У СТУДЗЕНІ 1991-ГА

Гісторыкі ведаюць, што гісторыя паўтараецца. Гэта ведаюць нават людзі, далёкія ад навукі, але здольныя рабіць высновы з перажытага і пабачанага. Вось і цяпер нягледзячы на магільнае маўчаньне афіцыйнай гістарычнай навукі многія, вельмі многія беларусы інстынктыўна параўноўваюць сёньняшнія падзеі і тэндэнцыі з тым, што адбывалася роўна дваццаць гадоў таму. І прыходзяць да высновы, што ідзе нейкае паўтарэньне даўно ўжо пройдзенай лекцыі па грамадазнаўству і эканоміцы сацыялізма. Многія людзі ня могуць пазбавіцца ад думкі, што ведаюць чым гэта ўсё скончыцца і да чаго прывядзе. Настолькі ідэнтычны напрамак набірае плынь грамадзкага жыцьця ў параўнаньні з тым, што было два дзесяцігоддзя таму.

У студзені 1991-га абсалютная бальшыня савецкага грамадзтва люта ненавідзела генсека і прэзыдэнта Гарбачова. На працягу некалькіх “перастроечных-гласных” гадоў на вачах ва ўсіх правалілася савецкая эканоміка, імпэрыя апынулася на мяжы голаду, паўсюль была ўведзена карткавая сістэма. Гарбачоўская балбатня і абяцанкі, якія зачароўвалі грамадзтва навізной і яркасьцю ў 1985-87 гадах, цяпер толькі раздражнялі людзей. А тут яшчэ паўсюль сталі зьдзіраць “презідентскій налог”. Пры любых выплатах за тавары і паслугі з кожнага кроўнага рубля, заробленага чалавекам, пад імя Гарбачова забіралі пяць капеек і больш. На азіяцкіх і каўказкіх ускраінах імпэрыі лютавалі ваенныя канфлікты. Партызанская вайна і пагромы, справакаваныя КГБ, былі на парадку дня. Тут трэба адзначыць, што яшчэ ў 1990 годзе Апазыцыя Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” начале з Зянонам Пазьняком вымусіла Вярхоўны Савет БССР вывесьці ўсіх вайскоўцаў-беларусаў з зонаў крывавых канфліктаў (так званых “гарачых кропак”). Гэтак былі выратаваны тысячы беларускіх жыцьцяў.

У эўрапейскай частцы СССР таксама было неспакойна. Ва Украіне падымаў на барацьбу за незалежнасьць Народны Рух Украіны і яго выдатны лідэр Вячаслаў Чарнавіл, вялікі сябра Беларусі. У прыбалтыйскіх рэспубліках дзейнічалі ня толькі народныя франты — шырокія грамадзкія рухі. У прынцыпе рацыянальныя прыбалты ўжо сфармавалі асноўныя дзяржаўныя структуры, якія гатовыя былі пераняць уладу ў краіне пасьля ліквідацыі маскоўскіх акупанцкіх структураў. Былі нават свае нацыянальныя спэцслужбы, аддзелы народнага апалчэньня, якія мелі зброю (няхай сабе і няшмат). Нацыянальныя лідэры прыкладалі шмат намаганьняў, каб стрымаць летувіскую, латышскую і эстонскую моладзь, якая рвалася ў наступ, у бой, хацела гнаць ненавісных акупантаў прэч з роднай зямлі проста па студзеньскім сьнезе.

Задача была няпростая. Гэбэ выстаўляла паўсюль сваіх правакатараў і папоў-гапонаў, якія з лубянскім красамоўствам гукалі ў атаку супраць абрыдлых саветаў. У прыбалтыйскіх людзей хапіла розуму абраць іншую тактыку — тактыку абароны сваіх каштоўнасьцяў. Многія разумелі (назіраючы за падзеямі ў Маскве), што трэба вытрымаць, не сарвацца, не пайсьці за папамі-гапонамі, не падставіцца пад удар, і праз некаторы час акупанцкая ўлада паваліцца пад уласным цяжарам. У нас, у Беларусі гэта якраз вельмі добра разумелі Зянон Пазьняк і ягоныя аднадумцы. Народны Фронт кансалідаваў беларускае грамадзтва, рыхтаваў глебу для аднаўленьня незалежнай Беларускай Дзяржавы.

