ДРУГІ ПАДПАЛ РАЙХСТАГУ
(Нататкі для сяброў КХП-БНФ)
Тое, што адбылося 19-га сьнежня 2010 г., ў Менску на плошчы Незалежнасьці, нагадвае схему правакацыі нямецкіх фашыстаў з падпалам райхстагу. Але цяпер ня той час, публічны “падпал райхстагу” немагчыма зрабіць бяз сьведкаў і выяўленьня падпальшчыкаў. Уся правакацыя “біцьцё парляманта” зафіксавана на відэа, аўдыё і фота-камэры, разам з правакатарамі і іхнымі абліччамі, размовамі, і нават агентурнымі клічкамі. Увесь сьвет гэта ўжо ўбачыў у Сеціве. Але ніхто з правакатараў не арыштаваны. (Ну, ня стане ж рэжым арыштоўваць самога сябе.)
Улада-фікс
Пасьля нападу ў час галасаваньня і зьбіцьця спэцгрупай “Алмаз” беларускага паэта і кандыдата ў прэзыдэнты Ўладзімера Някляева яго ў непрытомным стане прывезла хуткая дапамога ў рэанімацыйнае аддзяленьне шпіталю. Вось што публічна сказаў пра гэта ўзурпатар прэзыдэнцкай улады ў Беларусі: “Ну, так, дали по голове. Ты же мужик, ты же мужик, чего ты прибежал, рыдаешь в этой больнице? Ну, дали по голове, ну и что? Видите, по голове дали, синяк под глазом, ай-яй-яй, какая... Ну, ты же сам хотел, что бы тебе этот синяк под глаз посадили. До смешного доходит. Позор! Они еще хотели быть президентами!”
Пытаньне аб ненармальнасьці такой рэакцыі і такіх паводзінаў тут ужо не разглядаем. Дыягназ даўно вядомы. Добра вядома таксама, што могуць зрабіць для грамадзтва вар'яты ва ўладзе. Не разглядаем пытаньня пра культуру (“тыканьне” ўсім і т. п.), бо культура паводзінаў выносіцца з сям'і (альбо прыроджаная, гэта значыць даецца ад Духа Сьвятога). Для нас важныя матывы дзеяньняў такога непрадказальнага суб'екта, мэты і накіраванасьць — тое, чаго ён хоча дасягнуць.
Ягоные пабуджэньні да дзеяньняў усім відавочныя: хваравітая прага ўлады, падазронасьць, помсьлівасьць і страх. Было б памылкай, аднак, тлумачыць яго палітычныя паводзіны толькі паталогіяй. У спакойным, ня ўзбуджаным стане ён бывае часам цалкам адэкватным. Акрамя таго, у людзей з псіхічнымі адхіленьнямі (паранойя, шызафрэнія, псіхапатыя) ёсьць свая “жалезная логіка”. Яны сьвята вераць у свае канцэптуальныя фантазіі і пераканаўча, зь верай, усімі фібрамі ўзбуджанай душы даводзяць гэтыя свае погляды іншым. Як правіла, такія людзі ня ў стане свае “ідэі” ажыцьцявіць у грамадзтве, пакуль не дасягнуць улады, якую яны імкнуцца ператварыць у абсалютную.
Пры ўсёй амбівалентнасьці, супярэчнасьці паводзінаў і слоўных пырскаў Лукашэнкі, кіданьня ў супроцьлеглыя канцы адначасна і пры ўсёй неадукаванасьці, у яго ёсьць самамэта, ад якой ён не адыходзіць ніколі, — гэта захаваньне ўлады, уласны інтэрас і хваравітае памкненьне, ідэя-фікс — па-свойму перамяніць сьвет, зьмяніць “суадносіны сіл на шарніры часу” (А. Гітлер) калі не на адной шостай частцы плянэты, то хаця б — “у цэнтры Эўропы”. (Раней ён нешта такое рабіў у саўгасе “Гарадзец”, пакуль за зьбіцьцё трактарыста ня трапіў пад артыкул Крымінальнага кодэксу.)
