ТЭЛЕРОЛІК ВА ЎПАДНІЦКІМ СТЫЛІ

13 студзеня на інтэрнэт-старонцы беларускай рэдакцыі Радыё Свабода можна было паглядзець нядоўгі фільм з You Tube пра падзеі 19 сьнежня і вакол гэтай драматычнай даты. Аўтары тэлероліка вытрымалі пэўны апазыцыйны падыход. Паказалі Лукашэнку “во всей красе”, як ён прылюдна куражыцца над цяжка параненым паэтам Уладзімерам Някляевым. Прайшліся па крывадушных дзеячах Эўразьвязу, якія перад дыктатарскімі псэўдавыбарамі пазіравалі з дыктатарам у Менску, салодка ўсьміхаліся і ўдавалі радасьць з нагоды “прагрэсу ў Беларусі”. Адэкватна атрымала сваё і крымінальная начальніца ЦВК Ярмошына, якая груба і цынічна адказвала на пытаньне журналістаў наконт зьверскай паліцэйскай расправы над жанчынамі на плошчы Незалежнасьці 19 сьнежня: “Пусть эти “жанчыны” дома сидят, а не по площадям шастают...”

Адхіленьне ад рэчаіснасці пачалося ў кадрах, прысьвечаных “перадвыбарчай кампаніі”. Гаворка пра энтузіязм — перабольшаньне. Аднак, аўтары фільма праўдзіва паказалі сумна-самотныя пікеты за “кандыдата Лукашэнку”, да якіх наогул ніхто не падыходзіў.

Потым настала драма 19 сьнежня. Найбольш дакладна (як сьведчаць удзельнікі падзеяў) у фільме паказаны напад гарылаў рэжыму на паэта Някляева і расправа над ім. Жонка паэта Вольга сказала з экрана пра рэпрэсіўную дзейнасьць КГБ.

Была паказана вялікая маса у асноўным маладых людзей, якія ідуць пад Бел-Чырвона-Белымі сьцягамі па праспэкце Незалежнасьці. Але чамусьці ў дыктарскім тэксьце тройчы гучыць слова “натоўп”. Гэта рэжа слых, бо ўспамінаецца лексіка савецкіх прапагандыстаў, якія называлі людзей, што не падпарадкоўваюцца ўладзе “зборішчем” і “толпой”. Нашыя людзі заслугоўваюць, аднак, на прыстойныя азначэньні.

Шкода таксама, што не паказалі аніводнага маладога твару буйным плянам, не ўзялі аніводнага інтэрв'ю ў дзяўчат і хлопцаў, не спыталіся ў іх: а чаму яны прыйшлі сюды?

І вось настаў самы галоўны момант тэлероліка. Правакатары б'юць шыбы і ламаюць дзьверы ў Доме Ураду. Людзі не далучаюцца да іх, беларуская моладзь ня хоча нічога біць і ламаць. І пра гэта праўдзіва разважае дыктарскі тэкст. Але потым людзей зноў называюць “натоўпам” і паказваюць, як іх б'юць, захопліваюць і гоняць з плошчы. Пры гэтым паводле дыктарскага тэксту, Лукашэнка “паказаў сваю сілу” і “так будзе працягвацца яшчэ тры прэзыдэнцкіх тэрміны”. Апошні тэзіс навязьліва паўтараецца ў фільме тройчы. У тым ліку ў выглядзе апошняга акорда тэлероліка. Пэсымістычны настрой фільма заканчваецца пэсымістычнай сэнтэнцыяй.

І што тады павінна застацца ў сэрцах і розумах беларускіх людзей. Маўляў, трэба скласьці лапкі і не чырыкаць?

А тлумачыцца гэтае ўпадніцтва тым, што тэлеролік ёсьць тыповым опусам псэўдаапазыцыі, ад дачыненьняў зь якой у беларусаў заўсёды застаецца больш пытаньняў, чым адказаў. Стужка адлюстравала прыгнечаны настрой гэтых людзей, выявіла стыль, які не спрыяе праўдзе і змаганьню.

Нашаму грамадзтву варта было б цяпер прыслухацца да тых людзей, якія заклікалі да Народнага Байкоту псэўдавыбараў і папярэджвалі, каб дэманстранты не хадзілі за папамі-гапонамі. Патрыёты Беларусі робяць усё для таго, каб народ пераадолеў навязаны яму комплекс паразы. Паўстае народны Рух за новыя выбары без Лукашэнкі. І ня трэба слухаць балбатуноў, а трэба брацца за справу і рабіць яе да самай перамогі над антынародным рэжымам.

Янка Базыль