АГЛЯД ЗАМЕЖНАГА ДРУКУ (03–04.I.2011)
Славацкая газэта “Katolicke Noviny”
3 студзеня 2011 г. Славацкая газэта “Katolicke Noviny” напісала пра маючую адбыцца ў Вене канфэрэнцыю ў рамках АБСЭ на тэму дыскрымінацыі хрысьціянаў у Эўропе. Вялікую справаздачу на гэтую тэму прадставілі гэтай міжнароднай арганізацыі аўтары маніторынга. У іхным дакумэнце апісаны шматлікія факты дыскрымінацыі хрысьціянаў па рэлігійнай прыкмеце на працоўных месцах і ў грамадзкім жыцьці, пра перашкоды ў рэлігійным выхаваньні дзяцей, пра гвалтоўнае выдаленьне хрысьціянскіх сымвалаў з грамадзкіх месцаў і навучальных установаў, публічнае высьмейваньне хрысьцінства і яго каштоўнасьцяў, апаганьваньне храмаў і г.д.
Наш камэнтар: Дыскрымінацыя хрысьціянства... не ў Афрыцы або Аўганістане. У Эўропе! У галаву не ўкладаецца гэты абсурд. Вось да чаго дакацілася Эўропа з лібэральна-сацыялістычнымі лідэрамі, Эўропа геданізма, пэдэрастаў і цынікаў. Але ўрэшце сумленныя (ды проста нармальныя) людзі падымаюць свой голас супраць гэтага сатанізма ў нашым эўрапейскім доме. Усё больш людзей разумеюць, што наш паратунак у вяртаньні да хрысьціянскіх каштоўнасьцяў.
Валеры Буйвал
Польская газэта “Gazeta Wyborcza”
3 студзеня 2011 г. Польская газэта “Gazeta Wyborcza” напісала пра зварот адвакатаў паэта Уладзімера Някляева ў Генпракуратуру РБ. Адвакаты зьвярнулі ўвагу на тое, што Някляеў знаходзіцца ў цяжкім стане, бо ён быў сьмяртэльна пабіты ў выбарчы вечар. Пракуратура сьцьвярджае, што ўсё ў яго ў парадку. Пракуратура паведаміла таксама, што ад арыштаваных “не паступала ніякіх скаргаў”. Газэта піша: “У той жа час сваякі затрыманых паведамляюць пракуратуры і праваабаронцам, што яны ня могуць перадаць у арышт КГБ ежу, вопратку і лекі для сваіх блізкіх. Адвакат і сям'я аднаго з былых кандыдатаў Уладзімера Някляева паведамілі на мінулым тыдні, што ў яго адбыўся гвалтоўны, небясьпечны для жыцьця скачок кравянога ціску”.
Наш камэнтар: Знаёмыя лубянскія штучкі пра “10 год без права перапіскі”. Усё гэта творчы засвоена крывавым антыбеларускім рэжымам.
Юрка Марозаў
Польская газэта “Zycie Warszawy”
3 студзеня 2011 г. Польская газэта “Zycie Warszawy” напісала пра звальненьне з турмы КГБ Дзімітрыева, кіраўніка штабу кандыдата на выбарах У. Някляева. Спасылаючыся на Радыё Свабода, газэта паведаміла, што “сам шэф штаба Някляева сказаў, што не гатовы да размовы з журналістамі”.
Наш камэнтар: А пра што можа распавядаць спалены агент? Пра тое, як служыў Януковічу ва Украіне і як нахлусіў пра Някляева ў Беларусі? Памятаеце — “милиция не виновата...”
Юрка Марозаў
Аўстрыйская газэта “Die Presse”
4 студзеня 2011 г. Аўстрыйская газэта “Die Presse” паведаміла пра рашэньне ўладаў Грэцыі пабудаваць загароджу на пэўным участку грэцка-турэцкай мяжы, праз які ў Грэцыю (а потым у іншыя заходнія краіны) пранікаюць нелегальныя імігранты з Усходу. Брусэль крытыкуе гэтае “блізарукае рашэньне”.
Наш камэнтар: Брусэль, мабыць, больш відушчы, чым Афіны, куды штодня прарываюцца праз турэцкую мяжу па 200 нелегалаў з экзатычных краінаў, у асноўным з Аўганістану. Але Грэцыя не зьвяртае ўвагі на брусэльскі лямант пра “правы чалавека” і “шматкультурнасьць” (сытыя ўжо). Грэцкая нацыя стомлена сотнямі тысячаў незапрошаных гасьцей і пачынае наводзіць парадак каля ўваходу ў свой нацыянальна-дзяржаўны дом.
