АГЛЯД ЗАМЕЖНАГА ДРУКУ

Аўстрыйская газэта “Die Presse”

28 сьнежня 2010 г. Аўстрыйская газэта “Die Presse” напісала: “Аўтарытарны прэзыдэнт Лукашэнка зрабіў свайго даўняга хаўрусьніка Мясьніковіча новым прэм'ер-міністрам”.

Наш камэнтар: Сапраўды, новы прэм'ер даўні хаўрусьнік аўтарытарнага дзеяча. У ягонай насычанай савецкай і постсавецкай кар'еры апошні да новага прызначэньня эпізод быў найбольш кур'ёзным — кіраўніцтва Нацыянальнай Акадэміяй Навук РБ. Ніякай навуковасьці ў непаўторным выглядзе вечнага “шэрага кардынала” зусім не было. Цікавы выбар Масквы... Калі ім карціць захоп беларускай эканомікі, то лепшага кадра ня знодзеш.

Алесь Хадасевіч

Польская газэта “Gazeta Wyborcza”

28 сьнежня 2010 г. Польская газэта “Gazeta Wyborcza” апублікавала артыкул пад тытулам “Някляеў жыве, яго дапытала КГБ і яго ўжо ня бьюць”. Польская газэта перадрукавала паведамленьне з парталу “Хартыі-97” пра візыт у турму КГБ у Менску адвакаткі Тамары Сідарэнкі: “Някляеў урэшце атрымаў пігулкі ад павышанага ціску, якія яму дапамаглі. Сідарэнка сказала, што затрыманы палітык у размове зь ёю падкрэсьліў, што “у адносінах да яго не ўжывалася аніякая фізычная або псіхічная сіла”. Цытуем далей з польскай газэты: “Яму не было прадстаўлена ніякіх абвінавачваньняў. Не выключаю, што яго вызваляць 30 сьнежня. Тады скончыцца тэрмін, да якога сьледчыя ворганы павінны прыняць рашэньне: прадставіць абвінавачваньні альбо вызваліць — мяркуе Сідарэнка”.

Наш камэнтар: Польская журналістыка аказалася вельмі арыгінальнай зьявай. Памятаем, як нават у савецкі час польскія рэпарцёры ехалі ў зоны ваенных канфліктаў і сацыяльна-палітычных закалотаў, давалі рэпартажы пад бомбамі, рызыкавалі сваім жыцьцём “раді несколькіх строчек в газете”... Калі ў суседняй Беларусі разгарнуліся драматычныя падзеі, то іх нібыта замкнула і яны амаль пагалоўна ператварыліся ў кабінэтных пісакаў, прычым у пісакаў з чужых шпаргалак — чыіх заўгодна: сумянавядомай “Хартыі”, нікому не вядомай Сідарэнкі і г.д. Што гэта — прафэсійная імпатэнцыя? Гэта рэпартаж? Хаця, як успомніш эйфарыю гэтых аўтараў на тэму “нашага Ярэка”, то многае становіцца зразумелым.

Алесь Хадасевіч

Польская газэта “Rzeczpospolita”

28 сьнежня 2010 г. Польская газэта “Rzeczpospolita” апублікавала артыкул пад тытулам “Лукашэнка пакіруе ўсім”. Газэта пераказала ацэнкі рэпрэсіяў уладаў ад Гары Паганяйлы з беларускага гэльсінскага камітэту, В. Карбалевіча, А. Лебедько. Газэта зазначыла, што рэгулярна выклікаюць на допыты дзеячаў партыі Справядлівы Сьвет начале якой стаіць колішні лідэр камуністаў С. Калякін. Газэта напісала далей, цытуем: “З другога боку, дастаткова нармальна дзейнічае Беларускі Народны Фронт (БНФ)”.