31-га сьнежня, пасьля пабіцьця народу на плошчы, ён сказаў сакрамэнтальную фразу: “Нам неабходна ўсьвядоміць сябе нацыяй, якая вырашае ня толькі свае задачы, але і фармуе аблічча Эўропы”. (І гэта пасьля ліквідацыі беларускай школы і ўсяго беларускага.)
Такая мэнтальнасьць характэрная для ўсіх тыранаў і тыранчыкаў, пачынаючы ад Леніна, Сталіна, Гітлера, Мао — і да Фідэля Кастра. Аказваецца, яны нішчылі народ ня проста так, дзеля ўлады, а для ягонай жа (народу) карысьці, якая будзе такой вялікай, што ашчасьлівіць чалавецтва.
Той, хто добра знаёмы з Лукашэнкам, ведае, што імкненьне “ашчасьлівіць” нацыю пагрунтавана ў яго на ірацыянальнай беларусафобіі, на паталягічнай нянавісьці да ўсіх “сьвядомых”, як ён абзывае беларусаў, і да беларускай культуры. Звышзадачай ягонай улады ёсьць русіфікацыя, патрэба вынішчыць усё беларускае, найперш мову, школу, тэлебачаньне, радыё, кнігавыдавецтва, друк, зьняславіць вялікіх людзей нацыі і проста патрыётаў Беларусі. Ад антыбеларускай палітыкі (што б ні адбывалася) ён не адыходзіў усе гэтыя шаснаццаць цёмных гадоў. У 2006-м годзе на так званым “усебеларускім сходзе” перад выбарамі ён заявіў, што яго задача зрабіць у Беларусі так, каб нішто ўжо нельга было вярнуць і павярнуць да ранейшага. І ён робіць.
Робіцца адкрыта і гаворыцца адкрыта пра зьнішчэньне народнага аблічча і вынішчэньня імя. Фэнамэнальна, што такая ўлада існуе. Але ў яе ёсьць база для існаваньня — савецкая дэнацыяналізацыя і савецкая сістэма сацыяльных дачыненьняў. Шкода, нанесеная беларускай нацыі цёмным рэжымам за 16 гадоў унутраннай акупацыі, значна больш разбуральная для нацыянальнага існаваньня, чым генацыд, душэньне і аббалваньваньне 73-х гадоў савецкага захопу.
Нэрвы, ці сьвядомы выбар?
Ужо выказваліся думкі, што Лукашэнка дзікай расправай над народам у дзень галасаваньня перакрэсьліў свае магчымасьці і ўсю нікчэмную, выгадную яму палітыку Эўропы, якая паабяцала яго прызнаць — за “прагрэс” на выбарах. (Заўважце, не за справядлівыя дэмакратычныя выбары, а толькі за “прагрэс”, за паляпшэньне.) І вось Лукашэнка сапсаваў эўрацынікам увесь “прагрэс” і тры мільярды ня ўзяў. А яны ўжо гатовыя былі прызнаць ягоныя фальшывыя выбары.
Усё складалася на карысьць узурпатара. Дзевяць спарынг-кандыдатаў (якіх дапусьцілі нават на тэлебачаньне) прадэманстравалі Эўропе “дэмакратыю” і “прагрэс” на выбарах і голасна папрацавалі супраць байкоту. Рэжым паціраў рукі: паказалі “дэмакратыю” для Захаду і зрабілі фальсіфікацыю для сябе.
Плошча вялікай небясьпекі для рэжыму не ўяўляла: не было адзінай альтэрнатыўнай асобы і, адпаведна, не была сфармуляваная ідэя, за якую ўсім трэба змагацца. Апынуўшыся на плошчы Каліноўскага, спарынг-кандыдаты прадэманстравалі разгубленасьць, бездапаможнасьць, няведаньне, што рабіць, інфантылізм паводзінаў. Плошча была некіруемая, і правакатары лёгка зьвялі людзей у правакацыйную пастку да Дому ўраду.
