СМІ ПАСЬЛЯ ПЛОШЧЫ
Многія ў нашай краіне даўно ўжо адэкватна ацанілі правінцыйны характар мясцовых “незалежных і дэмакратычных” СМІ. Беларусы столькі разоў былі вымушаны шукаць паўнавартасную інфармацыю і нават праўду пра падзеі ў Беларусі ў замежных СМІ (нават у расейскіх), што перасталі нават раздражняцца недалёкасьцю мясцовай журналісцкай публікі і яе сэрвільным прыёмчыкам (бальшыня з гэтых асобаў нават ня здольныя зьвязаць два словы па-беларуску).
На працягу апошніх месяцаў гэтая публіка ў сваіх выданьнях амаль татальна заклікала беларусаў “ісьці на выбары” і “падтрымаць апазыцыйных кандыдатаў”. Як яны ізгаляліся з патрыятычнай ідэі Народнага Байкоту, як хіхікалі і выстаўлялі шкоднікамі патрыётаў! Цяпер журналістам нават ня сорамна. Яны і слоўцам не згадаюць, што Народны Байкот выбарчага фарсу быў адзіным слушным мэтадам барацьбы супраць дыктатуры. Яны не прызнаюцца ў тым, што падзяляюць адказнасьць за тое, што дзесяткі тысячаў людзей былі заведзены на плошчу-мяшок і кінуты пад дубіны рэжымных эсэсаўцаў.
Ня будзем чакаць ад іх прызнаньняў і пакаяньня, можа калі небудзь да іх дойдзе. Але паўстае вельмі важнае пытаньне: чаму цяпер, калі ўсё ўжо стала зразумелым, яны не выконваюць свае прафэсійныя абавязкі, абавязкі перад народам? Эфір і старонкі “незалежных і дэмакратычных” запоўнены ў асноўным белетрыстыкай журналісцкага жанру. Нават на Радыё Свабода разгортваецца шматслоўная дыскусія з мэтай апраўдаць гнюсны ўчынак баязьліўца “кандыдата” Раманчука, які раніцай 20 сьнежня пабег па акрываўленым сьнезе ціснуць руку Лукашэнку і кланяцца яму.
Сапраўдны сэрыял прысьвечаны “кандыдату” ад псэўда-БНФ Кастусёву, які з той жа раніцы 20 сьнежня мітусіцца па сталіцы і робіць бязглуздыя заявы. 21 сьнежня ён паведаміў, што яго выклікаюць на допыт у КГБ. Прычым зазначыў, што “прычыну выкліку яму не паведамілі”. Чаму Кастусёў пабег у КГБ і прабыў там (як ён сьцьвярджае) цэлы дзень на допыце? Сапраўдныя фронтаўцы ведаюць, што паводле закону, КГБ абавязаны прыслаць позву з вызначэньнем справы і артыкула Крымінальнага Кодэксу, па якіх выклікаюць чалавека. Калі па сьвістку з канторы дзеяч бяжыць у кантору, то значыць гэта ў лепшым выпадку несур'ёзная фігура.
У гэты час чамусьці менавіта маскоўскія журналісты праводзяць рассьледваньні, аналіз фота- і відэаматэр'ялаў, думаюць, супастаўляюць і робяць важныя высновы. Чаму яны — у сваёй Маскве — займаюцца не лухтой і пустазвонствам, а аналітычнай працай? Чаму мясцовая журналістыка не аналізуе факты і падзеі? Чаму маскоўскія пінкертоны ад журналістыкі дэманструюць нам прыроду і характар крывавай правакацыі, арганізаванай рэжымам 19 сьнежня?
Падобна, што многія дзеячыкі ад мясцовай журналістыкі ня могуць ужо нічога іншага рабіць, як толькі хлусіць людзям і цягнуць беларусаў на выбарчыя фарсы ды за папамі-гапонамі. Прычым, робяць яны гэта за тлустыя грантаўскія ганарары “за пашырэньне і ўмацаваньне дэмакратыі”.
Пасярод драматычных падзеяў, што разгортваюцца ў Беларусі, шмат зь якімі асобамі і катэгорыямі дзеячаў ўсё раптам высьвятляецца.
Янка Базыль