АГЛЯД ЗАМЕЖНАГА ДРУКУ (18–20.I.2011)
Прыкмета нежыцьцёвасьці
18 студзеня 2011 г. Польская газэта “Gazeta Wyborcza” напісала: “Беларускія ўлады ствараюць міліцэйскую супэрчастку, адной з галоўных задачаў якой будзе разгон дэманстрацый апазыцыі. Вернасьць функцыянэраў рэжым Аляксандра Лукашэнкі купляе праз танныя крэдыты на кватэры і пэнсію ў 45-гадовым узросьце”.
Наш камэнтар: Даўно вядома з досьведу шэрагу дыктатураў: калі замест вырашэньня палітычных, сацыяльных і эканамічных праблемаў краіны дыктатура пачынае ствараць новыя рэпрэсіўныя структуры — гэта ёсьць прыкмета яе нежыцьцёвасьці і знак блізкага правалу.
Юрка Марозаў
Пускаюць бурбалкі
18 студзеня 2011 г. Польская газэта “Zycie Warszawy” напісала, што ў Эўразьвязе адбываюцца дыскусіі наконт магчымасьці пакараць расейскага прэм'ера Пуціна за рэпрэсіі супраць начальніка “ЮКАС”а М. Хадаркоўскага. Гучаць галасы, каб забараніць Пуціну ўезд на тэрыторыю краінаў Эўразьвязу.
Наш камэнтар: Такое называецца навальніцай у шклянцы вады. Нешта ніхто ў Эўразьвязе не прапанаваў караць Пуціна за расстрэл з танкавых гарматаў дзяцей у Беслане, за тысячы людзей, зьнішчаных падчас чачэнскай вайны, за агрэсію супраць Грузіі і г.д. Цяпер брусэльская бюракратыя надзьмувае штучны канфлікт на тэму “герояў-алігархаў” Хадаркоўскага і Лебедзева. Ня трэба зьдзіўляцца брусэльскай крывадушнасьці ў адносінах да беларускага народу.
Алесь Хадасевіч
Злачынная тупасьць дэмакратыі
18 студзеня 2011 г. Дацкая газэта “Politiken” паведаміла, што “капэнгагенская паліцыя ня бачыць прычыны, каб не дапусьціць правядзеньня супярэчлівай канфэрэнцыі арганізацыі “Хізб-ут-Тахрыр у Каралеўскай Біліятэцы”. Начальнік паліцыі сказаў, што гэта можа прывесьці да бойкі, а канфэрэнцыя “не супярэчыць канстытуцыйнаму праву выказваць свае думкі”. У тэксьце запрашэньняў на гэтую канфэрэнцыю згаданай ісламісцкай арганізацыі ўтрымліваецца заклік да ўзброенай барацьбы і ёсьць выявы трунаў з мёртвымі жаўнерамі.
Дацкая Народная партыя патрабавала ад міністра культуры краіны, каб ён адмяніў канфэрэнцыю. Але той замест гэтага папрасіў Каралеўскую Бібліятэку перагледзець сваё рашэньне прадаставіць ісламістам свае памяшканьні. Каралеўская Бібліятэка адказала на гэта, што законная арганізацыя, як Хізб-ут-Тахрыр, мае поўнае права правесьці тут сваю канфэрэнцыю.
Наш камэнтар: Супраць гэтай канфэрэнцыі антыхрысьціянскіх і антыэўрапейскіх фанатыкаў выступілі з пратэстамі таксама вэтэраны дацкай арміі, якім давялося ваяваць зь імі ў Аўганістане. Але абсурд у рамках “правоў чалавека” працягваецца. З палітычных сілаў супрацьстаіць гэтаму маразму толькі Народная Партыя.
Алесь Хадасевіч
Антыбеларуская гадзіна будзе задушана
19 студзеня 2011 г. Партугальская газэта “Jornal de Noticias” паведаміла, што ў Тунісе працягваюцца дэманстрацыі пратэсту. Людзі патрабуюць выдаленьня з часовага ўраду асобаў з атачэньня ськінутага прэзыдэнта Туніса. Дэманстранты патрабуюць “новага парляманту, новай Канстытуцыі, новай рэспублікі”.
Наш камэнтар: Вядома таксама, што людзі разграмілі камітэты прэзыдэнцкай партыі і патрабуюць яе забароны.
Палітычнае кіраўніцтва краіны ўпіраецца і хоча абмежаваць справу ліквідацыі дыктатарскага рэжыму, задаволіцца выдаленьнем дыктатара і павярхоўнымі жэстамі. Але народ не на жарт ўзяўся за справу ачышчэньня дзяржавы ад хунты.
Безумоўна, што пасьля падзеньня дыктатуры зло хунты павінна быць вырвана з коранем. Беларускаму народу не хапіла рашучасьці зрабіць гэта ў 1991-94 гадах, і цяпер мы маем поўны маразм лукашызма. Важны (адмоўны па сутнасьці) досьвед павінен быць улічаны ў пэрыяд новага адраджэньня Беларусі. Антыбеларуская гідра не павінна ажыць.
