ЗАМЕЖНЫ ДРУК (30.01.2011)

Здохлая “качка”

30 студзеня 2011 г. італьянская газэта “Corriere della Sera” напісала пра інфармацыю, якую распаўсюдзіла ў Маскве і па ўсім сьвеце ФСБ. Маўляў, 31 сьнежня чэкістам удалося запабегнуць вялікаму тэракту. “Чорная ўдава” (жанчына забітага расейцамі каўказкага мужчыны) зьбіралася пранесьці магутны зарад у “пасе шахіда” на Чырвоную плошчу і там зрабіць выбух. Але калі чэкісты атачылі “удаву”, яе паплечнік націснуў кнопку на сваім мабільным тэлефоне, і яна выбухнула, не дайшоўшы да плошчы. Многія спэцыялісты на Захадзе не паверылі ў гэтую гісторыю. Першым з крытыкай выступілі адмыслоўцы ў амэрыканскай газэце “Daily Telegraph”. Яны нагадалі, што пры выкарыстаньні бомбы, кіруемай па мабільным телефоне, тэрарыст ніколі не ўключае тэлефон да самага моманту тэракта.

Наш камэнтар: Урэшце знайшліся людзі на Захадзе, якія не дазволілі надурыць мільёны людзей у сьвеце лубянскай “качкай”.

Юрка Марозаў


Людзі разумеюць

30 студзеня 2011 г. французкая газэта “Tribune” паведаміла, што эгіпецкі прэзыдэнт Мубарак пад ціскам народных пратэстаў прызначыў віцэ-прэзыдэнтам Амара Сулеймана, які служыў начальнікам службы выведкі. Армейскі генэрал Ахмэд Шафік будзе ўтвараць новы ўрад. Пратэсты працягваюцца, людзі патрабуюць, каб Мубарак сышоў. Дэманстранты не задаволены тым, што Мубарак зрабіў прызначэньні асобаў, якія вызначыліся як ягоныя паслухмяныя паплечнікі.

Наш камэнтар: Людзі добра разумеюць, што нельга пакідаць дыктатуры нават паўзучы варыянт, што дыктатура павінна быць ліквідавана і выдалены ад улады ўсе, хто верна служыў ёй на высокіх пасадах. Гэта ёсьць адзін з унівэрсальных законаў сапраўднай рэвалюцыі.

Алесь Хадасевіч


Важная навіна

30 студзеня 2011 г. летувіская газэта “Lietuvos Rytas” паведаміла, што кандыдат на прэзыдэнта Уладзімер Някляеў быў вывезены з ізалятара КГБ у сваю кватэру.

Наш камэнтар: Урэшце стала вядома, што паэт жывы. Лукашэнка пачаў гандаль. Далі вынік міжнародныя пратэсты — пакінуў турму адзіны з кандыдатаў, хто імкнуўся не дапусьціць рэжымнай правакацыі 19 сьнежня.

Алесь Хадасевіч


Па сьлядах Лукашэнкі

30 студзеня 2011 г. латвійская газэта “Neatkariga Rita Avize” пісала пра пачатак ліквідацыі шапікаў у Маскве. Адміністрацыя Масквы ліквідуе шапікі, якія актыўна гандлююць рознымі таварамі каля прыпынкаў грамадзкага транспарта. Спэцыялісты папярэджваюць мэрыю Масквы і грамадзтва, што будуць ліквідаваныя тысячы працоўных месцаў і нанесены вялікія фінансавыя страты бюджэту сталіцы.

Наш камэнтар: У Расеі начальства рэалізуе чарговы экспэрымэнт над бізнэсам, які прайшоў лабараторную праверку ў Беларусі. У нас колькі гадоў таму таксама былі ліквідаваны ўсе прыватныя шапікі на прыпынках, якія апэратыўна забясьпечвалі грамадзянаў многімі неабходнымі таварамі і прадуктамі харчаваньня. Ліквідавалі іх (чым абцяжарылі жыцьцё грамадзянам), каб яны не стваралі канкурэнцыі супэрмаркетам, якія кантралююцца дзяржаўна-мафійнымі структурамі, вялікімі карпарацыямі. Як бачым, у Маскве таксама адбываецца разгром дробнага бізнэса.

Алесь Хадасевіч


Нічога сьвятога

30 студзеня 2011 г. румынская газэта “Evenimentul Zilei” паведаміла, што ў Санкт-Пецярбурзе былі канфіскаваны міліцыяй тры тоны касьцей маманта і арыштавана банда, якая займалася падпольным экспартам гэтага тавара з Сібіры на Захад.

