АГЛЯД ЗАМЕЖНАГА ДРУКУ (12–13.I.2011)
Швайцарская газэта “Neue Zuercher Zeitung”
12 студзеня 2011 г. Швайцарская газэта “Neue Zuercher Zeitung” напісала пра сьвяткаваньні Нараджэньня Божага хрысьціянамі-коптамі ў Эгіпце. Хрысьціянская Царква існуе ў Эгіпце з 2-га ст., задоўга да зьяўленьня ў сьвеце мусульманаў. І з самага пачатку хрысьціянаў перасьледвалі акупанты-рымляне, пра што сьведчаць пячоры ў гарах, дзе хаваліся копты, і сьляды вогнішчаў на пірамідах, дзе іх палілі каты. Пасьля тэракта ў навагоднюю ноч у Александрыі вернікі не напалохаліся і не пакінулі сваю веру. Копцкія цэрквы былі запоўненыя людзьмі. Сьвятары ў казаньнях гаварылі пра мір і згоду.
Наш камэнтар: І так адбываецца ва ўсіх гарадах Эўропы і Амэрыкі, дзе існуюць копцкія абшчыны і хрысьціянскія храмы іхняй канфэсіі. Людзі зьбіраюцца ў сваёй царкве, трымаюцца разам, моляцца разам, дапамагаюць адзін адному, захоўваюць сваю традыцыю. Такі народ будзе жыць вечна.
На жаль, для многіх беларусаў ёсьць “ня важным жыцьцёвым пытаньнем” далучнасьць да беларускай рэлігійнай абшчыны, да нацыянальнай традыцыі, да малітвы на роднай мове. З тых грамадзянаў, хто належыць да праваслаўнай канфэсіі, бальшыня карыстаецца паслугамі чужой, акупанцкай структуры РПЦ. Нават многія каталікі не патрабуюць служэньня на роднай мове ў касьцёлах у Беларусі. Многія з новай хвалі эміграцыі, апынуўшыся ў замежжы, ня лічаць нават неабходным наведваць беларускія прыходы, якія ёсьць сапраўднымі цэнтрамі нацыянальнага жыцьця і нацыянальнай салідарнасьці. Хто робіць гэтак, той ідзе ў тупік. Рэлігійнае жыцьцё беларускага народу павінна быць беларускім, у роднай мове, у нацыянальнай салідарнасьці.
Алесь Хадасевіч
Польская газэта “Gazeta Wyborcza”
12 студзеня 2011 г. Польская газэта “Gazeta Wyborcza” паведаміла пра заяву адміністрацыі прэзыдэнта Украіны Януковіча аб тым, што ўступіла ў сілу судовае рашэньне аб пазбаўленьні Стэпана Бандэры званьня Героя Украіны. Гэтае званьне надаў Бандэру папярэдні прэзыдэнт Украіны Юшчанка. Цяперашні суд патлумачыў сваё рашэньне тым, што “Бандэра ня быў грамадзянінам Украіны”. Бандэра дэ юрэ быў польскім грамадзянінам.
Наш камэнтар: Халуі Масквы менавіта так абыходзяцца з памяцьцю аб героях нацыі.
Юрка Марозаў
Летувіская газэта “Lietuvos Rytas”
12 студзеня 2011 г. Летувіская газэта “Lietuvos Rytas” паведаміла, што Расея спыніла падачу газу ў Беларусь. Прычынай спыненьня паставак расейскі бок называе адсутнасьць вызначанай цаны на газ.
Наш камэнтар: Дзікая імпэрыя прыступіла да сваёй улюбёнай навагодняй забавы: пасярод зімы шантажаваць народы сваёй газавай вайной. Мяркуем, што Масква ў чарговы раз цісьне на беларускага дыктатара, якога яна падтрымала ў антыдзяржаўным перавароце (так званых “выбарах”), а цяпер патрабуе аддаваць ёй беларускія нацыянальныя багацьці.
Юрка Марозаў
Партугальская газэта “Publico”
12 студзеня 2011 г. Партугальская газэта “Publico” паведаміла, што 2 студзеня сёлета ў ЗША памёр 92-гадовы маёр Рычард Вінтэрс, вэтэран ІІ Сусьветнай вайны. Вінтэрс камандваў узводам “Easy” 101-га паветрана-дэсантнага палка ЗША. Подзьвігі жаўнераў роты натхнілі пісьменьніка Стэфана Амброза на стварэньне кнігі “Узвод братоў”, экранізаванай Сцівэнам Спілбэргам. Узвод вызначыўся пры высадцы саюзьнікаў у Нармандыі, у баях у Бэльгіі, Нідэрляндах і Нямеччыне.
