ЗАМЕЖНЫ ДРУК (23–25.I.2011)
Не расслабляцца
23 студзеня 2011 г. Дацкая газэта “Information” апублікавала артыкул Бэнгта Віна Нільсэна пра посткамуністычную Эўропу. Навуковец напісаў: “Адзіныя, хто сапраўды аплакваюць падзеньне Мура, гэта зацятыя антыкамуністы. Ім бракуе ворага. Ён быў увасабленьнем сэнсу жыцьця”.
Наш камэнтар: Адчуваецца ў разважаньнях заходняга навукоўца пэўная іронія. Маўляў, Берлінскі Мур упаў, можна жыць спакойна, толькі антыкамуністы не супакойваюцца. Ёсьць катэгорыя навукоўцаў, якія так нічога і не зразумелі. У Эўропе застаецца монстр, які хаця фармальна і здаў свой камунізм у архіў, але застаўся сьмяротнай небясьпекай для народаў і цывілізацый — расейская імпэрыя. Мы б раілі заходнікам не расслабляцца пасьля дэмантажу адной загароджы ў адным эўрапейскім горадзе.
Алесь Хадасевіч
І дыпляматы паверылі
24 студзеня 2011 г. Польская газэта “Rzeczpospolita” апублікавала артыкул пад тытулам “Беларусь: напад на дыплямата”. Газэта пераказвае зьвесткі з дыпляматычных колаў аб тым, што падчас паліцэйскага разгону мірнай дэманстрацыі 19 сьнежня 2010 г. міліцыя напала на амбасадара Угоршчыны ў Беларусі Фэрэнца Контру. Контра вызначаўся сярод дыпляматаў тым, што заўсёды казаў, што думаў. Пасьля зьбіцьця ў Контры доўга балела галава і былі праблемы са зрокам. Ён лячыўся ў шпіталі. Быў зьбіты таксама сакратар амбасады Угоршчыны і падзьвергся нападу амбасадар Летувы Эдмінас Багдонас. Афіцыйных заяваў на гэтую тэму ад МЗС Угоршчыны не паступала. Як мяркуе палітолаг з Будапэшта Золт Эньедзі, Угоршчына ня хоча распачынаць з гэтай справы сваё старшынства ў Эўразьвязе. Таксама ёсьць нюанс: Угоршчына павінна была б распачаць рассьледваньне інцыдэнта ў рамках адмысловай камісіі, але бок РБ мог бы заявіць, што дыпляматы ня мелі права ўдзельнічаць у акцыі апазыцыі. Незалежныя палітолагі Падгол і Карбалевіч адназначна заяўляюць, што нападу на дыплямата не было.
Наш камэнтар: Падобна, што і дыпляматы паверылі завярэньням некаторых з “кандыдатаў”, што “праз некалькі дзён Беларусь стане дэмакратычнай і вольнай”, і далучыліся да папоў-гапонаў. Рэжым ні з кім не цырымоніўся. Цікавая таксама роля падголаў-карбалевічаў у стылі правальшчыка Дзімітрыева: “Міліція не віновата...”
Юрка Марозаў
“Заадно і месца ў музэях вызваліцца”
24 студзеня 2011 г. Аўстрыйская газэта “Der Standard” піша пра афіцыйнае патрабаваньне ўладаў Эгіпту вярнуць у Эгіпет шэдэўр старажытна-эгіпецкага мастацтва бюст царыцы Нафрэт, створаны 3500 гадоў таму. Бюст быў знойдзены нямецкім археолагам Людвігам Борхардтам у 1912 г. падчас раскопак у Тэль-аль-Амарне. Лічыцца, што немцу ўдалося падмануць эгіпецкіх чыноўнікаў, прадставіўшы ім бюст, аблеплены сьмецьем. Бюст Нафрэт стаў адным з шэдэўраў збораў прускага музэю ў Берліне. Немцы дагэтуль адмаўляюцца, што падманулі эгіпцян.
Наш камэнтар: Настане час і ўлады вызваленай ад унутраннай акупацыі Беларусі запатрабуюць у Масквы вяртаньне тысячаў нашых культурных каштоўнасьцяў, скрадзеных расейскімі захопнікамі на розных этапах нашай гісторыі. Можна запрапанаваць ім абмяняць нашы шэдэўры на трэцьцягатункавы іхны тавар, які захоўваецца ў некаторых нашых музэях: аднатыпныя партрэты, салонныя і акадэмічныя опусы, леніны-сталіны, якія савецкія ўлады прымушалі за грошы беларускага народу купляць у Расеі. Заадно і месца ў музэях вызваліцца.
