ЗЛАЧЫННАЯ МАСКОЎСКАЯ БАЗА Ў БЕЛАРУСІ*

(Ліст у рэдакцыю)

Нядаўна я ехала на электравіку з сталіцы ў Баранавічы. Побач сядзела сям'я: муж, жонка і двое малых дзяцей. Я зьвярнула ўвагу на іхную вельмі чыстую маскоўскую гаворку. Пацікавілася адкуль яны і куды едуць. Яны ахвотна гутарылі са мной, сказалі, што ім вельмі падабаецца ў нас: “очень нравится жить в лесу под Барановичами, не то, что у нас в шумной и грязной Москве”. Я запытала іх, а што робяць масквічы ў нашым лесе? “Да на знаменитой российской РЛС работаем инженерами. Нам платят нашу московскую зарплату да ещё командировочные.” — адказалі яны. Потым паведамілі, што вырашылі прыехаць сюды на год усёй сям'ёй, дзеці ходзяць у мясцовыя садок і школу. Усё добра, выхавацелі і настаўнікі вельмі дабразычлівыя і ўсё добра арганізавана. Толькі вось у сына-школьніка сур'ёзныя праблемы з беларускай мовай, ніяк ня можа пачаць нават разумець яе (вядома, што расейцы вельмі “тугодумы” што да чужых моваў). Але ўмовы, маўляў, непараўнальна лепшыя, чым у Маскве: “У нас понаехало всяких цветных, их детьми заполнены детские сады. Воспитательницы — приезжие хохлушки, на детей — мат-перемат...”

Адным словам, маскоўцам чужыя людзі не падабаюцца, але жыць у амплуа чужынцаў у нашай краіне іх цалкам задавальняе. Дзіўная логіка гэтага народу нас, — былых савецкіх, — не зьдзіўляе, мы іх добра памятаем. Няхай заходнікі зьдзіўляюцца, у іх гэта называецца “таямнічай рускай душой”.

“Лясныя госьці” распавялі таксама, што, зразумела, крыху хвалююца за сваіх дзяцей. Начальства ім патлумачыла, што магутныя электрамагнітныя выпраменьваньні ад РЛС “ідуць у другі бок”, а для іх (што сядзяць у лесе) гэта ня шкодна. Але “госьці” — спэцыялісты-інжынэры якраз у гэтай галіне і ведаюць, што дастаецца таксама і ім з іхнымі дзецьмі.

І тут мне стала канчаткова зразумелым, што мае сумоўцы — часовыя закладнікі такзванай Ганцавіцкай вайсковай РЛС, якую Масква паставіла на нашай зямлі дзеля адсочваньня аб'ектаў НАТО. Памятаю, яны былі пабудавалі такую звышмагутную РЛС сачэньня ў Скрундэ ў Латвіі, але так і не пасьпелі ўключыць яе і апраменіць латышскіх людзей. Пасьля 1991 года латышы апэратыўна заклалі пад чужую РЛС дынаміт і знішчылі яе. Тады Масква вырашыла ашчасьлівіць сваім сьмяротным аб'ектам наш народ.

Стала зразумелым таксама, што значыць выраз “другі бок”, калі расейскае начальства казала маскоўцам, што асноўная разбуральная сіла выпраменьваньня ідзе менавіта туды. “Другі бок” — гэта нашы беларусы, дзесяткі тысячаў беларускіх дзяцей, па арганізмах якіх лупіць жорсткае маскоўскае апраменьваньне. Масква зрабіла закладнікамі сваёй ваеннай махіны жыхароў вялізнага рэгіёна Заходняй Беларусі. Выканаўцам злачынства “вельмі падабаецца ў нашым лесе”.

Галава ідзе кругам ад гэтага ўсяго. Антыбеларускі рэжым задавальняе ўсе прыхамаці расейскага акупанта. Як кажа Лукашэнка, “русские у нас должны жить лучше, чем в России”. Беларусы любяць і ўмеюць сустракаць гасьцей. Але госьці не ўрываюцца ў дом без запрашэньня, ня ставяць на зямлі гаспадароў свае зьнішчальныя для здароўя чалавека аб'екты. Масква зьнішчыць усіх нас, калі не пазбавіцца нам ад гэтага рэжыму.

Я. Забела

* Пасьля здабыцьця незалежнасьці Беларусі гэтая недабудаваная савецкая база стала ўласнасьцю нашай дзяржавы. Мы яе зьбіраліся ліквідаваць. Пасьля захопу ўлады праз КГБ Лукашэнка аддаў сьмертаносную базу Маскве. З тых пор яны і сядзяць там, мяняючыся брыгадамі (каб не захварэць) і не баючыся памяркоўных беларусаў, якія іх яшчэ і абслугоўваюць. — (Рэд.).