КХП — БНФ ЗАКЛІКАЕ СТВАРЫЦЬ РУХ “ЗА НОВЫЯ ВЫБАРЫ БЕЗ ЛУКАШЭНКІ”
18 сьнежня на пляцы каля Акадэміі навук сябры КХП-БНФ правялі сустрэчу выбарцаў. На ёй была агучана заява старшыні партыі Зянона Пазьняка.
У палітычнай заяве, якую прысутным зачытаў намесьнік старшыні КХП-БНФ Юрась Беленькі, даецца ацэнка папярэдняму галасаваньню, якое адбывалася “пад прымусам і гвалтам”. Выбары, якія адбываюцца з парушэньнямі “ня могуць быць прызнаныя за дэмакратычныя і нармальныя, а галасаваньне за сапраўднае”. Пра гэта сябры КХП-БНФ паведамяць назіральнікам АБСЭ і міжнародным арганізацыям.
Паводле заявы, “лёс фальшывых выбараў рэжыму (а па вялікаму кошту і лёс Бацькаўшчыны) апынуўся ў руках дзевяці спарынг-кандыдатаў, што фармальна супрацьставяцца Лукашэнку на фальшывых выбарах. Для перакульваньня ўсяго выбарчага фарсу дастаткова было, каб усе яны разам зьняліся з выбараў у знак пратэсту супраць прафанацыі папярэдняга галасаваньня і супраць незаконнага ўдзелу Лукашэнкі ў выбарах на чацьвёрты тэрмін. Падставы важкія. Магчымасьць унікальная, Пасьля гэтага магла стацца плошча герояў і плошча свабоды”.
Прыняцьцё “вызначальнага рашэньня аб супольным выхадзе з выбарчай кампаніі” магчымае да 24 гадзін 18 сьнежня.
Зянон Пазьняк зьвярнуўся да дзевяці кандыдатаў на прэзыдэнта “зрабіць гэты супольны крок гонару”.
“Пакіньце на ганебных выбарах аднаго Лукашэнку зь яго Ярмошынай і фальсыфікацыяй, і гісторыя Беларусі пойдзе іншай, лепшай дарогай”, — гаворыцца ў заяве.
Таксама Пазьняк заклікаў выбаршчыкаў “ня ўдзельнічаць у фальшывым галасаваньні” і прапанаваў ужо цяпер стварыць рух “За новыя выбары без Лукашэнкі” і прыступіць да яго арганізацыі. Гэтую ідэю ўжо агучыў Ўладзімер Някляеў.
Юрась Беленькі адзначыў, што гэта заява ўзгоднена з Уладзімерам Някляевым.
Аднак Уладзімер Някляеў, які абяцаў прыехаць у 14 гадзін на сустрэчу, не прыехаў і спаслаўся на тое, што мае сустрэчу ў гэты час з прадстаўнікамі АБСЭ.
Юрась Беленькі заклікаў прысутных на плошчу 19 сьнежня.
Алесь Дашчынскі (радыё Свабода)