Алесь Хадасевіч
Хуткія журналісты
24 студзеня 2011 г. Славацкая газэта “Novy Cas” пісала пра тэракт у маскоўскім аэрапорце “Дамадзедава”. У непасрэднай блізкасьці ад выбуха апынуліся некалькі славацкіх актораў, якія прыляцелі ў Маскву і зьбіраліся жыць у гатэлі на Чырвонай плошчы. Зузана Фіалава была паранена. Вядомы актор Любаш Кастэльні не пацярпеў. Рэдакцыя газэты спрабавала зьвязацца зь ім адразу пасьля атрыманьня паведамленьня пра выбух у Маскве. Але пэўны час сувязь была адключана. Журналісты паразмаўлялі зь Кастэльнім, калі яго везьлі ў машыне ў амбасаду Славакіі ў Маскве. Ён ня ведае, ці ягоная група застанецца ў Маскве, як было заплянавана.
Наш камэнтар: Так дзейнічае сапраўдная нацыянальная журналістыка: клапоціцца і паведамляе грамадзтву пра лёсы суайчыньнікаў у чужой краіне. І робіць гэта праз некалькі хвілінаў пасьля драматычных падзеяў.
Алесь Хадасевіч
“Салідарнасьць маскоўскіх таксістаў”.
24 студзеня 2011 г. Чэшская газэта “Lidove Noviny” напісала, што пасьля выбуху ў Дамадзедаве маскоўскія таксісты ў некалькі разоў павысілі кошты на праезд да Масквы. Людзі праклінаюць іх. Мэр Масквы Сабянін загадаў, каб наступны пасьля тэракта дзень электрычкі ў Дамадзедава хадзілі бясплатна, і паабяцаў, што сваякоў ахвяр і пацярпелых паселяць у Маскве бясплатна.
Наш камэнтар: Вось такая “салідарнасьць рускіх таксістаў”. Невядома яшчэ, чым скончацца абяцаньні мэра Сабяніна. Мільёны людзей кажуць у Расеі: што ж, пачынаецца пэрыяд выбарчай кампаніі, кантора ня можа без выбухаў. Усе заўважылі таксама, як сьвеціцца радасьцю фізіяномія Пуціна.
Юрка Марозаў
Вурдалакі ўжо на Украіне
25 студзеня 2011 г. Польская газэта “Gazeta Wyborcza” напісала пра публічныя выступы ў Кіеве маскоўскага кінарэжысёра Нікіты Міхалкова. Міхалкоў сказаў, што “Расея і Украіна — гэта не якая ні Эўропа, а адзін русскій мір”, што гэта ёсьць адзін народ, адна кроў і яны аб'яднаюцца праз 10 гадоў.
Наш камэнтар: За такія заяўкі з дэмакратычнай дзяржавы асобу выдаляюць адкуль прыехаў праз некалькі гадзінаў. Але цяпер ва Украіне прамаскоўскі рэжым, вось і пачалі вылазіць на сьвятло розныя вурдалакі.
Алесь Хадасевіч
Прадэманстравалі “прынцыповасьць” на безабароннай
25 студзеня 2011 г. Бэльгійская газэта “De Standaard” паведаміла, што нарвэжскія ўлады выдалілі з краіны ў Расею 25-гадовую Надзіну Саламаву. У 2002 годзе яна патрапіла ў Нарвэгію з Паўночнай Асэціі разам з бацькамі, якія хаваліся ад перасьледу мафіі. Дзяўчына закончыла ўнівэрсітэт у г. Транхэйме, была вельмі актыўнай у сацыяльным жыцьці. Апублікавала кнігу пра жыцьцё нелегальных імігрантаў, нават атрымала прэмію “Нарвэжка года”. Аднак, нарвэжскія ўлады вырашылі прадэманстраваць, што нельга жыць па падробленых дакумэнтах, затрымалі і выдалілі дзяўчыну ў Расею.
Наш камэнтар: Добра, што самалёт з Надзінай Саламавай прыляцеў не ў Дамадзедава... Фармальна ўлады Нарвэгіі мелі рацыю. Але яны напэўна “ня ведаюць”, што ў краіне атабарыліся і камфортна пачуваюцца дзесяткі тысячаў розных прыблудаў і крымінальнікаў. Што там ужо колькі гадоў “пішуць мэмуары” некалькі афіцэраў і агентаў КГБ РБ, якія вызначыліся ў змаганьні рэжыму супраць Беларускага Народнага Фронта. Іх не спыняюць на вуліцах, паліцыя ня мае права правяраць дакумэнты ў грамадзянаў (!). Ды й з дакумэнтамі ў гэбэ-агентуры заўсёды “усё ў парадку”. Так што ўлады вырашылі “прадэманстраваць прынцыповасьць” на маладой жанчыне, разумнай, працавітай, але безабароннай. Лібэралізм у дзеяньні...
Алесь Хадасевіч