АГЛЯД ЗАМЕЖНАГА ДРУКУ (27–29.I.2011)

Сустрэўся з агентурай і напісаў

29 студзеня 2011 г. Нямецкая газэта “Die Welt” напісала пра Беларусь. Пасьля пасажаў пра інаўгурацыю Лукашэнкі журналіст перайшоў да апазыцыі. Ён сустрэўся ў кавярні з Дзімітрыевым, а потым у іншым месцы з Раманчуком. Першы “гаворыць рэзка, коратка і хутка, бо мусіць зважаць на агентаў”. Другі разважае пра эканоміку і санкцыі супраць рэжыму. Раманчука журналіст называе “адным з найбольш выразных кандыдатаў”.

Самае цікавае ў артыкуле — у фінальным пасажы. Цытуем: “За Лукашэнкам стаіць шмат людзей — і Крэмль. Лукашэнка можа абапірацца на шматлікіх падтрымшчыкаў сярод насельніцтва. Многія стаяць за яго, бо ён забясьпечвае гаспадарчую стабільнасьць. Жыцьцёвы ўзровень у Беларусі крыху вышэй за суседнія краіны Расею і Украіну. Грошы перш за ўсё цякуць з Расеі. Суседняя краіна зьяўляецца важнейшым экспартным рынкам для беларускіх прадуктаў. На працягу гадоў Масква забясьпечвала Беларусь сыравінай па сяброўскіх коштах. Але гэтаму сяброўству ў 2009 годзе настаў канец. Лукашэнка пасварыўся з Крамлём...”

Наш камэнтар: Далей цытаваць гэтую фальшывую жуйку не стае моцы. Цікава, можа пра гэта распавялі нямецкаму гастралёру ад газэты раскрытыя правакатары Дзімітрыеў і Раманчук, якія вызначыліся здрадай сваіх паплечнікаў ужо на наступны дзень пасьля Крывавай нядзелі 19 сьнежня? Калі так, то мабыць часткова. Бо гэтую страву пра Беларусь “на ўтрыманьні сяброўскай Масквы” менская псэўдаапазыцыя паўтарае на працягу шэрагу гадоў.

Ідэнтычнасьць гэтых выказваньняў і “аргумантаў” з тым, што агучвае на працягу гадоў заходняя лібэральная публіка, сьведчыць пра тое, што ўсё яно разьліта з адной бочкі і рэцэпт узгоднены ў рамках антыбеларускіх памкненьняў восі Масква-Берлін-Брусэль. Не выпадкова нямецкі журналіст залівае ў вушы нямецкім чытачам пра дзімітрыевых-раманчукоў (што гэта, ён ня мог сустрэцца з кім-небудзь з змагарных маладых і сапраўдных патрыётаў?) ды пра “стабільную гаспадарку пад Лукашэкам, які мае народную падтрымку”. Фантастычнае жульніцтва.

Юрка Марозаў


Забойцы народа павінны быць пакараныя

28 студзеня 2011 г. Ангельская газэта “Independent” паведаміла, што ў Ерусаліме адбылася сустрэча праз 50 гадоў пасьля падзеяў. Сабраліся разам людзі, што бралі ўдзел у захопе нацыстоўскага злачынца Адольфа Эйхмана, у сьледстве і судзе над ім (аднаго з галоўных арганізатараў Галакоста). Сустрэча адбылася ў той судовай зале, дзе ў 1961 годзе адбыўся суд над злачынцам, якога спэцслужбы Ізраіля расшукалі і арыштавалі ў Аргенціне.

Наш камэнтар: Пазьней у самым Ізраілі вяліся дыскусіі наконт таго, ці варта было выдаткоўваць столькі сродкаў і намаганьняў, каб злавіць і пасадзіць на лаву падсудных некалькіх паасобных гітлерскіх злачынцаў. Але чым больш мінае гадоў, тым больш усяму сьвету становіцца зразумелым: забойцы народаў павінны быць знойдзены і пакараны. Не схаваюцца ад адказнасьці і зьнішчальнікі беларускага народу, нават калі яны залезуць у самую глыбокую расейскую пячору.

Юрка Марозаў


Зноў ў ганебным сьпісе

27 студзеня 2011 г. Польская газэта “Rzeczpospolita” апублікавала артыкул пад тытулам “Дзе найбольш пакутуюць хрысьціяне”. Вызнаўцаў Хрыста перасьледуюць у 40 краінах, як паведамляецца ў справаздачы міжнароднай арганізацыі “Дапамога Царкве ў Цяжкасьцях”. Найгоршая сытуацыя склалася ў ісламскіх краінах: Іраку, Пакістане, Эгіпце, Судане. “У Іраку адбываецца поўнае зьнішчэньне, аб якім папярэдзілі мусульманскія фундамэнталісты”, гаворыцца ў справаздачы. Акрамя ісламскіх краін, у справаздачы пазначаны некалькі немусульманскіх краін, у тым ліку Беларусь, Кітай, Індыя, Паўночная Карэя, Куба, Бірма...

Наш камэнтар: Зноў наша краіна патрапіла ў ганебны сьпіс разам з іншымі краінамі, дзе пануюць сатанінскія дыктатуры або масавыя антыхрысьціянскія настроі. Здавалася б, а ў чым справа? У нашай краіне трыюмфальна дзейнічае РПЦ, ёсьць нават мясцовы “патрыярх” Філарэт, які публічна карыстаецца словазлучэньнем “Белорусская православная церковь”.