Фронт удала зрываў усе правакацыі, якімі раз за разам савецкі КГБ спрабаваў дэстабілізаваць сытуацыю і выкарыстаць гэта для канчатковага здушэньня нацыянальнага супраціву. Кантора заклікала праз сваю агентуру да габрэйскіх пагромаў, да нішчэньня аўтамабіляў з летувіскімі нумарамі, вяла кампанію дэскрыдытацыі Народнага Фронту і яго лідэра. Але ніхто не злавіўся на гэтыя правакацыі.

На пачатку 1991 года стала відавочна, што Масква рыхтуецца нанесьці сьмяротны ўдар па народных рухах у Прыбалтыцы. Адусюль паступалі зьвесткі пра перасоўваньне вялікай колькасьці вайскаў і тэхнікі з БССР і Расеі ў прыбалтыйскія рэспублікі, дзе і так ужо ўсё было запоўнена савецкімі войскамі.

Раптам пасьля навагодніх сьвятаў у гэтых рсэпубліках былі рэзка падвышаны цэны на харчаваньне. Крэмль-Лубянка разьлічвалі на стыхійныя народныя выступы і зьбіраліся патапіць іх у крыві. Але нічога ня выйшла. Прыбалты зацята маўчалі і ня слухалі правакатараў. Тысячы людзей узялі пад абарону будынкі рэспубліканскай улады, друкарні, рэдакцыі патрыятычных СМІ і нацыянальнага тэлебачаньня. У абароне ўдзельнічала практычна ўся нацыя. У сталіцы зьязджаліся людзі з усяе рэспублікі. Ехалі цэлымі працоўнымі калектывамі, сем'ямі. З дзецьмі заставалася маці, а бацька ехаў на абарону парляманту. Праз тыдзень бацька вяртаўся, і маці ехала ў сталіцу. Народ пабудаваў вакол стратэгічных нацыянальных аб'ектаў барыкады і спакойна арганізоўваў абарону.

Урэшце ў Масквы ня вытрымалі нэрвы і пачалася крывавая істэрыя. Уноч на 13 студзеня спэцчасткі КГБ СССР пры падтрымцы бранетэхнікі атакавалі тэлецэнтар і атачылі парлямант Летувы ў Вільні. Людзей душылі танкамі, расстрэльвалі, білі прыкладамі аўтаматаў. Каб зрабіць выгляд, што ва ўсім вінаватыя летувіскія абаронцы, гэбэшнікі нават застрэлілі аднаго свайго афіцэра. Гэты адзіны расейскі труп доўга яшчэ быў адзіным аргумантам у гэбельсаўскай прапагандзе пра “освобожденіе Вільнюса”. 15 няўзброеных абаронцаў тэлецэнтра былі забітыя, больш за 600 былі параненыя. Тэлецэнтар быў захоплены акупантамі, але атака на будынак парляманту не разгарнулася. Там стаялі муром сотні тысячаў людзей, быў выкапаны супрацьтанкавы роў, на даху ўсталяваныя вострыя штыры на выпадак паветранага дэсанту.