Наш камэнтар: Яшчэ адзін прыклад “аналітыкі” адной з вядучых польскіх газэт. Па аналітыку газэта зьвяртаецца да сп. Паганяйлы, “русскоязычнай” асобы са звонкім московскім говорком, якая ня раз ужо засьвечвалася ў асяроддзі псэўдаапазыцыі і менавіта ў сьвятле, вельмі выгадным для рэжыма.

Успомнім, да чаго сп. Паганяйла заклікаў перад выбарчым фарсам у газэце “Нар. Воля”. Ён заклікаў быццам бы да “байкоту” і тлумачыў, што трэба прыйсьці на выбарчы ўчастак, зарэгістравацца, ўзяць бюлетэнь, у кабінцы разарваць яго напалам, адну частку ўкінуць у ўрну, а другую вынесьці і некуды паслаць. Сваім прапановамі такія дзеячы зьбілі з панталыку многіх разумных і талковых людзей. Часьцей за ўсё ставіліся на супраціў рэжымнаму фарсу людзі, якія не чытаюць “Нар. Волю” і ня слухаюць Радыё Свабода, чым тыя, што чытаюць і слухаюць. Вось вынік дзейнасьці ўсіх гэтых паганяйлаў, карбалевічаў і лебедько.

Польскі журналіст, аднак, закрануў адну цікавую асабліваць падзеяў — “дастаткова нармальна існуе” падстаўны псэўда-БНФ пад кіраўніцтвам Янукевіча з іхным пацешным “кандыдатам” Кастусёвым, зь якога беларусы ўжо сьмяюцца. Гэтая публіка пасьлядоўна выконвае сваю функцыю па дэскрыдытацыі Народнага Фронту, імя якога яна прысабечыла і ідэю якога выставіла на пасьмешышча.

Алесь Хадасевіч

Славацкая газэта “SME”

28 сьнежня 2010 г. Славацкая газэта “SME” апублікавала артыкул пад тытулам “Крэмль раздражняе крытыка працэса над Хадаркоўскім”. Цытуем артыкул: “Масква востра асудзіла крытыку Захаду, якому не спадабаўся прысуд былому расейскаму магнату і гаспадару “Юкоса” Хадаркоўскаму”.

Наш камэнтар: Усе заходнія газэты каторы дзень запоўнены рэпартажамі і “аналітыкай” на гэтую тэму. Тэма неяк своечасова падсунута Масквой міжнароднаму грамадзтву якраз на пэрыяд драматычных падзеяў у Беларусі. І заходнікі з энтузіязмам купіліся на гэтую гумовую качку пра суд над двума маскоўскімі алігархамі-“дэмакратамі”. Затое як цікава чытаць...

Юрка Марозаў

Румынская газэта “Evenimentul Zilei”

28 сьнежня 2010 г. Румынская газэта “Evenimentul Zilei” паведаміла, што іспанскі ўрад выдаліў з краіны двух расейскіх дыпляматаў за “дзейнасьць, несумяшчальную з іхным статусам”. Газэта піша, што так звычайна фармулюецца прычына высылкі з краіны за шпіёнскую дзейнасьць. Высланы два сакратары амбасады РФ у Мадрыдзе. Масква заявіла, што ў адказ таксама высылае двух іспанскіх дыпляматаў.

Наш камэнтар: Яшчэ адзін правал лубянскай агентуры, якая ў Іспаніі абнаглела да крайнасьці. Ганарлівыя іспанцы гэтым разам паганялі маскоўскую кантору.

Юрка Марозаў

Летувіская газэта “Lietuvos Zynios”

28 cьнежня 2010 г. Летувіская газэта “Lietuvos Zynios” напісала, што ў адрозьненьні ад Пуціна, які назваў распад СССР “найвялікшай катастрофай 20-га стагоддзя”, Медведев прытрымліваецца іншых адносінаў да савецкага часу. На ягоны загад у зоне адпачынку над возерам пад Масквой у бліжэйшы час адбудзецца жартоўны баль “Назад у СССР”. Запрошаныя госьці павінны мець на сабе строі эпохі Брэжнява, увесь антураж і музыка з песьнямі будуць таксама з таго часу. Сьпяваць будзе Ала Пугачова.