Наш камэнтар: Прамінулі дзесяцігоддзі з часоў тае вайны, дзе дзесяткі тысячаў беларускіх жаўнераў і афіцэраў ваявалі на Захадзе Эўропы ў партызанскіх атрадах і ў складзе Войска Польскага. У акупаванай Беларусі дагэтуль ня створана ані кнігі, ані фільма аб іхных подзьвігах. Няма помнікаў нашым героям. А засталіся жывымі адзінкі зь іх. Наш народ, нашыя творцы павінны аддаць даніну памяці нашым ваярам, якія на нармандскім беразе, у ардэнскіх лясах і на палях Нідэрляндаў змагаліся за родную Беларусь.
Алесь Хадасевіч
Швэдская газэта “Svenska dagbladet”
12 студзеня 2011 г. Швэдская газэта “Svenska dagbladet” апублікавала артыкул “Крывавая расправа ў Вільні была пачаткам канца савецкай імпэрыі”. Эр'ян Бэрнэр, былы амбасадар у Маскве, успамінае падзеі студзеня 1991 года. У артыкуле ёсьць шмат адэкватных ацэнак і яркіх фактаў. Але ёсьць і такі эпізод. Бэрнэр пераказвае сваю размову ў Маскве з Б. Ельцыным. Ельцын сказаў яму сярод іншага: “Цяпер, пасьля крывавай расправы ў Вільні, я атрымаў падтрымку з боку лідэраў Украіны, Беларусі і Казахстана...”
Наш камэнтар: Трэба канстатаваць, што Ельцын “соврамші” (зразумела, што яму трэба было пайсьці на гэта дзеля ўмацаваньня сваёй хісткай тады пазыцыі, заходнікам можна было “заліваць”). Ніхто з бонзаў БССР ніякай падтрымкі яму не абяцаў і не выказваў. Яны яго баяліся і ненавідзелі. Праўда, і Гарбачова яны лёгка здалі падчас жнівеньскага путча 1991 года. Такая публіка сядзела тады ў кіраўніцтве нашай паняволенай саветамі Бацькаўшчыны.
Алесь Хадасевіч
Польская газэта “Gazeta Wyborcza”
13 студзеня 2011 г. Польская газэта “Gazeta Wyborcza” напісала: “Спэкуляцыі ў справе катастрофы польскага Ту-154М пад Смаленскам неэтычныя і блюзьнерскія — сказаў начальнік расейскай дыпляматыі Сяргей Лаўроў”.
Наш камэнтар: Злачыннае кола забойства эліты Польшчы на тэрыторыі Расеі замыкаецца. Усе тэлеканалы сьвету паказалі даму, якая на прэс-канфэрэнцыі ў Маскве вельмі артыкулятыўна (каб зразумелі ўсе замежнікі) зачытала тэкст з вынікамі кіруемай Крамлём камісіі па рассьледваньню абставінаў катастрофы. Вынікае, што “у крыві пілота быў сьпірт” (чытай: польскія пілоты былі п'яныя), “пілоты баяліся свайго прэзыдэнта і камандуючага ВПС Польшчы, якія былі зь імі ў самалёце, і таму яны пайшлі на пасадку, замест каб ляцець на запасны аэрадром”, “пілоты былі вельмі нявопытныя” і г.д. Адным словам, палякі самы вінаватыя. Кропку пад гэтым ставіць вядомы міжнародны цынік Лаўроў, які тэарэтызуе пра этыку і блюзьнерства.
Калі польскія палітыкі раптам надумаюць абмяркоўваць лёс Беларусі з Масквой, то няхай задумаюцца, з кім гэта яны маюць справу.
Юрка Марозаў
Іспанская газэта “La Razon”.
13 студзеня 2011 г. Іспанская газэта “La Razon” паведаміла пра зварот да народу Вэнэсуэлы, зь якім зьвярнуліся да суграмадзянаў вэнэсуэльскія біскупы Касьцёла. Герархі заклікаюць вэнэсуэльцаў да барацьбы мірнымі сродкамі супраць рэжыму Уга Чавэса.
Наш камэнтар: Падобна, што яшчэ адзін Лукашэнкаў сябрук садзіцца на гарачую патэльню. Каталіцкія біскупы кваліфікуюць рэжым Чавэса як фальшывы і нелегітымны, які не адпавядае народныму волевыяўленьню на выбарах.
У гэтай сувязі ўспамінаюцца асобы, якія заўсёды падчас палітычных кампаній і дэманстрацый лезьлі з тэарэтызаваньнямі да беларускіх патрыётаў. Яны па-расейску, але з моцным беларускім акцэнтам “палымяна” казалі: “Вы не то делаете! Нам говорят бацюшкі в цэркві, што каждая ўласть ад Бога. А вы што? Проціў власті?..” На гэта фронтаўцы пярэчаць “фэнам з РПЦ”, што тыя разам з бацюшкамі неадэкватна трактуюць Слова Божае. І паводле Канстытуцыі, і паводле праўды Божай, крыніцай улады зьяўляецца Народ, а не нейкі чыноўнік, які апынуўся ў першым крэсьле дзяржавы (або, тым больш, нахабна залез на яго з нагамі).
Алесь Хадасевіч