Пазьней зьявіліся меркаваньні, што ва ўзурпатара здалі нэрвы, што ад страху ён пабіў народ. Сапраўды, стан афэкту і ўзбуджэньня (не сумняваюся) валодаў ім у час правакацыі і пабіцьця людзей, якое ён асабіста падрыхтаваў. Яму проста падабаюцца такія дзеяньні і відовішчы (калі ўсіх месяць, а ён камандуе). Але тое, што адбылося, вынікала ня толькі з афэкту, і не было выпадковасьцю. На самой справе тут усё было заранёў прадумана і сплянавана, быў зроблены сьвядомы і разьлічаны выбар у карысьць Крамля.
Лукашэнка ніколі не адарвецца ад Масквы. Трэба тое ведаць. Гэта адна мафія, адна “кампанія” і адзін гэбізм. Ён і сам хацеў бы пакіраваць Крамлём, але вымушаны задавальняцца роляй “свайго сукінага сына”. І ўсё ж, ён там сапраўды свой, савецкі, гэбоўскі. У Эўропе яму няўтульна. Эўрапейскі гешэфт — гэта для яго часовая палітыка, спосаб манэўру ў сварках з крамлёўцамі.
Пасьля візіту прадстаўнікоў Эўразьвязу і абяцаньня трох мільярдаў эўра для рэжыму за “прагрэс” на выбарах, узмацнілася атака Масквы “хроснымі бацькамі”. Узурпатар жа ў гэты час паўтарае, што з Расеяй ён быў разам і будзе разам, што ў Беларусі няма патрэбы ў шматлікіх апазыцыйных партыях, што хопіць адной (гэта значыць ліцэнзаванай апазыцыйнай), заклікае людзей дапамагчы сабраць подпісы спарынг-партнёрам на выбарах, кажа, што ў яго 80 адсоткаў падтрымкі, а за дзесяць дзён да галасаваньня едзе ў Маскву на саміт Мытнага саюзу і спатыкаецца з прэзыдэнтам Мядзьведзевым, які да гэтага дэманстраваў, што ня хоча з Лукашэнкам бачыцца і гаварыць.
Сустрэчы на саміце заплянавана не было. Аднак жа ўсё “нечакана” адбылося, “сябры-ненавісьнікі” сустрэліся, дамовіліся, улагодзілі мыта на нафту і нафтапрадукты і “всё друг другу простили”. Лукашэнка падпісаў “грабавыя”, зьнішчальныя для незалежнасьці Беларусі дакуманты па Адзінай Эканамічнай Прасторы з Расеяй і “героем” вярнуўся ў Менск, а Макей паведаміў, што на плошчы плянуецца выбух.
Усё выявілася адразу. Пастка над наіўнымі спарынг-кандыдатамі канчаткова зачынілася. Выхад зь яе, каб пазьбегнуць ролі бязвольных саўдзельнікаў і ганьбы, быў толькі адзін — кандыдацкі байкот, сумеснае пратэстнае зьняцьцё сваіх кандыдатур з выбарчай кампаніі. Гэтым можна было б перакуліць усю выбарчую афёру Лукашэнкі.
Тады я казаў пра гэта ў інтэрв'ю (радыё Свабода, 10.XII) і ў Сеціве. Было нават паведамлена некаторым спарынг-кандыдатам, што трэба тэрмінова ратаваць ня толькі Беларусь, але і сябе (свой гонар і свабоду). Аднак бессэнсоўна. Бальшыня — нічога не ўспрымалі.
Далей здарылася тое, што здарылася. Факт другога падпалу райхстагу адбыўся. Улада была зноў захоплена, выбары сфальсіфікаваныя, народ пабіты, спарынг-кандыдаты пакалечаныя і кінутыя ў турму (акрамя двух, роля якіх была зразумелая ад пачатку). Поўны сілавы трыюмф цёмнай улады.
Плян зачысткі тэрыторыі генацыду
Падкрэсьліваю яшчэ раз (гэта істотна), што “другі падпал райхстага” і яго працяг рыхтаваліся даўно. Прытым якраз у Працягу быў палітычны сэнс усёй правакацыі на плошчы. Яшчэ ў верасьні, працуючы над падрыхтоўкай байкоту фальшывай выбарчай сістэмы, мы зафіксавалі чуткі аб магчымасьці выбуху на плошчы, які нібыта плянуюць рускія спэцслужбы (каб рукамі Лукашэнкі зьнішчыць нацыянальнае супраціўленьне, зачыніць для Лукашэнкі дзьверы на Захад і падвесіць яго перад Масквой). І вось 11-га сьнежня пра правакацыю з выбухам сказаў Макей. Стала зразумела, што рыхтуецца нешта іншае, бо ў гэты ж час у Менск пачалі сьцягвацца войскі, бронетэхніка і спэцназ.
