АГЛЯД ЗАМЕЖНАГА ДРУКУ
Польская газэта “Gazeta Wyborcza”
26 сьнежня 2010 г. Польская газэта “Gazeta Wyborcza” напісала пра А. Мілінкевіча, назвала яго “лідэрам беларускай апазыцыі”. “Лідэр” прапануе Эўразьвязу свой “нулявы варыянт”: каб рэжым выпусьціў усіх палітвязьняў і сп. Аўтуховіча, а пасьля гэтага Эўропа распачала б зь ім перамовы.
Наш камэнтар: На архіўным здымку ў газэце — Мілінкевіч перад эўрачыноўнікамі са сваёй фальшывенькай завучанай усьмешачкай. Гэты “лідэр” атрымаў сваё месца ў асяроддзі лідэрства псэўдаапазыцыі, якая завяла людзей на плошчу-мяшок пад удар дыктатуры. Цяпер ён выкарыстаў момант і ўключыў сваю кружэлку пра перамовы з рэжымам. Фактычна, прапаноўваецца пагуляць у закладнікі (па схеме Лукашэнкі) і потым легітэмізаваць рэжым праз перамовы.
Падобна, што ў Эўропе яму ўжо ня надта вераць. Сапраўды, вялі-вялі перамовы з прамаскоўскім рэжымам, нават гатовыя былі фальшывыя выбары прызнаць і вялікія грошы Лукашэнку даць, а ў апошні момант па загаду з Масквы рэжым усе дамоўленасьці абваліў. Трэба, аднак, чакаць, што Мілінкевіч днямі паедзе ў Эўропу з сольнымі канцэртамі: даваць свае “тлумачэньні” таго, што адбываецца ў Беларусі.
Скептыкі могуць спытаць: а што трэба было рабіць? А вось што. Сапраўдная апазыцыя павінна была на рэйкі класьціся і патрабаваць, каб Захад не прызнаваў фальшывыя выбары. Сапраўдная апазыцыя павінна была б падтрымаць Народны Байкот, не выстаўляць сваіх “спарынг-кандыдатаў”, не заклікаць да ўдзелу выбаршчыкаў у галасаваньньні г.д. Адным словам, сапраўдная апазыцыя ня хлусіць свайму народу і сьвету, не выкручваецца.
Алесь Хадасевіч
Польская газэта “Rzeczpospolita”
26 сьнежня 2010 г. Польская газэта “Rzeczpospolita” напісала: “Наш урад мяркуе, што рэакцыяй на сфальшаваныя прэзыдэнцкія выбары і разгром апазыцыі ў Беларусі павінна быць адкрыцьцё польска-беларускай мяжы для звычайных беларусаў — даведалася “Жэчпаспалітая”. Нават насуперак Брусэлю, бо цяжка спадзявацца хуткай падтрымкі такой ініцыятывы з боку ўсіх краін Эўразьвязу, асабліва такіх, як Італія ці Іспанія”. Польскі ўрад мяркуе зрабіць бясплатнымі візы для наведваньня тэрыторыі Польшчы, пашырыць праграмы па культурнаму і адукацыйнаму супрацоўніцтву. Цытуем фінал артыкула: “Такога тыпу ініцыятываў здаўна дамагалася тамашняя памяркоўная апазыцыя з Аляксандрам Мілінкевічам на чале”.
Наш камэнтар: Нават новы тэрмін ёсьць — “памяркоўная апазыцыя Мілінкевіча”. Вось як! Ён, аказваецца, ўжо не “агульны лідэр апазыцыі”, а “начале памяркоўных”. Цікава, а наколькі памяркоўных?
Зразумела, што гэта справа польскага ўраду, як каго кваліфікаваць, але няўжо яны не пераканаліся, што маюць справу з правальшчыкам і фальшывай падстаўной фігурай? Там, дзе засьвечваецца Мілінкевіч, усё даводзіцца да абсурду і правальваецца.
Алесь Хадасевіч
Польскі штотыднёвік “Tygodnik Powszechny”
26 сьнежня 2010 г. Польскі штотыднёвік “Tygodnik Powszechny” напісаў пра “выбары ў Беларусі”, што яны “прайшлі больш лібэральна, але Лукашэнка паказаў сваю звычайную жорсткасьць”. На Кастрычніцкай плошчы пасьля выбараў сабраліся 5 тысячаў дэманстрантаў, на якіх напала міліцыя. Але перад абедам быў пабіты і арыштаваны адзін з кандыдатаў Ул. Някляеў.
Наш камэнтар: Адным словам, у агародзе бузіна, а ў Кіеве дзядзька... Мы ведаем, што дэманстрантаў было ў дзесяць разоў больш, паліцэская правакацыя і напад адбыліся на пл. Незалежнасьці, а сп. Някляева цяжка паранілі далёка пасьля абеду (за паўгадзіны да дэманстрацыі). І гэта ўзровень польскай журналістыкі, якая дае інфармацыю не з іншай плянэты, а з суседняй краіны. Фантастыка!
