ён Шклоўскі Ідал і зьяўляецца зусім не карыкатурным партрэтам цяперашняга ідала (вядома, што дыктатура забараніла рэпрадукаваць гэты археалагічны шэдэўр).

Алесь Хадасевіч


Магічная лічба

31 студзеня 2011 г. летувіская газэта “Lietuvos Rytas” напісала, што ўдзельнікі масавых пратэстаў у Эгіпце запатрабавалі перагляду вынікаў парляманцкіх выбараў, што адбыліся летась у лістападзе-сьнежні. Людзі заяўляюць, што выбары былі сфальшаваныя. На выбарах партыя Мубарака атрымала 80% галасоў. Патрабаваньне пратэстуючых падтрымаў старшыня парляманту краіны Фатхі Сурур. Ён заявіў, што парлямант цяперашняга складу павінен быць распушчаны.

Наш камэнтар: Але любяць усе антынародныя рэжымы і дыктатары магічную лічбу для сваіх “элегантных перамог” — 80%. Салідарны народны пратэст раскрывае ўвесь гнілы фальш крымінальных “выбараў”.

Алесь Хадасевіч


Не выпадковая ўпартасьць?

31 студзеня 2011 г. аўстрыйская газэта “Die Presse” апублікавала артыкул пад тытулам “Бірма: псэўдапарлямант зьбіраецца ўпершыню”. Упершыню праз 22 гады ў Бірме пачаў засядаць парлямант, абраны тры месяцы таму ў выніку зманіпуляваных выбараў. Прадстаўнікі партыі кіруючай ваеннай хунты атрымалі 80% месцаў у псэўдапарляманце.

Наш камэнтар: І тут 80% “элегантнай перамогі” антынароднай хунты! Падобна, што тыраны ўсёй плянэты змовіліся, што да статыстыкі сваіх маніпуляцый. Эўрапейскія газэты называюць вынікі псэўдавыбараў у Бірме псэўдапарлямантам. Трэба, каб яны рабілі тое ж у адносінах да антыбеларускай хунты. Але ж не, нават хунту яны называюць “беларускай” і рэжым у іх “беларускі”. Мусіць не выпадковая такая ўпартасьць?

Алесь Хадасевіч


Ельцынскае апірышча

31 студзеня 2011 г. Славацкая газэта “Pravda” апублікавала інтэрв'ю з былым дарадцам Б. Ельцына Г. Сатаравым. Сатараў лічыць, што маючыя адбыцца на наступным тыдні шырокія ўрачыстасьці з нагоды 80-х угодкаў з дня нараджэньня Ельцына, заплянаваны не выпадкова. Медведев і Пуцін шукаюць апірышча ў постаці і спадчыне Ельцына.

Наш камэнтар: Трэба прызнаць, адказы былога дарадчыка (і сёньняшняга крамлёўскага служакі) нецікавыя. Але цікавы пачатак ягонага выступу пра апірышча сёньняшняга маскоўскага рэжыму. А таксама канец інтэрв'ю, дзе славацкі журналіст задае пытаньне, ці быў Ельцын шчасьлівы на апошнім этапе свайго жыцьця.

Ня важна, што адказаў Сатараў. Але ўсім вядома, што Ельцын жыў шчасьцем кожнага хранічнага алкаголіка — выпіў і шчасьлівы... Актуальны этап крамлёўска-лубянскага гніеньня і распаду сапраўды меў ельцынскае апірышча.

Юрка Марозаў


Рэвалюцыя па-туніску

31 Студзеня 2011 г. польская газэта “Rzeczpospolita” паведаміла, што ў Вене невядомыя цяжка зьбілі блізкага сябра зьвергнутага прэзыдэнта Туніса Бэн Алі, высокага чыноўніка і падпалілі ягоны дом. Аўстрыя заблакавала банкаўскія рахункі дыктатара.

Наш камэнтар: Яшчэ адно ўнівэрсальнае правіла кожнай рэвалюцыі: трэба адразу ізаляваць ад вольнага грамадзтва блізкіх высокапастаўленых сяброў дыктатара, каб пад гарачую руку ім не дасталася дыхту. Разьбірацца зь імі трэба праз суд.

Юрка Марозаў