ЛУКАШЭНКА № 2. ПІЯНТКОЎСКІ: ДВАНАЦЦАЦЬ ПУЦІНА

Дванаццаць гадоў таму краіне, узрушанай выбухамі ў Маскве, Валгадонску і “вучэньнямі” у Разані, прад'явілі нягеглага чыноўніка як яе Збаўцу.

Жаночая душа Расеі даверліва пацягнулася да прыблатнёнага дрэздэнскага маёра, які паабяцаў замачыць усіх яе ворагаў у сарціры.

Дбайныя рукі самых адпетых мярзотнікаў, “поураганівшіх” у 90-я, — валошыных і абрамовічаў, юмашавых і беразоўскіх, — далікатна пасадзілі яго на крамлёўскія галеры. Ён так адчайна ў іх учапіўся, што цяпер ужо, падобна, яго ніколі ня ўдасца ад іх адцягнуць.

Кожная новая трагедыя, здавалася б, ў каторы раз за гэтыя 12 гадоў дэманструе, што кароль голы, і абарочваецца праз магічную зомбіскрыню ягонымі новымі заклікамі, абяцаньнямі, пагрозамі і новымі ўладарнымі паўнамоцтвамі.

Так было пасьля “Норд-Оста”. Так было пасьля Беслана. Так адбудзецца і гэтым разам.

Ва ўчорашняй трагедыі ў Дамадзедава шмат змрочнай сымволікі. Мала хто памятае дакладна словы, сказаныя Збаўцам нацыі ў ягоны зорны сарцірны час:

“Мы будзем перасьледваць тэрарыстаў паўсюль. У аэрапорце — у аэрапорце. Значыць, вы ўжо мяне прабачце, у прыбіральні зловім, мы і ў сарціры іх замочым, урэшце рэшт. Усё, пытаньне закрытае канчаткова”.

Перачытайце ўважліва бессьмяротную фразу, сказаную амаль 12 гадоў таму. Сёньня гэты суб'ект настойліва патрабуе даць яму права абараняць нас у аэрапортах яшчэ доўгіх 12 гадоў.

Ах, так, у нас ёсьць яшчэ вярхоўны галоўнакамандуючы, і мардадзелы ўжо навучылі яго напружана хмурыць броўкі пад дзядзю Валодзю.

Ён абавязкава зноў заклікае “зьнішчаць ушчэнт” і караць усіх, нават “тых, хто прае бялізну і гатуе суп для тэрарыстаў”. Цудоўна ведаючы норавы нашых ханты-мансійскіх барацьбітоў з тэрарызмам, што выязджаюць на Каўказ як на заробкі, і Збаўца і прастолаблюсціцель ня могуць не разумець, што адзіным вынікам іхных тэлевізійных заклікаў будзе значны рост колькасьці пазасудовых пакараньняў сьмерцю людзей, якія ня маюць ніякіх адносінаў да баевікоў, і расправаў з сем'ямі падазраваных.

А гэта, у сваю чаргу, папоўніць шэрагі сьмяротнікаў і прывядзе да новых тэрактаў на тэрыторыі Расеі, якім нашы славутыя службы зноў ня здолеюць запабегчы.

P.S. Гаспада парцянкі, не намагайцеся “абурацца” тым, што аўтар “не асудзіў” тэрарыстаў і “ня выказаў” спачуваньня ахвярам трагедыі. Мы ўсе, уключна з аўтарам, зьяўляемся ўчорашнімі, сёньняшнімі або заўтрашнімі ахвярамі тэрарыстаў і Барацьбіта з тэрорам, які падрадзіўся на чвэрць стагоддзя.

У сакавіку летась мая дачка і ўнук па дарозе ў школу вышлі з мятро “Парк культуры” за пяць хвілінаў да выбуха.

Андрэй Піянткоўскі

Артыкул вядомага расейскага аналітыка Андрэя Піянткоўскага апублікаваны ў маскоўскім інтэрнэт-выданьні Грані.Ру.
Крыніца: http://grani.ru/opinion/piontkovky/m.185643.html

Пераклад з расейскай В. Буйвала