Алесь Хадасевіч
Румынская газэта “Adevarul”
27 сьнежня 2010 г. Румынская газэта “Adevarul” напісала пра стварэньне румынскімі і малдаўскімі кінематаграфістамі гістарычнага фільма “Стэфан Вялікі. 1475 год”. У фільме задзейнічаны лепшыя акторы. Галоўны герой фільма князь Малдовы Стэфан некалькі разоў заяўляе ў фільме пра “адзінства румынскага народу”.
Наш камэнтар: Стэфан чэл Марэ (Вялікі) — найвыдатнейшы дзеяч гісторыі Малдовы, пры якім княства дасягнула найвялікшай магутнасьці, граміла турак і іншых заваёўнікаў. Беларусы сутыкнуліся з Стэфанам аднойчы — у 1497 годзе. Польскае войска вярталася з Малдовы пасьля правальнай спробы аблогі горада Брэіла. На мяжы яно патрапіла ў пастку да Стэфана, палякам пагражаў поўны разгром. Але ў самы драматычны момант падасьпела беларуская кавалерыя, якая фарсіраванымі маршамі ішла з ВКЛ на дапамогу палякам. Дзякуючы нашаму рыцарству войска здолела вырвацца з абкружэньня і выратавацца.
У цывілізаваных дэмакратычных краінах здымаюць цывілізаваныя гістарычныя фільмы пра нацыянальную гісторыю. У акупаванай Беларусі паўстаюць “шэдэўры” лукашыстоўскай эстэтыкі, кшталту русскоязычного кінапасквіля “Анастасія Слуцкая” ці кінагнюснасьці “Павлинка-New”.
Алесь Хадасевіч
Славацкая газэта “SME”
27 сьнежня 2010 г. Славацкая газэта “SME” напісала пра падзеі ў Менску, што адбыліся 19 сьнежня: “Пратэсты скончыліся атакай на будынак ураду і парляманту — дэманстранты разьбівалі шыбы, выламывалі дзьверы. Пасьля гэтага жорстка дзейнічала паліцыя і 639 асобаў арыштавала проста на месцы”.
Наш камэнтар: Яшчэ адзін прыклад прымітыўнай “журналістыкі-аналітыкі”. Калі вы сабраліся пісаць пра падзеі ў Менску, дык паглядзіце хаця б відэакадры гэтых падзеяў: як купка правакатараў (пераапранутых амонаў) бье і ламае на ўваходзе ў Дом Ураду. Пра гэта аніслова (яны ж бо ўзялі інфармацыю з лукашысцкага экрана).
Юрка Марозаў
Чэшская газэта “Lidove Noviny”
27 сьнежня 2010 г. Чэшская газэта “Lidove Noviny” пісала пра рэпрэсіі ў Менску, якія працягваюцца і пасьля 19 сьнежня. На здымку ў газэце — закратаванае вакно на сумнавядомай Акрэсьціна, адкуль высунута рука вязьня з аркушом паперы, на якім напісана “Перамога за намі!”
Наш камэнтар: Адчуваецца, аднак, што заходнія журналісты так і не зразумелі, аб чым йдзецца ў Беларусі. Калі б яны зразумелі, то пісалі б не пра “важдзей”, а бралі б інтэрвію ў маладых хлопцаў і дзяўчат, якія паўсталі супраць абрыдлай русіфікатарскай дыктатуры (хаця і ў Беларусі не да ўсіх дайшло). Пісалі б, што ў Беларусі заявіла пра сябе новае пакаленьне, якое ня ведае, што такое СССР і ня хоча жыць пад уладай прамаскоўскага маразму.
Юрка Марозаў
Аўстрыйская газэта “Der Standard”
27 сьнежня 2010 г. Аўстрыйская газэта “Der Standard” пісала пра рэпрэсіі ў Беларусі і пра мітынг супраць Лукашэнкі перад амбасадай Беларусі ў Маскве. Пад падтытулам “Запозьненае віншаваньне” газэта паведаміла пра тое, як Медведев павіншаваў з перамогай Лукашэнку.
Наш камэнтар: Крамлёўскія віншаваньні газэта чамусьці называе “запозьненымі”. А Масква проста вытрымала паўзу “для саліднасьці”. Свае віншаваньні паслалі крываваму дыктатару ўсе магчымыя экзоты і маргіналы, настала і чарга Масквы, якая стаіць за гэтай дыктатурай і гэтымі рэпрэсіямі.
Юрка Марозаў
Нямецкая газэта “Sueddeutsche Zeitung”
27 сьнежня 2010 г. Нямецкая газэта “Sueddeutsche Zeitung” паведаміла пра мітынг з 4 тысячаў людзей на Пушкінскай плошчы ў Маскве, які адбыўся напярэдадні. Яны выступалі супраць правага экстрэмізма і трымалі ў руках плякаты “Расея для ўсіх!”, “Фашызм ня пройдзе!”, “Мы не дазволім разваліць нашу Расею!”
Наш камэнтар: Маскоўскія інтэлігенты-мітынгоўшчыкі неяк і не заўважылі, што фашызм у Маскве і “до самых до окраін” ужо даўно прайшоў і камфортна атабарыўся. Што паратункам для народаў (у тым ліку і расейскага) быў бы якраз канчатковы развал дапатопнай расейскай імпэрыі.
Алесь Хадасевіч