Тым часам ініцыятыву плошчы перахапілі спарынг-кандыдаты (дакладней, Лукашэнка, паколькі кандыдаты ўжо былі поўнымі і сьляпымі марыянэткамі ў руках рэжыму).
Нашыя спробы ўпарадкаваць сытуацыю непасрэдна на плошчы Каліноўскага не далі вынікаў. Там людзі адзін аднаго проста ня чулі. Неўзабаве агентура і эйфарыя пагналі ўсіх на плошчу Незалежнасьці.
Такім чынам, калі проста па лінейцы храналягічна раскласьці падзеі і факты і збольшага іх прааналізаваць, то адразу ўбачым, што правакацыя была вынікам збочанага, рацыянальнага і далёкасяжнага пляну, і не вынікала толькі са стану страху і нэрвовага ўзбуджэньня, якое апанавала ўзурпатара 19-га сьнежня пасьля ўсьведамленьня свайго практычнага правалу на выбарах.
Цяпер аб ідэалогіі і факталогіі гэтых падзеяў. Выбар у карысьць Масквы Лукашэнка зрабіў за два месяцы да галасаваньня (толькі чакаў адпаведнага часу, каб вызначыцца). Крэмль вымусіў яго гэта зрабіць. Дзьверы ў Эўропу для Лукашэнкі трэба было зачыніць, а Беларусь загнаць у Агульную Эканамічную Прастору. Масква дэманстравала тут цынічную і жорсткую палітыку прымусу (у тым ліку і “Хросным бацькам”). Толькі звышнаіўныя прастакі ў палітыцы (якія водзяцца звычайна ў Беларусі) маглі ў гэты час езьдзіць у Маскву і прыпадаць да ручкі Крамля, каб дапамог прагнаць Лукашэнку.
Крэмль паставіў пытаньне рубам (альбо Захад — альбо мы), разумеючы, якое рашэньне прыме Лукашэнка. Калі казаць лапідарна, коратка і проста — Захад ня возьме на ўтрыманьне рэжым Лукашэнкі. Захад будзе яму даваць грошы, але разьлічвацца з Захадам у канцовым падсумаваньні прыдзецца ўладай.
Масква тым часам таксама будзе даваць грошы і гатова падтрымліваць любую ягоную ўладу, але разьлічвацца прыдзецца нацыянальнай маёмасьцю і суверэнітэтам. Выбар Лукашэнкі можна было прадбачыць. За ўладу (калі безвыходнасьць) ён здасьць усё.
Ніхто ў Маскве, як ужо адзначана, не плянаваў сустрэчу Лукашэнкі зь Мядзьведзевым. Але Лукашэнка прыехаў здавацца, і са сьлязьмі на вачах угаварыў Мядзьведзева яго выслухаць (казалі, што ён ледзь ні станавіўся на калені). Каляпалітычная публіка Масквы апавядала, што ён здаў Мядзьведзеву “ўвесь Эўразьвяз”, усіх, хто зь ім спатыкаўся і пра што гаварылі. І гэта дакладна адпавядае натуры Лукашэнкі. Крамлёўцы толькі не разумеюць, што ў размове з прадстаўнікамі Эўразьвязу ён гэтак жа даверліва і пераканаўча здаваў Маскву. Таму ашарашаны Хаўер Саляна выходзіў пасьля размовы з узурпатарам вытарачыўшы вочы, амаль хістаючыся ад усьведамленьня сваіх дыпляматычных посьпехаў (якія скончыліся вядома чым), а панна прэзыдэнт Летувы, трапіўшы пад слоўны фантан хлусьні саліднага суседа, правалілася ў такое зачараваньне яго “шчырасьцяй”, што потым такое нагаварыла... Цяпер перапісваюцца. “Камэдзі-палітык”.
