ХАЎРУС ПРАВАДЫРОЎ І САПРАЎДНЫХ ЗЛОДЗЕЯЎ

Адзін з прыкметных дзеячаў пэрыяду гарбачоўскай “перастройкі і гласнасьці” Юры Афанасьеў быў запрошаны ў Вільню на мэмарыяльныя мерапрыемствы з нагоды 20-х угодкаў падзеяў студзеня 1991 года. 13 студзеня сёлета Афанасьеў выступіў у Сэйме Летувы і распавёў пра становішча ў Расеі. Прапануем фрагмэнты тэксту ягонага выступу, перадрукаваныя ў расейскіх інтэрнэт-выданьнях. Нагадаем, што першым даў дыягназ расейскай імпэрыі Зянон Пазьняк (і даў значна больш дакладны дыягназ). Але цікава пазнаёміцца з разважаньнямі на тэму “едіной і неделімой” маскоўскага жыхара гэтай імпэрыі.

Ліквідацыя, а не ампутацыя

У 1991 годзе не было ў Расеі ніякай дэмакратычнай рэвалюцыі. Не было ніякага пераходу да адкрытага грамадзтва і эўрапейскіх каштоўнасьцяў. І Ельцын з Гайдарам і Чубайсам не былі ніякімі ні лібэраламі, ні дэмакратамі.

Што тычыцца пануючай гістарычнай традыцыі, то для будаўніцтва грунтуючай асновы будучыні ў ёй месца не знайшлося. Тут заўсёды панавалі аўтакратыя і самадзяржаўе.

Разваліўся Савецкі Саюз. Сам па сабе гэты развал быў толькі той канкрэтнай кан'юнктурнай формай, кароткачасовай падзеяй, урэшце, знакам, за якім раскрываецца яго значэньне, а менавіта напрацаваныя стагоддзямі і непатрэбныя для будучыні зьмест і спосаб расейскага ладу жыцьця, сьветапогляду і валадараньня. Усё разам гэта і была Руская сістэма, а яе імя ўласнае — ідэакратычная Расейская імпэрыя.

У 1991-м, з развалам Саюза, быў грунтоўна надламаны станавы хрыбет гэтай сістэмы, надламаны той касьцяк, на якім трымаліся ўсе зьвязуючыя, якія трымалі на сябе ўсю будову. А менавіта, зламалася архаічная, сярэднявечная па сваёй сутнасьці, эсхаталагічная ІДЭЯ-ПРАЕКТ Неабходнага.

Сышлі ў нябыт і канкрэтна-гістарычныя ўвасабленьні гэтай ІДЭІ-ПРАЕКТА, якія пасьлядоўна мяняліся: “выратаваньне ісьцінна хрысьціянскай веры”, “Масква — трэці Рым”, “сусьветная рэвалюцыя”, “пабудова камунізма”.

Сьмерць ІДЭІ-ПРАЕКТА Неабходнага пазбавіла сістэму зьвязуючых, што выклікала абвальную дэградацыю ўсяго гэтага ладу жыцьця, сьветапогляду і валадараньня. Але і з гістарычнай сьмерцю гэтай ІДЭІ-ПРАЕКТА не спынілася цалкам рэальнае існаваньне сістэмы.

У якасьці замесу ўсяго рускага соцыюма яна з усімі яе імпэрскімі комплексамі аказалася на дзіва жывучай, і, мімікрыруючы, сотні гадоў зноў і зноў зьяўляецца штораз у новым строі. Пасьля развалу ідэакратычнай імпэрыі для расейцаў пачалася імітацыйная эпоха, эпоха сімулякраў.

Жыць у гэтую эпоху ня стала лягчэй. Наадварот, Расея стала яшчэ меньш прадказальнай, а таму яшчэ больш небясьпечнай для яе самой і для навакольля зьяўляюцца спробы цяперашніх яе ўладароў працягнуць у будучыню яе рудымэнты, якія сыходзяць з гістарычнай сцэны. Аўтарытарызм пераўвасабляецца на нашых вачах у нэататалітарызм.

Ня толькі рускую сістэму, але і тое, што ад яе засталося, нельга ні рэфармаваць, ні мадэрнізаваць. Трэба мяняць парадыгму расейскага ладу жыцьця.

Ня ведаю, ці гэта магчыма, ці знойдуцца сілы, здольныя даць рады з нарастаючай энтрапіяй расейскага соцыюма, — заключыў Юры Афанасьеў.

Юры Афанасьеў

Пераклад з расейскай.