Цікава, што пры гэтым Брусэль аплаціў летувісам велізарную суму на ўзьвядзеньне жалезнай агарожы на ўсім працягу беларуска-летувіскай мяжы, там дзе мяжы ніколі ня было і ў агарожы няма ніякай патрэбы (ну, хіба што панічны страх летувісаў за Вільню; чужое ў вушах пішчыць).
Алесь Хадасевіч
Латвійская газэта “Diena”
3 студзеня 2011 г. Латвійская газэта “Diena” напісала: “Летува паведаміла, што зробіць усё магчымае, каб зьмяніць рашэньне Беларусі не падоўжваць мандат бюро АБСЭ у Менску”. “Мы з дапамогай дыпляматычнага манэўра спрабуем, каб Менск перадумаў аб сваім рашэньні. — заявіў міністар замежных справаў Летувы Аджубайс”. Газэта дадае: “Аднак адкрыць пляны пераконваньня Менску міністар адмовіўся”.
Наш камэнтар: За “таямнічымі” заявамі віленскага істэблішмэнта крыецца разгубленасьць пасьля правалу мітусьлівай гульні з антыбеларускай дыктатурай. Кепска яны выглядаюць.
Алесь Хадасевіч
Польская газэта “Gazeta Wyborcza”
4 студзеня 2011 г. Польская газэта “Gazeta Wyborcza” напісала: “Улады выпусьцілі з турмы аднаго з апазыцыйных кандыдатаў на прэзыдэнта Віталя Рымашэўскага пасьля таго, як ён напісаў таямнічы ліст Аляксандру Лукашэнку. Напэўна ён пакаяўся ў лісьце за удзел у арганізацыі найвялікшага за апошніх 14 гадоў мітынгу апазыцыі ў Менску — так як раней гэта зрабілі тры іншых кандыдаты”.
Наш камэнтар: Пад “трыма іншымі кандыдатамі” маюцца на ўвазе Раманчук (“наш Ярэк” у польскай вэрсіі), Кастусёў ад псэўда-БНФ і мабыць кіраўнік штаба Някляева Дзімітрыеў. Няхай сабе ня надта дакладна ў дэталях, але сутнасьць зьявы перададзена польскай прэсай дастаткова адпаведна. Раім толькі палякам не забывацца пісаць з гэтай нагоды, колькі разоў гэтыя псэўдаапазыцыйныя дзеячыкі прадстаўлялі “беларускую дэмакратыю” на канфэрэнцыях у Польшчы і іх там прымалі на поўным сур'ёзе.
Юрка Марозаў
Польская газэта “Zycie Warszawy”
4 студзеня 2011 г. Польская газэта “Zycie Warszawy” напісала: “Былы прэзыдэнт Летувы Валдас Адамкус балюча перажывае пагаршэньне польска-летувіскіх адносінаў, а палітыку Летувы што да Беларусі вызначае як катастрофу”. Газэта цытуе словы Адамкуса: “Мы выразна перабольшылі, спрабуючы спадабацца Аляксандру Лукашэнку. Мы сталі проста пасьмешышчам”.
Наш камэнтар: У гэтым выпадку таксама можна параіць і летувіскім палітыкам не падманваць сваё грамадзтва і не выстаўляць прамаскоўскую псэўдаапазыцыю ў якасьці “барацьбітоў за дэмакратыю”. Вядома, што на працягу гадоў (у тым ліку і падчас прэзыдэнцтва сп. Адамкуса) гэтыя “барцы” рэгулярна вадзілі палітычныя карагоды ў Вільні. Палітычная пустышка В. Вячорка быў прызнаны там як “лідэрас Народнага Фронту”. Варта было толькі засьвяціцца на псэўдаапазыцыйным полі якому-небудзь Мілінкявічусу або Рымашэўскасу, як іх адразу пачыналі прымаць у афіцыйнай Вільні. І г.д. Ёсьць рэцэпт: ня трэба фальшы ў адносінах з суседняй краінай і ня будзеце выглядаць сьмешна ў крытычных сытуацыях.
Юрка Марозаў
Дацкая газэта “Politiken”
4 студзеня 2011 г. Дацкая газэта “Politiken” напісала, што кыргызкі ўрад вырашыў назваць гару на Цянь-Шані (4446 м) імем Пуціна. Там ужо ёсьць гара Ельцына. Прэм'ер краіны падпісаў адпаведны загад, застаецца прагаласаваць парляманту.
Наш камэнтар: Калі краінай кіруе не нацыянальны патрыятычны ўрад, а марыянэткавая групоўка чужой імпэрыі, то адбываюцца менавіта такія падзеі.
Алесь Хадасевіч