9-га сьнежня зноў адбыўся паварот рэжыму ў бок Масквы. Пустыя ілюзіі (хто іх трымаўся), магчыма, ужо разьвеяліся. Масква наклала лапу на далейшыя паводзіны Лукашэнкі. Здарылася тое, пра што ўзурпатар намякаў і папярэджваў за два месяцы перад гэтым.
Са спарынг-кандыдатаў нармальна адрэагаваў толькі Някляеў, і ў гэты ж дзень прапанаваў усім зьняцца з выбараў, якія не кантралююцца народам і ўдзел у якіх Лукашэнкі незаконны. Але астатнія спарынг-партнёры яго не падтрымалі (некаторыя нават усур'ёз казалі пра другі тур).
За пяць дзён да галасаваньня пачаўся жорсткі загон выбаршчыкаў на папярэдняе галасаваньне. Ніякіх законаў рэжым не прытрымліваўся.
15-га сьнежня ў выбраным коле рэжымнай верхавіны начале з Лукашэнкам адбылася так званая “перадвыбарчая нарада”. Фактычна, засядаў штаб правакацыі і сілавой расправы з народам. На нарадзе, акрамя Лукашэнкі, былі непатапляльны Шэйман, беларусажэрца і міністар абароны рускі генэрал Жадобін, старшыня КГБ рускі генэрал Зайцаў, начальнік аховы Лукашэнкі рускі генэрал Вцюрын, міністар МУС (і супэр-хлус) азэрбайджанец Куляшоў, сын Лукашэнкі Віктар, кіраўнік Савета бясьпекі Мальцаў і яшчэ пару нявысьветленых асобаў.
18-га сьнежня ў апошні дзень перад галасаваньнем мы (наша партыя КХП-БНФ) прызначылі публічнае спатканьне з выбаршчыкамі, на якое запрасілі Някляева. Някляеў не зьявіўся. Тады я, парушаючы ўсялякія правілы і цэрымоніі, папрасіў аднаго вядомага ў Беларусі чалавека дэпутата Вярхоўнага Савета 12-га скліканьня і сябра Апазыцыі БНФ ісьці ў офіс “Говори правду”, спаткацца зь Някляевым і сказаць яму нашыя меркаваньні і засьцярогі.
У офісе “Говправду” вісела ліпкая атмасфэра варожасьці і беларусафобства: “А кто вы такой?” — спыталі ў візіцёра. “А фамилия?..” “Да? Что-то не припомню. Некляев занят. Он проводит пресс-конференцию.” “Добра, я пачакаю.”
Праз хвіліну офісныя дамы пашапталіся, паказваючы пальцам на госьця, падышлі зноў і, падціснуўшы губы, сказалі: “Знаете, у нас здесь офисное мероприятие, и присутсвие посторонних не предусмотрено.” Госьць пайшоў.
(Словы “куды вы трапілі, Уладзімер Пракопавіч?” пакідаю ў дужках, гэтак жа, як і меркаваньне пра тое, хто першы яго здасьць, якое я выказаў раней, і які яго ўжо здаў.)
Ні сустрэчы, ні размовы зь Някляевым не атрымалася. 18-га сьнежня я яшчэ раз зьмясьціў у Сеціве заяву (“Народная Воля”) пра апошні шанс перакуліць фальшывыя выбары шляхам калектыўнага зьняцьця ўсіх спарынг-кандыдатаў. Але гэта быў голас у пустэчы.
Рэпрэсіі
Правакацыя і нематываванае калечаньне людзей сталася пачаткам псіхапатычнага пляну застрашэньня і выключэньня з грамадзка-сацыяльнага жыцьця беларускай нацыянальнай эліты і актыўнай часткі грамадзтва шляхам стварэньня немагчымых умоваў для дзейнасьці, жыцьцёвай рэалізацыі і разьвіцьця. Гэтыя дзеяньні рэжыму падпадаюць пад артыкул Крымінальнага Кодэксу пра генацыд.