Дэпутаты-фронтаўцы адразу ж запатрабавалі ад Вярхоўнага Савету БССР асудзіць крывавую акцыю савецкіх спэцслужбаў і маскоўскага кіраўніцтва. Фронтаўскія прадстаўнікі адразу выехалі ў Вільню, каб падтрымаць калегаў па летувіскаму парляманту ў іхнай барацьбе. На плошчы Леніна (цяпер — Незалежнасьці) у Менску 14 студзеня адбыўся вялікі мітынг салідарнасьці з летувіскім народам. Дзьмуў пранізьлівы халодны вецер, які рваў з рук людзей Бел-Чырвона-Белыя сьцягі, у вочы біў сьнег. З будынку Вярхоўнага Савета да людзей выходзілі фронтаўскія дэпутаты, распавядалі пра падзеі, заклікалі да арганізаванай фронтаўскай працы ў грамадзтве. На душы было трывожна. Людзі разумелі, што ў Прыбалтыцы вырашаецца таксама і наш лёс у агульным для ўсіх паняволеных народаў змаганьні з Імпэрыяй.

З гэтым настроем беларуская дэлегацыя ад БНФ паехала ў той час у Эстонію на міжнародную канфэрэнцыю паняволеных народаў, якую арганізоўвалі эстонскія патрыёты. Канфэрэнцыя адбывалася ў мястэчку Маарду, у будынку гістарычнага маёнтка 17-га стагоддзя. Ад Беларускага Народнага Фронту там былі я і Валеры Сядоў. Калі на самым пачатку канфэрэнцыі былі дыскусіі над парадкам дня і рэгламэнтам выступаў, то менавіта мы запрапанавалі, каб выступоўцаў ад Летувы не абмяжоўвалі па часе. Усе з хваляваньнем слухалі расповеды ўдзельнікаў падзеяў у Вільні. Разумелі, што такое можа ўжо заўтра паўтарыцца і ў іншых сталіцах і краінах. Імпэрскага зьвера калацілі канвульсіі. Савецкая Масква выходзіла на апошнюю крывавую стамэтроўку ў марнай спробе паратунку сваёй гнілой сістэмы.

У канфэрэнцыі бралі ўдзел прадстаўнікі нацыянальна-вызвольных рухаў з розных рсэпублік, а таксама нашы польскія сябры з “Змагарнай Салідарнасьці”, якія выйшлі з падпольля толькі паўгода таму. Мне найбольш запомніліся прадстаўнікі крымскіх татараў: некалькі маладых хлопцаў не старэйшых за 25 гадоў. Яны размаўлялі паміж сабой на роднай мове. Але нарадзіліся, як і ўсе іхныя равесьнікі, у азіяцкай ссылцы, куды Масква ў 1944 г. загнала ўвесь іхны народ. У студзені 1991 года толькі пачыналася вяртаньне крымскіх татараў на радзіму ў Крым, перад імі ляжаў яшчэ доўгі шлях змаганьня за права жыць на роднай зямлі. На такія канфэрэнцыі ніколі не запрашалі прадстаўнікоў ад Расеі. Ніхто аніразу нават не спытаў, а чаму іх няма. Усе цудоўна разумелі, што маскоўцам няма што рабіць з намі: усе яны за захаваньне “едіной і неделімой” — і бальшавік, і манархіст, і ельцыніст.

У Таліне вакол будынка парляманту Эстоніі стаялі імправізаваныя муры з бэтонных блокаў. На гэтай лініі абароны няслі варту маладыя эстонцы ва ўніформах нацыянальнай гвардыі, сур'ёзныя і негаваркія. Калі натоўпы “русскоговоряшчіх” правакатараў, арганізаваных гэбэ, спрабавалі былі штурмаваць парлямант, эстонцы адганялі іх моцнымі струменьнямі вады з брандзбойтаў. У адрозьненьні ад маладых, больш эмацыйнымі былі эстонскія дзяды, якія далучыліся да мерапрыемстваў канфэрэнцыі. За дзесяцігоддзі ў ГУЛАГу яны навучыліся чыста размаўляць па-расейску, ціснулі нам рукі, абдымалі. Бачна было: вэтэраны антымаскоўскай партызанкі шчасьлівыя, што дажылі да гэтых падзеяў, да вызваленчага ўздыму народаў.