Мяркуем, што аўтары справаздачы што да Беларусі абапіраліся на зьвесткі з псэўдаапазыцыйнага асяродка, распаўсюджаныя потым на Захадзе лібэральнымі коламі. А менавіта пісалі пра праблемы, якія ўзьніклі ў русскоязычной пратэстанцкай абшчыне “Новая жізнь” (якая чамусьці падавалася як “царква “Новае жыцьцё” на хвалях Радыё Свабода і іншых СМІ). Уся гэтая спэкуляцыя з “Новой жізнью” вельмі нагадвае спэкуляцыю Філарэта з “Белорусской церковью”. Усё гэта прафанацыя: пад маскоўскай РПЦ ня можа быць ані беларускай, ані іншай Царквы — у іх усё рускае.

Аўтарам справаздачы трэба было б зьвярнуць увагу на парушэньне права бальшыні вернікаў Беларусі — права маліцца на роднай мове у сваіх храмах. Тое, што парушэньне адбываецца не “само сабой”, а ў выніку дзеяньняў акупацыйнага прамаскоўскага рэжыму, сьведчыць разгром спэцслужбамі рэжыму спробаў арганізаваць у Беларусі некалькі прыходаў Беларускай Аўтакефальнай Праваслаўнай Царквы.

Алесь Хадасевіч


“Народы вядуць змаганьне за волю”

28 cтудзеня 2011 г. Нарвэжская газэта “Dagbladet” напісала, што забойства паліцыяй 22-гадовага дэманстранта Магамэда Атэфа ўзрушыла ўвесь Эгіпет. Ужо колькі дзён тысячы людзей дэманструюць на вуліцах эгіпецкіх гарадоў, патрабуючы адстаўкі прэзыдэнта Мубарака, які амаль 30 гадоў кіруе краінай. Беспрацоўе, сацыяльная несправядлівасьць і карупцыя выклікаюць нязгоду народа. На фота і відэа-здымках бачна, як пасьля стрэлу падае і памірае юнак Магамэд. Ужо праз некалькі гадзін гэтыя кадры разышліся па ўсёй краіне і выклікалі вялікую салідарнасьць людзей з моладзю, якая б'ецца супраць паліцыі і спэцчастак рэжыму. Аналітыкі прадказваюць, што гэтае забойства можа прывесьці да сацыяльнага выбуху ў краіне.

Наш камэнтар: Стомленыя маразмам дыктатуры, народы вядуць змаганьне за волю. Паўсюль у авангардзе змагарная моладзь. І жорсткія рэпрэсіі дыктатуры выклікаюць у людзей-змагароў ня страх, а пачуцьцё нацыянальнай і чалавечай салідарнасьці. Да змагароў далучаюцца сотні тысячаў людзей.

Алесь Хадасевіч


“Думаючы пра будучыню”

28 студзеня 2011 г. Французкая газэта “Le Figaro” апублікавала артыкул пад тытулам “Тунісцы імкнуцца выратаваць сваю рэвалюцыю”. У краіне працягваюцца масавыя дэманстрацыі з патрабаваньнем выдаліць ад улады ўсіх, хто быў з дыктатарам. З часовага ўраду ўжо выдалілі трох міністраў, якія ўваходзілі ў блізкае кола былога прэзыдэнта.

Наш камэнтар: Вельмі выразная фармулёўка — выратаваць рэвалюцыю. Беларусы ўжо маюць адмоўны досьвед, калі пасьля народнай перамогі ў жніўні 1991 года незалежнай Беларусьсю авалодала кіруемая Масквой камарыльля. Тады не было сілы зь ёй справіцца, бо савецкае грамадзтва згадзілася з такой уладай (гэтак жа, як пазьней з Лукашэнкам). Думаючы пра будучыню, нельга дапускаць такога становішча. Антыбеларуская хунта павінна быць с коранем выдалена з нашага дзяржаўнага жыцьця.

Юрка Марозаў


“Начытаўся Талстога”

29 студзеня 2011 г. Іспанская газэта “El Mundo” пісала пра расейскую літаратуру ў Іспаніі. Апошнімі гадамі там былі выдадзены творы расейскай класікі ў новых перакладах, зробленых з арыгінала. Але іспанскі чытач практычна ня мае выданьняў сучаснай расейскай літаратуры, па-за некалькімі імёнамі: Акуніна, Сарокіна і Пялевіна. Спэцыялісты адзначаюць, што ў Іспаніі русістыка на кафэдрах унівэрсітэтаў стала арганізоўвацца даволі нядаўна і квола. Спасылаюцца таксама на тое, што “сучасная расейская літаратура ёсьць складаная”.

Наш камэнтар: Яны ўсё занятыя “таямнічай рускай душой”, спакою сябе не знаходзяць. Той факт, што іспанцы практычна ня ведаюць літаратуру, мастацтва, культуру ў цэлым вызваленых ад расейскай імпэрыі народаў, іх не хвалюе. Беларускі рэалізм, латышская лірыка, украінскі рамантызм — усё гэта для іх застаецца абсалютна невядомым. А гэта ж вялікія эўрапейскія культуры, не якая-небудзь трапічная экзотыка ў вусным існаваньні.

Прыгадваю эпізод на вэрнісажы ў Менску летась. У Палацы мастацтва адкрывалі вялікую выставу, прысьвечаную 600-годдзю Грунвальдскай перамогі. Перад творамі і гледачамі выйшлі нашы выканаўцы ў старажытных строях, зайгралі на старажытных інструмэнтах і засьпявалі беларускія рэнэсансавыя канты. У мяне за плячыма стаяла групка малыдах іспанцаў (можа каталонцаў). Адзін зь іх ня вытрымаў і гукнуў: “Дык гэта ж усё, як у нас: і музыка, і сьпевы, і строі! А мы думалі тут будуць балалайкі і шаравары!” Вось такі станоўчы стрэс іспанца, што начытаўся Талстога ды прыехаў у краіну эўрапейскай і адначасова незнаёмай яму культуры.

Валеры Буйвал