Наш камэнтар: Дорогіе россіяне вывозяць з краіны ўсё, гатовыя прадаць любыя нацыянальныя багацьці, любыя сьвятыні. Гэты працэс дэмаралізацыі пачаўся даўно. Так, у сярэдзіне 1970-х гадоў па расейскай правінцыі падарожнічаў чэхаславацкі цырк-шапіто. Стала вядома, што чэхаславакі раздаюць жуйкі і яркія карцінкі. Спачатку да іх пабеглі малыя дзеці і падлеткі, мянялі на жуйкі сярэбраныя лыжкі з сямейных шуфлядаў, прадзедавы георгіеўскія крыжы і г.д. Да іх у хуткім часе падключылася дарослае насельніцтва з фамільнымі абразамі (гэтая ўжо, праўда, хацелі атрымаць хаця б некалькі даляраў). Адным словам, “святая Русь”...

Юрка Марозаў


Найвышэйшая каштоўнасьць

30 студзеня 2011 г. чэшская газэта “Lidove Noviny” паведаміла, што на рэфэрэндуме ў Паўднёвым Судане за незалежнасьць сваёй радзімы прагаласавала каля 99% насельніцтва.

Наш камэнтар: Народ заваяваў савю незалежнасьць у 30-гадовай вайне супраць хартумскай тыраніі. Людзі навучыліся цаніць найвышэйшую каштоўнасьць — сваю незалежную дзяржаву.

Алесь Хадасевіч


Чума лібэралізму

30 студзеня 2011 г. дацкая газэта “Information” напісала пра масавыя ўцёкі хрысьціянскага і габрэйскага насельніцтва з гета, дзе жывуць імігранты з мусульманскіх краін і іхныя нашчадкі. Гэта адбываецца ва ўсіх гарадах Даніі. Спэцыялісты і ўлады бьюць трывогу. Яны баяцца, што гэтыя гета стануць бастыёнамі, варожымі для эўрапейскай дзяржавы.

Наш камэнтар: Дацкія хрысьціяне і габрэі ня могуць жыць разам з экзотамі, якія запоўнілі сабой дацкія гарады. Яны ўцякаюць. Прычым робяць гэта не на чужой, а на сваёй зямлі, у сваёй дзяржаве. Прыток у эўрапейскія краіны экзатычных чужынцаў чужой і агрэсіўнай мэнтальнасьці працягваецца. На поўным сур'ёзе выкарыстоўваецца слова “гета”. Кашмарныя вынікі лібэралізма-сацыялізма. Затое ўсё ў адпаведнасьці з “правамі чалавека”...

Алесь Хадасевіч


Сымвалы светызму

30 студзеня 2011 г. польская газэта “Rzeczpospolita” апублікавала артыкул пад тытулам “Дэмантаваць савецкія помнікі?” Йдзецца аб помніках савецкай эпохі ў розных постсавецкіх краінах, большасьць зь якіх ня маюць эстэтычнай вартасьці і людзі лічаць іх помнікамі акупантам. Калі на пасаду заступіў прэзыдэнт Януковіч, то ён адразу заявіў, што не дазволіць дэмантаваць савецкія помнікі. Газэта цытуе ўкраінскага гісторыка Станіслава Фэдарчука: “Для ўсіх прарасейскіх структураў ва Украіне помнікі, што ўвекавечваюць савецкія часы, зьяўляюцца крыніцай натхненьня і мараў аб вяртаньні той эпохі. Справу дэмантажу савецкіх манумэнтаў у краінах, што некалі належалі да Савецкага Саюза, Крэмль трактуе як замах на сымвалы яго панаваньня”.

Наш камэнтар: Тое ж постсавецкае становішча мы назіраем пад прамаскоўскім рэжымам у Беларусі. Але таксама і ў асяродку псэўдаапазыцыі. Адным з кур'ёзных эпізодаў Крывавай нядзелі 19 сьнежня быў наступны. Калі дзесяткі тысячаў дэманстрантаў прышлі за папамі-гапонамі на плошчу Незалежнасьці, яны ня ведалі спачатку, што рабіць. Раптам з-пад помніка Леніну да іх зьвярнуўся з русскоязычной прамовай таварыш Калякін, шматгадовы генсек кампартыі РБ: “Товарішчі, выборы сфальсіфіцірованы...” Многія людзі, ўбачыўшы гэта, гукнулі: “Чорт бы вас пабраў, усё, як пры камуняках...” Яны адвярнуліся ад ленініста і пайшлі прэч з плошчы, дзе правакатары ужо разгортвалі сваю правакацыю, якая скончылася вялікай крывёй.

Юрка Марозаў