Пачаўся лукашысцкі генацыд яшчэ 16 гадоў таму. Падзеі 19-га сьнежня — гэта чарговы апэратыўны яго этап, пачатак доўгатэрміновага рэпрэсіўнага пляну. Адразу пасьля 19-га сьнежня (а, фактычна, раней) былі створаны апэратыўныя групы ў КГБ і ў іншых спэцструктурах па 5-6 функцыянэраў, задача якіх — рабіць плянамерныя арышты, ператрусы, затрыманьні, уламваньні ў кватэры, рэквізіцыю носьбітаў інтэлектуальнай і інфармацыйнай маёмасьці. Найперш будуць “зачышчаныя” тыя беларусы, што былі на плошчы ў Менску (станцыі мабільнай сувязі, якія даўно сталі залежнымі ад гэбэ, здалі ўсіх). Потым (і, як паказваюць падзеі, адначасна) пачынаюць перасьледваць беларусаў па “жадобінскаму сьпісу”.
Нагадаю, што некалькі гадоў таму старшыня КГБ Жадобін склаў сьпіс 1767 актыўных беларусаў, якіх (у выпадку “неабходнасьці”) заплянавана схапіць у першую чаргу. Пячорныя мазгі — пячорныя пляны. У 1990-х гг. Лукашэнка выхваляўся, што (каб навесьці “парадак”) хопіць “нэўтралізаваць” 400 “сьвядомых”.
Далей акцыі зачысткі, застрашэньня і сацыяльнай нэўтралізацыі павінны перакінуцца на партыйныя і грамадзкія арганізацыі, на журналістаў, на беларускія культурныя установы, на беларускія выданьні, якія яшчэ трываюць, на творчую і навуковую інтэлігенцыю і прэвентыўна — на ўсю Беларусь.
Усялякая рэпрэсіўная сістэма інфармацыйна дзіравая, таму вядома, што антыбеларуская зачыстка заплянаваная на некалькі месяцаў. Але цалкам магчыма, што і на большы час, у залежнасьці ад таго, як пойдуць справы ў новых апрычнікаў і якое будзе супраціўленьне. (Калі супраціўленьня ня ўзьнікне, зачыстка пойдзе як пэрманэнтны працэс, бо вядома нават з практыкі, што пры нападзе бандытаў гіне той, хто не супраціўляецца.)
Генэральная гэбоўская “распрацоўка” ўсёй нацыі адбылася ў 2008 г. пасьля крывавай дэманстрацыі тэракта (выбуху) 4-га ліпеня на гарадзкім сьвяце ў Менску. Тады па ўсёй краіне, практычна, прымусова бралі адбіткі пальцаў (нечуваны зьдзек і парушэньне правоў людзей). Народ скарыўся, і гэтага было дастаткова, каб нішчыцелям нацыі шмат што зразумець. Галоўная іхняя задача цяпер — вынішчыць тое жывое, на чым сёньня яшчэ трымаецца беларушчына і вольная думка людзей (каб нішто ўжо нельга было вярнуць і павярнуць да ранейшага).
Рацыя
Цяпер шмат хто, нібы ўпершыню, расплюшчыў вочы, агледзеўся і думае: што гэта робіцца, чаму так цёмна і дзе гэта ён жыве? Іншыя задаюцца пытаньнем: што рабіць, каб збавіцца ад антынароднай улады? Чакаюць, што нешта такое можна раптам зрабіць, і ўся гэтая цемра адразу пакоціцца дагары нагамі.
На жаль, выснова мая для хуткасьпелых спадзяваньняў будзе жорсткай. Грамадзтва, якое ня ёсьць нацыянальна скансалідаваным на аснове нацыянальнай мовы, гісторыі, культуры і нацыянальных інтарэсаў, ня ў стане перамагчы дыктатуру. І, паўтаруся, грамадзтва без нацыянальнай сьвядомасьці ня здольнае змагацца за свабоду.
