ДЗЕ ПАЭТ НЯКЛЯЕЎ?

Такой ілжы мы ня ведалі ніколі ў гісторыі, нават пры бальшавіках. Здаецца, што ўсё грамадзтва пагрузілася ў яе ліпкую твань. Ілгуць усюды: ва ўладзе, на тэлебачаньні і радыё, у КГБ і міліцыі, у ЦВК і на выбарах, у ахове здароўя і ў друку, у юстыцыі і судах. Ілгуць цынічна і нахабна, не міргаючы і гледзячы ў вочы.

У сьвеце хлусьні чалавек траціць арыентацыю. Гэта якраз тое, чаго ніяк ня могуць зразумець людзі з Захаду, трапляючы на Ўсход. Нядаўна заходнія журналісты (што былі сьведкамі пабіцьця народу на плошчы Незалежнасьці ў Менску) перажылі цывілізацыйны шок, паслухаўшы на прэс-канфэрэнцыі галоўнага арганізатара і заказчыка гэтага злачынства, які выступіў у ролі абвінаваўцы. Тут якраз здарыўся той выпадак, калі заходнікі, якія былі там і самы бачылі тую рэчаіснасьць, пачулі на канфэрэнцыі перакручаны яе камэнтар у вульгарнай фразэалёгіі.

З “шоку” яны, відаць, яшчэ доўга ня выйдуць. Хаця сутнасьць зьявы вядомая. Фантан неадэкватнай некантралюемай хлусьні — гэта вынік скрыўленьня душы, псіхічнае збачэнства, кшталту клептаманіі. Асоба, якую апанавала хлусаманія, ня можа ня хлусіць, пра што б яна ні казала. У бытавых дачыненьнях чалавек, што залежны ад хлусаманіі, траціць усялякую павагу ў асяроддзі. Аднак ён ня ў стане ўплываць на сваё асяроддзе. Калі ж такі суб'ект узносіцца на вяршыню некантралюемай аўтарытарнай улады (рэдкі выпадак), то хлусіць пачынае ўся ўлада. Яе хлусьня ўплывае на здароўе грамадзтва.

Увесь інтэрнэтны сьвет дакумэнтальна ў відэа-запісах убачыў бандыцкае нападзеньне спэцназу на Ўладзімера Някляева ў час выбарчай кампаніі, бачылі ягоны цяжкі непрытомны стан, пабітую галаву і твар. І вось характэрны прыклад публічнай хлусаманіі:

“Міліцыя зьбіла Някляева, ай-яй-яй, ай-яй-яй! — іранізуе Лукашэнка. — Я знаходжу міністра аховы здароўя Жарко ўначы, кажу: “Васіль Іванавіч, я цябе пераканаўча прашу, пракантралюй, акажыце дапамогу. Ты ж разумееш, што смуроду столькі, што далей няма куды”. Ён мне кажа: “Ды супакойцеся вы, там драпіна на патыліцы і сіняк пад вокам...” Някляеў рвецца на плошчу, бо там безь яго ўжо дзеляць уладу. Падзеі на плошчы скончыліся. Сабралі кансыліюм, яго накіроўваюць на амбуляторнае лячэньне. Тэлефануе мне міністар і кажа: “Ды мы яго са шпіталя вытурыць ня можам. Пад дзьвюма коўдрамі схаваўся”. Знайшоў там адстойнічак, дзе вырашыў ціхенька адляжацца. Ня выйдзе!”

Ноччу з 19 на 20 сьнежня сем замаскаваных асобаў у чорным уварваліся ў палату рэанімацыі шпіталя хуткай дапамогі, дзе пад кропельніцай ляжаў зьбіты паэт Някляеў, вырвалі катэтары, кінулі паэта на бальнічную коўдру і павалаклі на ёй прэч.

Да сёньняшняга дня (чацьвер, 23 сьнежня) невядома, што зь Някляевым, ці жывы ён і дзе ён знаходзіцца.

Чарговы ілгун рэжыму міністар унутраных спраў А. Куляшоў 22 сьнежня сказаў наступнае: “Затрыманыя былыя кандыдаты ў прэзыдэнты Андрэй Саньнікаў і Ўладзімер Някляеў абсалютна здаровыя, абсалютна нармальна, камфортна сябе адчуваюць... і знаходзяцца ў адпаведных месцах”.

Наступны хлус паведаміў, што “адпаведнае месца” — гэта турма КГБ. І што быццам бы Някляеў там. Ускосна яно нібыта пацьвердзілася. Затрыманыя, якім рэжым заплянаваў “прышыць” крымінал, сапраўды знаходзяцца ў КГБ. Зь некаторымі ўжо бачыліся адвакаты.

Але ніхто ня бачыў Някляева, ніхто ня ўзяў яму перадачы, не дапусьцілі адваката. Той, хто ведае манеры лукашысцкага рэжыму і Лукашэнкі, разумее злавеснасьць такога становішча.

Беларусы мусяць дазнацца, дзе знаходзіцца выкрадзены рэжымам наш знакаміты паэт Уладзімер Някляеў. Яго ніхто не арыштоўваў. Супраць яго былі выкананыя крымінальныя дзеяньні: напад, зьбіцьцё і выкраданьне.

Дзе Някляеў? Гэтае пытаньне — усім уладным хлусам. Дзе паэт? У мяне падазрэньне, што тут нешта ня проста так. Мы памятаем, як (па-медыцынску) зьнішчылі ў шпіталі ў Бараўлянах вялікага Васіля Быкава. Калі з паэтам што здарыцца, то Вы, хлусы, ўсёй вашай чорнай крывёй ня змыеце ягоную кроў!

Эўропа, якая падрыхтавалася цалавацца з мужланам (нават абдымкі расчыніла), здаецца, ужо апамяталася, хоць ніхто там не пасыпае галаву попелам. Чарга за Расеяй, што ў апошні момант адбіла “любоўнічка” ў Эўропы. Беларусам ужо надакучыла гэтая палітычная геапрастытуцыя з Усходу і Захаду. Надакучылі гэтыя бруд, блуд, гвалт і хлусьня. Нам трэба самым наводзіць парадак у сваім доме.

18 сьнежня быў закладзены Рух “За новыя выбары без Лукашэнкі”. Працэс толькі пачынаецца. Трэба ўключацца ў гэтую справу. Але найпершая задача — гэта вызваленьне ўсіх арыштаваных у час пабоішча, арганізаванага рэжымам 19 сьнежня ў Менску, і прыцягненьне да крымінальнай адказнасьці правакатараў ды рэжымных арганізатараў пабіцьця людзей.

Фактаў дастаткова. Ёсьць фатаграфіі правакатараў і аўдыё-запісы іхных перамоваў па рацыі са спэцназам. Крымінальную справу трэба будзе адчыняць, але на лаве падсудных павінны сядзець ня тыя, каго зьбілі, а тыя, хто зьбіваў людзей, хто дэманстратыўна разьбіваў вокны ў Доме ўраду.

23 сьнежня 2010 г.

Зянон ПАЗЬНЯК