АГЛЯД ЗАМЕЖНАГА ДРУКУ (8.I.2011)

Славацкая газэта “Pravda”

10 студзеня 2011 г. Славацкая газэта “Pravda” напісала пра выступ генсека ААН Пан Гі Муна, які выказаў занепакоенасьць непразрыстымі выбарамі ў Беларусі, разгонам мірных дэманстрацый і арыштамі апазыцыянэраў.

Наш камэнтар: Вельмі ж “сваечасовая” заява ад ААН — ажно праз тры тыдні пасьля асноўных падзеяў. Гэта ёсьць яшчэ адным доказам таго, што міжнародныя і дзяржаўныя структуры на Захадзе зьбіраліся ўпэўнена прызнаваць фальшывыя “выбары” антыбеларускага рэжыму і легалізаваць на міжнароднай арэне сам рэжым. Яны цяпер доўга чухаюцца, выходзячы з шоку. А іх папярэджвалі цьвярозыя людзі, каб не гуляліся пад дудку Масквы з крывавым лукашызмам. Ды яны слухаць не хацелі.

Юрка Марозаў

Чэшская газэта “Mlada Fronta Dnes”

9 студзеня 2011 г. Чэшская газэта “Mlada Fronta Dnes” паведаміла пра пачатак рэфэрэндуму ў паўднёвым Судане. Жыхары рэгіёна (хрысьціянская большасьць і анімісты) энтузіястычна галасуюць за сваю дзяржаўную незалежнасьць ад Судана.

Наш камэнтар: Мільёны людзей цярпліва стаяць пад сахарскім сонцам у бясконцых чэргах, галасуюць за дзяржаўную незалежнасьць ад хартумскага рэжыму. Бальшыня зь іх — непісьменныя сяляне. Але для народу свая незалежная дзяржава ёсьць найвышэйшай каштоўнасьцю.

Алесь Хадасевіч

Летувіская газэта “Lietuvos Rytas”

8 студзеня 2011 г. Летувіская газэта “Lietuvos Rytas” напісала пра выпуск эстонскім банкам манэт эўра. На гэтых манэтах ёсьць контурная выява межаў Эстоніі. Расейцы ўбачылі, што ў гэты контур уключаны раёны Пскоўскай вобласьці, якія былі ў Эстоніі пасьля падпісаньня ў 1920 г. Тартускага міру паміж Эстоніяй і савецкай Расеяй. Пратэстныя заявы зрабілі расейскія дыпляматы. Эстонскія прадстаўнікі заявілі, што такога на манэтах няма.

Наш камэнтар: Расея нахапала чужой зямлі, цяпер хвалюецца наконт кожнай мініяцюры, апублікаванай у розных краінах. Злодзей, які скраў, ня сьпіць спакойна.

Юрка Марозаў

Польская газэта “Rzeczpospolita”

8 студзеня 2011 г. Польская газэта “Rzeczpospolita” напісала: “Украінскія СМІ абураныя, што ў сваіх зычэньнях з нагоды Сьвятаў Божага Нараджэньня прэзыдэнт Віктар Януковіч не выказаў зычэньняў грэка-католікам. Прэзыдэнт прыгадаў толькі праваслаўных. “Прэзыдэнт забыўся выказаць зычэньні пяці мільёнам грэка-католікаў” — напісалі ў суботу ўкраінскія парталы”.

Наш камэнтар: Кліенты Масквы, як вядома, зьяўляюцца адначасова і кліентамі РПЦ.

Алесь Хадасевіч

Латвійская газэта “Diena”

8 студзеня 2011 г. Латвійская газэта “Diena” паведаміла, што ў раёне Елгавы ў мясцовым Музэі Калядных баёў адбылася тэатральная рэканструкцыя баявых дзеяньняў, якія адбыліся ў гэтых мясьцінах роўна 94 гады таму (1915 г.) падчас І Сусьветнай вайны. Латышскія стралкі атакавалі тады нямецкія ўмацаваныя пазыцыі. У цяперашняй імітацыі ўдзельнічалі 70 удзельнікаў. За дзеяй назіралі 600 гледачоў, сярод іх міністар абароны Латвіі і высокія камандзёры арміі.

Наш камэнтар: У Латвіі нават у савецкія часы памяталі і захоўвалі сьведчаньні пра змаганьне латышскіх стралкоў (яшчэ не названых “чырвонымі”) падчас І Сусьветнай вайны. У вызваленай Беларусі будзе выпраўленая несправядлівасьць у адносінах да забытых беларускіх ваяроў той Вялікай вайны.

