МІЛЬГАЕ МІЛІНКЕВІЧ

2 студзеня польская газэта “Rzeczpospolita” паведаміла, што ў гэты дзень з раніцы Аляксандр Мілінкевіч знаходзіўся на допыце ў КГБ, які працягваўся паўтары гадзіны. Пасьля таго, як Мілінкевіч выйшаў з КГБ, ён адмовіўся распавядаць аб тым, што адбывалася зь ім падчас допыту. Мілінкевіч патлумачыў, што даў падпіску аб тым, што ня будзе распавядаць нікому пра тое, што адбывалася на допыце.

Беларусы, даведаліся пра гэты цікавы эпізод з польскй прэсы. У “незалежных і дэмакратычных СМІ ў Беларусі” нічога не паведамлялася. У “незалежнай дэмжурналістыкі” выходныя дні і навагоднія сьвяты. Той факт, што ў нашай краіне разгортваеца ўсё больш адкрытая і жорсткая дыктатура, не адбівае іх ад сьвяткаваньня. Сотні людзей застаюцца за кратамі, палітычных дзеячаў цягаюць на допыт у КГБ. Добра што польскія журналісты не праспалі эпізод з Мілінкевічам.

А. Мілінкевіч ня першы, хто пасьля 19 сьнежня 2010 года робіць такую заяву. Сказаў пра “падпіску”, усьміхнуўся і зноў узяўся за справу “пашырэньня дэмакратыі” у Беларусі.

Але давайце разьбярэмся. Як павінен быў бы паводзіць сябе сапраўдны палітычны лідэр, беларускі патрыёт, чалавек разумны і адказны за свае дзеяньні і словы (на ўсё гэта прэтэндуе сп. Мілінкевіч)? Такі чалавек мог бы сабраць перад візытам у КГБ прэс-канфэрэнцыю і паказаць позву з КГБ, каб усе маглі пераканацца, што яна аформлена ў адпаведнасьці з законам. Далей ён мог бы заявіць, што будзе весьці размову з афіцэрамі КГБ толькі па справе, ўказанай у позве.

У будынак КГБ яго павінны былі б суправаджаць журналісты з “незалежных і дэмакратычных” СМІ. Яны мусілі б цярпліва мерзнуць на ганку канторы і чакаць героя. Пасьля гэтага ён павінен быў бы распавесьці ім аб тым, як ён паводзіў сябе на допыце. Як ён адмовіўся весьці размову аб недатычных да справы пытаньнях. Як ён выказаў пратэст супраць неабгрунтаваных рэпрэсій. Як ён запатрабаваў сустрэчы з увязьненымі кандыдатамі і перш за ўсё з двума кандыдатамі на прэзыдэнта, даверанай асобай якіх ён (Мілінкевіч) зьяўляецца. Ён павінен быў бы запатрабаваць таксама сустрэчы з цяжка параненым паэтам Уладзімерам Някляевым, аб сапраўдным лёсе якога дагэтуль ня ведае беларускае грамадзтва. Калі б яму адмовілі ў гэтым, ён мог бы заявіць пратэст, запатрабаваць умяшаньня пракурора па нагляду і іншае.

Нічога такога не было. Пакуль большасьць прыкметных пратэстных асобаў знаходзяцца пад арыштам ў канторы (куды якраз хадзіў А. Мілінкевіч), ён пачаў дэманстраваць сябе (асабліва на міжнароднай арэне) у якасьці галоўнага арганізатара гуманітарнай дапамогі ўвязьненым, гаранта і кіраўніка дэмсілаў Беларусі і г.д. Гэтай прафанацыі павінен быць пакладзены канец. Усе ўжо ведаюць цану ягоным такім паводзінам.

Янка Базыль