ФАЛЬШЫВЫЯ ВЫБАРЫ СКОНЧЫЛІСЯ
У рэальнасьці Лукашэнка атрымаў каля 30 адсоткаў галасоў, каля 20 — Някляеў, каля 15 — Саньнікаў і далей па зыходзячай — усе астатнія. Павінен бы быць 2 тур. Акрамя таго на палове ўчасткаў у Менску прагаласавала менш паловы выбаршчыкаў. Тое ж і па Беларусі. Але адпаведна падлеткавай псіхіцы ўзурпатара яму намалявалі 79 адсоткаў і па 1-2 адасоткі астатнім. (Пра што мы, фронтаўцы, увесь час і папярэджвалі ў час выбарчай клаунады.)
Элегантнай перамогі, аднак, не атрымалася. Ізноў рукі ў крыві. Як мазаічны псіхапат Лукашэнка ня мог не адпомсьціць крыўдзіцелям-кандыдатам, што крытыкавалі яго ў час выбарчай кампаніі. У 19.25 група ў 50 асобаў замаскаваных у чорнае (мяркуецца што спэцназ) беспрычынна напала на прадстаўнікоў выбарчага штабу У. Някляева. Людзей зьбілі (прытым узрывалі і кідалі ў іх выбуховыя пакеты). Някляева білі па галаве на сьмерць.
Ён страціў прытомнасьць. Паэта забрала хуткая дапамога і адвезла ў шпіталь у рэанімацыйнае аддзяленьне. Каля 2-й гадзіны ночы ў шпіталь уварваліся сем замаскаваных і апранутых у цывілнае асоб, схапілі Някляева і павалаклі ў невядомым накірунку. Па маіх зьвестках загад на зьбіцьцё Някляева і іншых людзей даваў асабіста Лукашэнка. Гэта ёсьць ня проста крымінал, бандытызм пад прыкрыцьцём улады. Тут мы бачым ужо дзеяньні ўладнага тэрарызму. Нельга дапусьціць каб лукашысты забілі Някляева. Беларуская грамадзкасьць і ўвесь сьвет мусяць падняць свой голас у абарону Уладзімера Някляева.
Някляеў павінен быў кіраваць плошчай. Быў канструктыўны план дзеяньняў, які быў бы ажыцьцёўлены. Але калі Някляева там не аказалася, плошча стала некіруемай.
Людзей лёгка вывелі з плошчы Каліноўскага (чаго ў прынцыпе нельга было рабіць) і завялі ў пастку — да Дому Ураду на плошчу Незалежнасьці (акружаную спэцназам, і тыя, хто вялі народ, павінны б былі тое ведаць). Неўзабаве правакатары пачалі біць шыбы ў дзьвярах Дома Ураду і адтуль выскачылі падрыхтаваныя ўжо аддзелы АМАПу. На плошчу ўвялі з акружэньня часткі спэцназу і пачалі жорсткае без разбору зьбіваньне людзей.
Тут заўважу, што Лукашэнка, за апошні час пазамяняў у спэцпадразьдзяленьнях камандзіраў-беларусаў на небеларусаў (у асноўным на выхадцаў з Азіі), для якіх беларусы чужое (ці нават акупацыйнае) насельніцтва, якое можна зьбіваць і забіваць.
Ізноў беларусы аказаліся зьняважанымі, прыніжанмі, абпляванымі цемрай, якую над сабой паставілі. Ізноў прыдуць дахаты і скажуць “зачэм этат беларускі язык”. Бог нам суддзя. Ён калі хоча пакараць, то адымае розум.
Гэтак скончыла свой клоунскі ўдзел ў фальшывых выбарах гэтая фальшывая “апазыцыя” — без нацыянальнай ідэі, бяз розуму і без адказнасьці перад людзьмі. Было некалькі шансаў перакуліць увесь гэты выбарчы вертэп, але па Сеньку шапка, няздольныя яны аказаліся тое зрабіць. Вось і вынік.
Зянон Пазьняк