ЛУКАШЫЗМ НЕНАВІДЗІЦЬ БЕЛАРУСКУЮ МОЛАДЗЬ
Беларускае грамадзтва працягвае асэнсоўваць падзеі 19 сьнежня (Крывавую нядзелю). Гэта зусім натуральна: асэнсаваньне падзеяў, якія адбываюцца ў Беларусі, працягваецца і на міжнародным узроўні. Толькі яшчэ ня ўсе зразумелі, што адбыўся “другі падпал Райхстагу”.
Набыткам грамадзкай сьведамасьці становяцца ўсё больш дзікія факты фашыстоўскага тэрору, разгорнутага антыбеларускім рэжымам на акупаванай зямлі. Стала вядома, што паліцэйшчына рэжыму атакавала на плошчы Незалежнасьці ў Менску ня толькі мірных дэманстрантаў, але і замежных дыпляматаў, якія назіралі за падзеямі і шчыльнай групай стаялі паасобку. Быў сур'ёзна паранены амбасадар Угоршчыны ў Беларусі Фэрэнц Контра (ён мусіў прайсьці курс лячэньня ў шпіталі), пацярпеў амбасадар Летувы Эдмінас Багдонас. Рэжым перайшоў усе магчымыя рамкі: чалавечнасьці, маралі, беларускіх і міжнародных законаў. Гэта ёсьць крымінальны рэжым.
Факты (якіх з кожным днём зьбіраецца ўсё больш) дэманструюць, што паліцэйшчына і гэбоўшчына дзейнічалі не “паддаўшыся эмоцыям” або стыхійна. Рэпрэсіі супраць беларускага грамадзтва былі падрыхтаваны, рэпрэсіўныя сілы дзейнічалі паводле рацыянальнага пляну. Асноўнай мэтай гэтага злачыннага пляну было пасеяць страх і паніку ў беларускім грамадзтве, паказаць “непераможнасьць” дыктатуры, якая “ня спыніцца ні перад чым”.
У абцугі рэпрэсіяў патрапіла шмат людзей, якія традыцыйна трымаліся як мага далей ад сацыяльна-палітычнай дзейнасьці, абмяжоўваліся фармальнай законапаслухмянасьцю і “нікуды ня ўлазілі”. Гэтыя лаяльныя грамадзяне былі ўпэўнены, што зь імі “нічога ня здарыцца” — яны ж паслухмяныя і ня робяць рэжыму шкоды. Але рэжым паказаў, што яму якраз і патрэбная менавіта такая асабістая пазыцыя грамадзянаў. Яму (рэжыму) лягчэй прыніжаць, таптаць і ліквідаваць менавіта такіх людзей, якія “нікуды ня ўлазяць” і выключылі сябе з нацыянальнай і сацыяльна-палітычнай салідарнасьці.
Некалькі прыватных аўтамабіляў праязджалі 19 сьнежня па плошчы Незалежнасьці, калі там яшчэ толькі пачыналася тэрарыстычная акцыя рэжыму. Грамадзяне ехалі па сваіх справах. Насупраць будынка Галоўпаштамта іх брутальна спынілі амоны, разьбілі дубінкамі шыбы ў аўтамабілях, выцягнулі пасажыраў з машын і павалаклі “на суд” і ў арышт. Грамадзяне як заўсёды тлумачыліся, што “яны ні пры чым”, “політікой не інтересуются”, і крычалі свой ужо амаль генетычны курапацкі вокліч — “За што?!” Калі іх прывозілі ў засьценкі на Акрэсьціна, дзяжурныя афіцэры рэгістравалі і накіроўвалі іх у камэры, але пры гэтым крычалі на малодшых чыноў: “Что вы мне всё старьё привозите?! Был ясный приказ — брать молодых. Делайте, что хотите. И чтоб было выполнено...”
Зьвяругі кінуліся выконваць загад вышэйшага начальства рэжыму. Паліцэйскія аўтобусы і аўтазакі пасьля расправы зь людзьмі на плошчы накіраваліся ў розныя раёны сталіцы, прычым у тыя месцы, дзе звычайна ў нядзельныя вечары зьбіралася адпачываць (“патусавацца”) моладзь. Гэта таксама ў асноўным незаангажаваныя ў палітыку маладыя людзі, многім зь якіх “усё да лямпачкі”, “мне і так хорошо” і т.п. Яны не пасьпелі скеміць, што адбываецца зь іхняй тусоўкай, а з аўтазакаў ужо вылятала паліцэйшчына і наладжвала хапун. Потым на працягу 10-15 сутак яны праходзілі першы курс “рэвалюцыйнага ўнівэрсітэта” за кратамі на Акрэсьціна і ў іншых месцах.
Так дзейнічалі супраць нашага народу НКВД і гестапа, спэцслужбы акупацыйных рэжымаў. Гэтым злачынным структурам было важна выканаць загад па статыстыцы, таму яны часта хапалі на вуліцах выпадковых людзей, каб запоўніць пустыя турэмныя камэры і турэмныя вагоны.
Паўстае пытаньне, чаму лукашыстоўскі рэжым накіраваў свой удар менавіта супраць беларускай моладзі? Маскоўскія і мясцовыя “аналітыкі” ад Лубянкі вельмі добра зразумелі, што беларуская моладзь у сваёй бальшыні не прызнае нудную, непрывабную і дурную калгасную дыктатуру. У адрозьненьні ад сваіх бацькоў, гэтыя хлопцы і дзяўчаты ніколі не жылі ў Савецкім Саюзе і ня маюць настальгіі да гэтай сістэмы. Яны хочуць жыць інакш. Аказалася, што БРСМ, студэнцкія атрады і іншыя навязаныя рэжымам хітрыкі не спрацавалі. Моладзь не прымае душой гэты постсавецкі маразм. Тады рэжым паводле загаду з Масквы вырашыў пераламаць моладзь, здушыць яе супраціў на самым пачатку — ня даць выпрастацца маладым.
Гэта палітыка беспэрспэктыўная, але яна можа нанесьці вялікую шкоду нашай нацыі. Гэтай злачыннай палітыцы мы, — усе пакаленьні беларусаў, — павінны салідарна супраціўляцца. Ёсьць канкрэтнае выйсьце для маладых — далучацца да Руху за новыя выбары без Лукашэнкі.
Юрка Марозаў