Алесь Хадасевіч
“Яны падманвалі польскае грамадзтва”
20 студзеня 2011 г. Польская газэта “Gazeta Wyborcza” цытавала Лукашэнку, які заявіў, што “пляны гвалтоўнай зьмены канстытуцыйнага ладу ў Беларусі пісаліся ў Нямеччыне і Польшчы”.
Наш камэнтар: Дыктатар хлусіць і куражыцца, як заўсёды. Беларусы даўно ўжо ня ставяцца сур'ёзна да ягоных заяваў. Ён не ў першыню супярэчыць відавочным фактам. Эўрапейскі істэблішмэнт якраз рабіў усё магчымае і немагчымае (малапрыстойнае), каб прызнаць ягоныя фальшывыя “выбары” і ягоны фальшывы рэжым ды не атрымалася.
Што, напрыклад, да некаторых польскіх журналістаў, то яны трубілі пра сакрушальную (і паводле іх, рэальную) перамогу Лукашэнкі на выбарах да пачатку выбарчага фарсу — яны сваімі рэпартажамі падманвалі польскае грамадзтва. Цяпер яны нават ня просяць прабачэньня за гэты падман у польскіх людзей. А такому кадру як Анджэй Пісальнік, які пісаў для газэты “Rzeczpospolita”, Лукашэнка павінен бы выдаць мэдаль “За службу лукашызму” 1-й ступені. Згаданы журналіст засыпаў польскую інфармацыйную прастору аптымістычнымі рэпартажамі пра “мірнае шэсьце дэмакратыі ў Беларусі”, ляпіў нацыянальнага героя з агентурнага кандыдата Раманчука (“наш Ярэк”) і г.д.
Юрка Марозаў
“Кажуць тое, што думаюць”
20 студзеня 2011 г. Латвійская газэта “Diena” апублікавала артыкул пад тытулам “Сям'я Качыньскіх абвінавачвае Маскву ў забойстве прэыздэнта Польшчы”. Пра гэта выказаўся адвакат Марцін Дубянецкі, муж дачкі Л. Качыньскага Марыі. Паводле ягоных словаў, ёсьць прычыны, каб Расея хацела забіць прэзыдэнта Качыньскага: яго магчымая перамога на наступных прэзыдэнцкіх выбарах, гнеўная рэакцыя на падтрымку Грузіі ў канфлікце з Расеяй у 2008 г. і палітыка Польшчы ў Эўразьвязе.
Наш камэнтар: Вядома, што калі асобы не зьвязаныя дыпляматычным пратаколам, яны ясна і выразна кажуць тое, пра што думаюць мільёны людзей у Польшчы і ў іншых краінах. Крамлёўскія спраўцы тым часам цынічна сьцьвярджаюць, што польскія пілоты прэзыдэнцкага самалёта былі п'яныя ды нявопытныя і г.д.. Але ніхто ўжо ня верыць у гэтую падрыхтаваную на Лубянцы лухту.
Юрка Марозаў
Местачковая пазыцыя
20 студзеня 2011 г. Летувіская газэта “Kauno Diena” апублікавала артыкул пад тытулам “Латвія: Кіраўнікі Беларусі павінны быць пакараны”. Пра гэта выступіў у Гэльсінках міністар замежных справаў Латвіі Гіртас Крастоўскіс падчас прэс-канфэрэнцыі з фінскім міністрам МЗС Стубу. Ён лічыць, што пакараць начальнікаў трэба за жорсткія дзеяньні супраць дэманстрантаў і спрэчныя выбары. Але міністар дадаў, што “Мы павінны падтрымаць і пашырэньне дэмакратыі ў Беларусі...”
Наш камэнтар: Аналітыка апошніх трох месяцаў (калі разгортваўся выбарчы фарс дыктатуры і рэпрэсіі пасьля фарсу) паказала, аднак, што афіцыйная Латвія праявіла наймешую цікаўнасьць да падзеяў у Беларусі ў параўнаньні з іншымі краінамі Эўропы. Гэта пры тым, што Беларусь яе суседка. Фантастычная абыякавасьць! Латвійскія СМІ абмяжоўваліся кароткімі інфармушкамі, узятымі з чужых інфармагенцыяў і ў лепшым выпадку паведамленьнямі менскай псэўдаапазыцыі. Фактычна латвійскае грамадзтва нічога ня ведала і ня ведае пра сутнасьць падзеяў у Беларусі.
Што гэта: правінцыйная месьцячковасьць, упэўненасьць у тым, што Латвія ўжо не спазнае на сябе гэбоўскай экспансіі, якая разгарнулася ў Беларусі? Цяпер міністры робяць заявы. Пасьля таго, як Масква з менскімі марыянэткамі па-шулерску абгуляла іх сваімі краплёнымі картамі.
Алесь Хадасевіч