РЭЖЫМ ПАГЛУМІЎСЯ НАД БЕЛАРУСКАЙ МОЛАДДЗЮ
У антыдэмакратычным працэсе пад назовам “папярэдняе галасаваньне” асноўнымі аб'ектамі рэжымнага глумленьня зьяўляюцца менавіта маладыя, больш таго — вельмі маладыя людзі. У 18-23 гады жыцьця чалавек набывае сацыяльны і палітычны досьвед, дэ юрэ прымае самастойныя рашэньні і нясе адказнасьць перад сабой самым і перад грамадзтвам. Гэтыя крокі інтэнсіўна фармуюць асобу, яе сьветапогляд, сацыяльна-палітычныя прыхільнасьці, шмат у чым вызначаюць станоўчыя і адмоўныя стэрэатыпы на ўсё жыцьцё.
Які ж досьвед атрымала беларуская моладзь на цяперашняй “выбарчай кампаніі”? Гэта ёсьць досьвед абсалютна адмоўны, па гнюснасьці роўны сталінскім і гітлерскім сацыяльным злачынствам. Лукашызм як зьява і шматаблічныя запісныя лукашысты цынічна выкарысталі нашых юнакоў і дзяўчат у сваёй маштабнай крымінальнай акцыі — у фальшывых “выбарах”. Дзясяткі тысячаў маладых беларусаў практычна апынуліся закладнікамі антычалавечай і антынацыянальнай сістэмы, якая тлуміць і зьнішчае наш народ, раскрадае нашы нацыянальныя багацьці, нявечыць нашу культуру і ліквідуе нашу Дзяржаву.
Лукашызм пагнаў маладых беларусаў на “папярэдняе галасаваньне” пад пагрозьлівы рык тых асобаў, якія вельмі часта адказныя за пэдагагічную справу — рэктараў, дэканаў, навуковых адміністратараў, настаўнікаў, дырэктараў і завучаў. За “пэдагогамі” стаялі вышэйшыя начальнікі — рознага кшталту загадчыкі, РАНА і міністры. Прафэсійна дзейнічалі афіцэры гэбэ, якія пастаўлены рэжымам на пасады ідэалагічных намесьнікаў у навучальных установах. Сістэма дзейнічала ў некалькіх узроўнях, адладжана, як машына.
Маладых людзей запалохвалі выключэньнем з навучальнай установы. “непрыемнасьцямі” і “еслі вам не нравітся, то мы вас не держім...” Асабліва расперазана сістэмка пляжыла і гнала на “папярэдняе галасаваньне” адмыслова залежныя катэгорыі моладзі. Перш за ўсё тых, хто жыве ў інтэрнатах (і баіцца страціць гэтае жыльлё). Але свае аргуманты і пагрозы лукашызм знаходзіў для кожнага: і для маладых выкладчыкаў, і для аспірантаў, і для студэнцкай масы ў цэлым.
Ні ў воднай краіне Эўропы ўлада не ставіцца так зьняважліва, з такім вырабленым цынізмам да маладога пакаленьня нацыі, тым больш да творчай моладзі, да будучыні нацыянальнай навукі і культуры. Лукашысцкі рэжым (хунта дробных выскачак і правінцыйных недарэкаў, якімі водзіць імпэрская Масква), безумоўна, у каторы раз перажыў збачэнскае задавальненьне, прынізіўшы маладую беларускую эліту. Моладзь заганялі на выбарчыя ўчасткі і кантралявалі, сачылі за ёю, не зважаючы на тое, што выбары паводле Закону павінны быць дабраахвотнымі і таемнымі.
Маладыя, якія прайшлі праз лукашыстоўскія урны, распавядаюць цяпер, якіх праклёнаў яны напісалі на ўсучаных ім бюлетнях, як яны плявалі на гэтыя паперкі і камечылі іх. Некаторыя зь іх “у адместку” галасавалі “за іншых кандыдатаў”. Але многія разумелі, што ўсе іхныя галасы дастануцца “галоўнаму кандыдату” Лукашэнку. Калі б такі электаральны прымус здарыўся недзе ў Францыі або Даніі, студэнцкая моладзь разьюшанай стыхіяй перакуліла б усю канструкцыю жульніцкіх выбараў і не дазволіла б глуміцца над сабой. Таму ў заходніх краінах і захоўваецца дэмакратыя, што ўрады ведаюць: народ не дазволіць ім парушаць дэмакратычны Закон.
Цяпер многія маладыя беларусы задаюцца пытаньнем: а што было б, калі б мы ўсе не пайшлі на фальшывае галасаваньне? Што, усіх бы выключылі з ВНУ і вытурылі з інтэрната? Спрацаваў індывідуальны і калектыўны інстынкт самазахаваньня, які прадыктаваў маладым, што трэба прыгнуцца перад жлобскім рэжымам яшчэ раз. Тым больш, што і бацькі (у бальшыні, відаць, савецкія) прасілі “ня лезьці на ражон” і “схадзіць на выбары для адчапнога”. Вядома, аднак, што зьняважанымі адчуваюць сябе цяпер і бацькі выкарыстаных маладых.
Расьце нянавісьць да рэжыму і яго заганяйлаў, якія ня лічацца з чалавечай годнасьцю. У бацькоў закіпае на сэрцы, яны ня ведаюць, які адказ даць лукашызму на гэты зьдзек з дзяцей. Можа пайсьці ды прагаласаваць “за апазыцыйных кандыдатаў”? Але нават “кандыдаты” публічна прызналі, што рэжым фальсіфікуе вынікі галасаваньня і што гэта ўласна і ня выбары, а фальшыўка.
Найбольш адэкватным адказам на зьдзек з маладых і ўсяго грамадзтва зьяўляецца рашучы народны жэст у бок дыктатуры — энэргічна скручаная беларуская дуля. І адпаведная пазыцыя — ня ісьці на “выбарчы ўчастак” хамскай улады, не галасаваць, не даваць магчымасьці маніпуляваць сабой лукашыстам.
Толькі Народны Байкот (няўдзел у галасаваньні) дае тактычную перамогу над рэжымам. Толькі байкоту баіцца антынародная дыктатура. Усе астатнія “хітрамудрыя” варыянты (кшталту разрываньня або камечаньня бюлетэняў ці галасаваньня за падстаўных “кандыдатаў”) маюць адзіны вынік — “элегантную перамогу” фальсіфікатара Лукашэнкі.
Мы мусім адвярнуцца ад дыктатуры і ад яе псэўдавыбарчай авантуры. Няхай яна сама сябе выбірае на пустых выбарчых участках і правальваецца ў пустату! Няхай фальсіфікуе тое, чаго няма, — пустэчу, тады паглядзім ці доўга яны пасядзяць і які “прагрэс” тут угледзіць хіжая Эўропа.
Янка Базыль