Алесь Хадасевіч

Нямецкая газэта “Die Welt”

9 студзеня 2011 г. Нямецкая газэта “Die Welt” напісала пра масавыя пратэстныя выступы моладзі ў сталіцы і іншых гарадах Алжыру. Улады рэзка падвысілі кошты на прадукты харчаваньня (да 30%). Тысячы маладых людзей дэманструюць на вуліцах супраць сацыяльнай несправядлівасьці. Дзесяткі ўзброеных шаблямі юнакоў заатакавалі элітны раён алжырскай сталіцы, грамілі і падпальвалі раскошныя рэстараны і крамы. Паліцыя з цяжкасьцю адбіла гэтыя атакі.

Наш камэнтар: Маладыя ня хочуць больш цярпець зьдзеку над сабой. Яны ненавідзяць рэжым, які пазбаўляе іх нармальнага жыцьця, магчымасьці самарэалізавацца і будучыні. У той самы час эліты грамадзтва жывуць у раскошных кварталах і з кожным годам усё больш узбагачаюцца. Тую ж карціну мы назіраем у Беларусі. Самаўпэўненыя жыхары “барскіх пасёлкаў” у сталіцы і іншых гарадах нашай краіны таксама ўпэўненыя, што вернападданасьць антынароднай дыктатуры ёсьць для іх гарантыяй беспакаранага існаваньня за кошт народа. Яны моцна памыляюцца.

Юрка Марозаў

Італьянская газэта “La Stampa”

9 студзеня 2011 г. Італьянская газэта “La Stampa” апублікавала анонс рамана, прысьвечанага барацьбе італьянцаў за ўзьяднаньне краіны пад кіраўніцтвам Гарыбальдзі, і інтэрвію з аўтарам, пісьменьнікам Алесандра Мары. Аўтар падкрэсьліў, што тая эпоха (1850-60-я гады) — “не манумэнтальны мармур”, а вечна жывая і актуальная тэма.

Наш камэнтар: Штогод у цывілізаваных краінах ствараюцца кнігі і іншыя помнікі, прысьвечаныя нацыянальнай гісторыі, нацыянальным героям, нацыянальнай культуры. Гэта ёсьць вечна жывая тэма. Ужо каторы год панаваньня лукашызма на нашай зямлі ў Беларусі ня створана практычна нічога, што сьведчыла б аб разьвіцьці духоўнасьці і культуры. “Сьцягам перамог” для акупантаў ёсьць русіфікатарская папса ў розных галінах творчасьці.

Алесь Хадасевіч

Ангельская газэта “The Telegraphe”

9 студзеня 2011 г. Ангельская газэта “The Telegraphe” напісала: “Крэмль “ахоплены страхам”, што працяг судовага рассьледваньня па справе расейскага гандляра зброяй Віктара Бута прадэманструе сувязь паміж ім, высокімі расейскімі чыноўнікамі і сакрэтнымі здзелкамі Масквы з неадназначнымі рэжымамі па ўсім сьвеце, як сьцярджаецца. Міжнародны адвакат Эмстэрдам сказаў: “Ён зьвязаны з расейскай ценевай дзяржавай і з найбольш магутнымі элемэнтамі ўладнай эліты. Ён мае выбуховую інфармацыю аб тым, як працуе гэтая ценевая дзяржава і аб яе трансакцыях з Вэнэсуэлай, Іранам і па ўсёй Азіі”.

Наш камэнтар: Правал маскоўскага шцірліца і ягонай крымінальнай сеткі абяцае чалавецтву шмат праўды пра гэбізм.

Юрка Марозаў

Славацкая газэта “SME”

9 студзеня 2011 г. Славацкая газэта “SME” напісала пра вялікую дэманстрацыю ў пакістанскім горадзе Карачы. 50 тысячаў дэманстрантаў патрабавалі захаваць пакараньне сьмерці за блюзьнерства над ісламам.

Наш камэнтар: У мусульманскіх краінах вернікі не дазваляюць зьдзеквацца з сваіх сьвятыняў. У заходніх краінах пад сурдзінку “правоў чалавека” ставяцца спэктаклі, дзе зьневажаюць хрысьціянскія сьвятыні і Біблію, гастралююць блюзьнерскія антыхрысьціянскія выставы. Пара самым народам спыніць гэты зьдзек на сваёй зямлі.

Алесь Хадасевіч