Наш камэнтар: Такое ўжо бывала ў імпэрскай сталіцы “матушкі-Русі”. У Зімовым палацы любілі наладжваць такія балі-карнавалы. Цар Мікалай ІІ з царыцай-немкай сядзелі ў строях сялянаў чарназемнай паласы пасярод вяльможаў, апранутых у пацешных стральцоў, вурдалакаў, калікаў-лірнікаў, іванаў-грозных і малютаў-скуратавых. Ігралі балалайкі і гусьлі. З усёй кампаніі ня трэба было пераапранацца і прыкідвацца толькі адной постаці — Грышку Распуціну, які куражыўся і тупаў ботамі па эрмітажным паркеце. І тады, і цяпер такія гулянкі адбываліся і адбываюцца на фоне ямы, у якую правалілася маскоўская імпэрыя. Страшныя знакі...

Алесь Хадасевіч

Латвійская газэта “Neatkariga Rigas Avize”

28 сьнежня 2010 г. Латвійская газэта “Neatkariga Rigas Avize” апублікавала інтэрвію з лютэранскім сьвятаром з Рыгі Угісам Бруклэнам, які тры гады займаецца душпастырскай працай у Ірляндыі, а ў хуткім часе вяртаецца ў Латвію. Пастар распавёў, што прыкладна пятая частка латышоў, якія прыехалі ў Ірляндыю “назаўсёды”, вырашыла вяртацца на радзіму. Многія людзі нават не размаўляюць з сваімі дзецьмі па-латышску, каб “не перашкаджаць іхнай інтэграцыі ў мясцовае грамадзтва”. Іншыя стварылі ў Ірляндыі свае клюбы, спартовыя каманды, хоры і г.д. Але эканамічная сытуацыя пагоршылася, Цяпер яны “сядзяць на чымаданах” і лічаць дні да адлёту самалёту на радзіму.

Наш камэнтар: У кожным грамадзтве (нават у прыбалтыйскіх народаў) ёсьць пэўная частка асобаў, якія з лёгкасьцю ўцякаюць з краіны ў пошуках лепшай матэрыяльнай долі. Каб доля была максімальна лепшай, яны нават адрываюць сваіх дзяцей ад роднай мовы. Потым сытуацыя на “новай радзіме” рэзка пагаршаецца, і яны ўжо “сядзяць на чымаданах”. Так і бегаюць з месца на месца, цягаюць за сабой дзяцей.

Алесь Хадасевіч

Чэшская газэта “Mlada Fronta Dnes”

28 сьнежня 2010 г. Чэшская газэта “Mlada Fronta Dnes” апублікавала артыкул пад тытулам “Крэмль адклікаў амбасадара зь Беларусі, дэманстранты застаюцца ў турме”. Цытуем артыкул: “Хаўрус даў шчыліны. Расея сёньня адклікала свайго амбасадара з Беларусі на кансультацыі ў Маскву. Яна рэагуе такім чынам на затрамыньне 11 сваіх грамадзянаў. Яны апынуліся ў беларускай турме за ўдзел у супрацьуладнай дэманстрацыі ў цэнтры Менску пасьля выбарчага трыюмфу прэзыдэнта Аляксандра Лукашэнкі”.

Наш камэнтар: Ну, як вам лексіка заходняй “аналітыкі”? Мы і ня чулі, каб пасол Сурыкаў езьдзіў у Маскву. Ён вельмі задаволены хадой падзеяў: усё ідзе, як Масква і плянавала. Добра, што чэшская газэта не напісала пра танкавыя баі на неіснуючай беларуска-расейскай мяжы. А яны могуць і напісаць.

А чаго вартая згадка пра “выбарчы трыюмф” крывавага дыктатара? Столькі было панаехала на выбарчы фарс замежных журналістаў, суткамі не давалі спакою розным манаевым і карбалевічам. І вось вынік.

Юрка Марозаў