Цяпер жа беларусам не хапае якраз таго галоўнага, што зьнішчаў і зьнішчае ў нас рэжым узурпатара. Без нацыянальных каштоўнасьцяў, без беларускай нацыянальнай сьведамасьці ня трэба цешыць сябе ілюзіяй і траціць час на імітацыю барацьбы за абстрактную “дэмакратыю”, “свабоду” ды за правы бесталковага чалавека. Псэўдабарацьба скончыцца паразай, маразмам і расчараваньнем.
Толькі з вызначэньнем беларускай нацыянальнай плятформы і зьяднаньнем беларускай нацыянальнай сілы ( якую трэба ствараць) можна дзейна змагацца з антыбеларускім рэжымам.
Цяпер трэба абазначыць агульныя пазыцыі.
1. Выбары былі несправядлівыя, незаконныя, сфальшаваныя. Лукашэнка ня ёсьць законным прэзыдэнтам. Не прызнаваць і не называць яго прэзыдэнтам. Ён захопнік улады (узурпатар). Вынікі прэзыдэнцкіх выбараў 2010 года павінны быць ануляваныя.
2. Мусяць быць новыя выбары без Лукашэнкі. Трэба арганізоўваць і шырыць Рух пад такой назвай. Першая задача гэтага Руху — рыхтаваць агульнанацыянальны страйк. Цяпер ён нерэальны, але ў будучыні магчымы. Трэба рыхтавацца. Антынародную дыктатуру можа перамагчы толькі скансалідаваная нацыя.
3. Рыхтаваць матэрыялы і выступіць істцамі па факту крымінальнага злачынства — масавага зьбіцьця і скалечаньня людзей у Менску, пабіцьця шыбаў у Доме ўраду (парляманту), зьдзейсьненага ворганамі і структурамі міліцыі, войска і КГБ ў дзень выбараў 19 сьнежня 2010 г.
4. Рыхтаваць матэрыялы і выступіць істцамі па факту правядзеньня антынацыянальнай палітыкі, плянамернага стварэньня умоў рэжымам Лукашэнкі для дэградацыі і выміраньня беларускай нацыі (генацыд).
5. Пазыцыя, выкладзеная ў п. 3, уключае ў сабе пытаньне аб вызваленьні з-пад арышту незаконна схопленых людзей, прадстаўнікоў апазыцыі, былых кандыдатаў у прэзыдэнты. Вызваленыя павінны быць усе.
Тут адзначу, што рэжым незаконна пасадзіў за краты вельмі розных асоб (нават агентуру). Шмат хто з арыштаваных ня быў на плошчы і нават ня меў непасрэднага дачыненьня да выбараў. Заказчыкі судовага спэктаклю рыхтуюць, магчыма, камэдыю асьмяшэньня са здрадай, пакаяннымі лістамі, супрацоўніцтвам са сьледзтвам, нагаворамі, сваркамі, здачай усіх і т. п. (Такое ўжо пачалося.)
Вызваленьне з-за кратаў незаконна арыштаваных павінна ісьці разам з іскам супраць рэжымных спраўцаў злачынства. Бяз гэтага патрабаваньне вызваленьня арыштаваных ператвораць у прадмет гандалю Захаду з Лукашэнкам.
Па сутнасьці з такой гандлярскай прапановай выступіў спадар Мілінкевіч: маўляў, спачатку вызваліце вязьняў, а потым Захад уступіць у перамовы з Лукашэнкам (гэта значыць, фактычна, прызнае яго). Няма чаго вам зь ім размаўляць, панове эўрасаюзьнікі, у той час, калі нам трэба яго зьняць і судзіць.
Менскі “падпал райхстагу” пачалі як хацелі — па-дзікунску, па-гэбоўску, па-бандыцку. Толькі калі для фюрэра ён абазначаў пачатак новага райха, неабмежаванасьць улады і ўзьлёт кар'еры, то для ягонага прыхільніка ў Менску (спадзяюся) стане, хутчэй за ўсё, пачаткам ганебнага яе канца.
7 студзеня 2011 г.
Зянон ПАЗЬНЯК
(Словы “куды вы трапілі, Уладзімер Пракопавіч?” пакідаю ў дужках, гэтак жа, як і меркаваньне пра тое, хто першы яго здасьць, якое я выказаў раней, і які яго ўжо здаў.)