Увечары 20 студзеня мы ад'ехалі з Таліна на цягніку. Але ў Менск не сьпяшаліся, купілі квіткі да Рыгі. І як у ваду глядзелі. З радыёнавінаў у вагоне пачулі, што ўначы сумна знакаміты рыжскі ОМОН штурмаваў будынак латвійскага міністэрства ўнутраных справаў (супрацоўнікі якога падтрымлівалі змаганьне за незалежнасьць Латвіі).

Калі мы выйшлі з вакзала, была яшчэ практычна ноч. Рыга патанала ў густой цемры. Здавалася, што трывога ахутала старажытны горад, душачы яго ў сваіх халодных абдымках. Мы адразу падаліся ў гістарычны цэнтар Рыгі. І тут перад будынкам парляманту стаялі маладыя хлопцы ва ўніформах нацыянальнай гвардыі, суровыя і негаваркія. На вуліцах палалі вогнішчы каля барыкадаў. Дзяжурныя абаронцы правяралі нашы пашпарты. Калі яны бачылі старонку запоўненую па-беларуску, то без пытаньняў прапускалі нас далей. Мы наведалі сядзібу Народнага Фронту Латвіі і накіраваліся ў радыёцэнтар, які знаходзіцца якраз насупраць Домскага сабору. Ахова зноў прапусьціла беларусаў. Мы ўбачылі ўзброеную моладзь, мэдыкаў, наладжаную працу штаба. Нас завялі ў студыю і запісалі наш выступ салідарнасьці і падтрымкі латышскім змагарам. Пабылі мы і перад будынкам МУС. Каля яго яшчэ стаялі спаленыя легкавыя аўтамабілі. Усё вакол было пасечана кулямі: дрэвы, сьцены, шыбы. Усё засыпана гільзамі ад патронаў. У будынку яшчэ працавала мэдычная брыгада.

Пазьней мы даведаліся, што сярод забітых абаронцаў міністэрства быў і афіцэр-беларус родам з Віцебшчыны. Гэбоўская акцыя застрашэньня (як і ўсе іхныя падобныя акцыі) выклікала зусім іншую рэакцыю грамадзтва. Каля міністэрства стаяла шмат людзей, на іхных тварах быў не страх і не адчай, а зусім іншыя пачуцьці. Запомніўся чалавек, выглядам тыповы інжынэр, які махаў рукамі і крычаў перад натоўпам: “Я — русский! Мне стыдно за то, что они делают тут...”

Увечары мы ўжо прыехалі ў Вільню. І зноў паўтарылася карціна народнай абароны. Маладыя гвардзейцы на пастарунках каля парляманта, паўсюль нацыянальныя сьцягі... На бэтонных блоках па лініі абароны напісаны праклёны маскоўскім забойцам і асабіста тав. Гарбачову, якому месяц таму крывадушны Захад уручыў Нобэлеўскую прэмію міру. На сьнезе валяюцца савецкія мэдалі і ордэны — летувіскія вэтэраны Аўганістана разьвітваліся тут з саўдэпіяй. І дзесяткі тысячаў людзей, якія стаяць муром і сьпяваюць нацыянальныя песьні.

Мы ня ведалі тады, ніхто ня ведаў, што ўсяго праз паўгода абрынецца гмах савецкай імпэрыі, які ў студзені 91-га здаваўся такім магутным. Мы ня ведалі, што наперадзе ў нашага народа яшчэ доўгае змаганьне супраць рэжыму ўнутранай акупацыі і падступнай Масквы. Але мы, — фронтаўцы, — зразумелі тады нешта вельмі важнае: ня трэба паддавацца на правакацыі і хадзіць за папамі-гапонамі, ня трэба слухаць пустых і фальшывых дзеячыкаў, якія гукаюць па-расейску пра дэмакратыю. У нас ёсьць народны лідэр Зянон Пазьняк, ёсьць наша мова, культура, ёсьць наш народ і наша зямля — вечная Беларусь, якую мы абавязкава вызвалім ад акупантаў.

Валеры Буйвал