ГЭТА — ФАШЫСЦКІ ПЕРАВАРОТ

(ліст ад чытача)

У панядзелак, пасьля драматычных падзеяў 19 сьнежня, у мяне балела душа. Упэўнены, што тое ж перажывалі многія беларусы, неабыякавыя да лёсу Бацькаўшчыны. Я чалавек пажылы і не пайшоў на плошчу Кастуся Каліноўскага пасьля выбарчага фарсу, ды і сям'я не пусьціла б. Даведаўся, што асноўныя падзеі адбыліся не там, а на плошчы Незалежнасьці перад Домам Ураду. Я паехаў у цэнтр Менска. Выйшаў з станцыі мэтро “Плошча Незалежнасьці” і ўбачыў тое, што рэжым не паспрабаваў нават выдаліць: заліты крывёй патаптаны сьнег, паўсюль валяюцца шапкі, абрыўкі сьцягоў і плякатаў. Звычайна крымінальнікі імкнуцца, калі гэта магчыма, не пакідаць сьведчаньні свайго злачынства. А тут усё было пакінута некранутым — каб застрашыць нашых людзей, якія будуць бачыць гэтую страшную карціну на месцы рэпрэсіяў.

Я пастаяў пасярод плошчы і паехаў дахаты. У душы, аднак, нарадзіўся не страх, а нянавісьць да гвалтаўнікоў, якія арганізавалі і зьдзейсьнілі гэтае злачынства. Якія пралілі беларускую кроў. Я не хадзіў на гэтыя “выбары”, бо па ўсяму было бачна, што рыхтуецца хамскі антызаконны фарс. Так яно і аказалася. Цяпер мне прыемна, што крывадушныя заганяльшчыкі на фарс не пакарысталіся маёй прысутнасьцю на выбарчым участку. Я ня даў сябе абдурыць ні Лукашэнку, ні апазыцыйным зазывалам на выбары.

Выйшаўшы з мэтро, я перасеў на аўтобус, які курсіруе ў наша Уручча. У салоне было шмат людзей. Усе слухалі ажыўленую гаворку, што на ўсё горла вялі між сабой два маладых чалавекі ў форме са знакамі “АМАП”. Ім было весела, яны сьмяяліся, успамінаючы сваю прыгоду. Адзін казаў другому: “Да это мы с ребятами оделись по гражданке и били двери и окна...” А другі гукнуў радасна: “А мы стояли строем, а потом пошли. Тут одна баба упала, я её щитом по голове...” Стала зразумела, што яны былі там — на плошчы, дзе мясілі нашых людзей. Я пачуў таксама важнае сьведчаньне таго, што дзьверы і шыбы ў Доме Ураду білі пераапранутыя амапаўцы. Ад весялосьці гэтых гарыл кроў стыла ў жылах.

Так званае “вайсковае Уручча” — гэта спэцыфічны мікрараён. Нядаўна тут — былі пабудаваныя шматпавярховыя дамы для асаднікаў. Для розных адстаўнікоў, а таксама для цяперашняга расейскага афіцэрства, якое робіць кар'еру ў беларускай арміі і іншых структурах рэжыму. Ва Уруччы заўсёды шмат было маскоўскіх асаднікаў. Калі яны слухалі размову амапаўцаў, то гукалі: “Молодцы, ребята! Так и надо”. І сьмяяліся. Беларусы, што сядзелі ў аўтобусе, зьнямелі пасярод гэтага чужынскага шабасу.

Я пажыў на сьвеце. Памятаю, хоць быў малы, страшныя 30-я гады. Памятаю, зь якімі нахабнымі тварамі хадзілі па вуліцах нашага Менску зьверачалавекі з НКВД. Памятаю, як рагаталі на нашай зямлі нямецкія акупанты з эсэсаўскімі знакамі. Яны таксама выхваляліся сваімі бандыцкімі подзьвігамі пасярод зьнямелага беларускага насельніцтва.

Тое, што здарылася 19 сьнежня, гэта — фашысцкі пераварот. Мушу казаць праўду аб тым, што бачу і перажываю. Трэба рыхтавацца нам да змаганьня з расейскім фашызмам.

Яўхім Татарнікаў