АГЛЯД ЗАМЕЖНАГА ДРУКУ

Чэшская газэта “Mlada Fronta Dnes”.

15 сьнежня 2010 г. Чэшская газэта “Mlada Fronta Dnes” пісала пра лёс амэрыканскага фотажурналіста Кэвіна Картэра. Ён уславіўся сваімі здымкамі з гуманітарнай катастрофы ў Судане ў першай палове 90-х гадоў. Увесь сьвет абышоў ягоны здымак, на якім паказана маленькая дзяўчынка, што скурчылася ад голаду пасярод пустыні, а да яе ўжо падбіраецца грыф. За здымак Картэр атрымаў прэстыжовую Пуліцэраву прэмію. Але па ўсім сьвеце загучалі галасы пратэсту: чаму журналіст не падняў дзіця і не выратаваў яго? Картэр прызнаўся, што сапраўды ня ведае далейшы лёс дзяўчынкі. Днямі ён скончыў жыцьцё самагубствам у Паўднёвай Афрыцы. Высьветлілася, што гэта быў чалавек лабільнай, няўстойлівай псіхікі, які цярпеў на дэпрэсіі. Газэта задаецца пытаньнем пра маральнасьць у працы журналістаў.

Наш камэнтар: Для беларусаў гэта вельмі знаёмая тэма. Пасьля таго, як Беларускі Народны Фронт адкрыў сьвету праўду пра Чарнобыльскую катастрофу, у нашай краіне пабылі тысячы замежнікаў з журналісцкімі і гуманітарнымі функцыямі. Мы пабачылі шмат шчырых людзей, якія глыбака суперажывалі нашым дзецям, гатовыя былі апошнюю кашулю аддаць нашым людзям.

Але даволі часта сустракаліся і сустракаюцца такія, якіх лепш было б не пускаць на нашу зямлю: гэтак званыя “прафэсіяналы”, для якіх беларуская бяда — адна з тэмаў іхняй кар'еры. На нашых дзяцей, наша жыцьцё гэтая публіка глядзіць халоднымі рыбінымі вачыма. Для іх гэта — банальны эпізод у кар'еры. Сваімі мазгамі такія асобы ня здольныя зразумець прычыны і наступствы чалавечай катастрофы ў Беларусі. Гэтай недалёкасьцю актыўна карыстаюцца створаныя антыбеларускім рэжымам “незалежныя і дэмакратычныя” структуры, кшталту БАЖ і падобнага, многіх “гуманітарных арганізацый”, якімі кіруюць розныя былыя чыны. Зразумела, што і як распавядуць гэтыя “кадры” замежнікам (а тыя і радыя паслухаць антыбеларускую хлусьню). Заходнікі з гатовасьцю праглынаюць набор дэзыінфармацыі, зьляпанай мясцовай агентурай, а потым мы чытаем у італьянскіх газэтах, што “50% жыхароў любяць Лукашэнку і будуць галасаваць за яго”, а ў нямецкіх, што “Мілінкевіч — герой і адзіны лідэр” і іншую лухту.

Алесь Хадасевіч

Славацкая газэта “Novy Cas”.

15 сьнежня 2010 г. Славацкая газэта “Novy Cas” паведаміла пра дэбаты ў славацкай палітычнай эліце. Старшыня парляманту Славакіі Рыхард Сулік заявіў, што неабходна падрыхтаваць “плян В” на выпадак выйсьця Славакіі з зоны эўра і вяртаньня да славацкай кроны. Па ягоных падліках, такая апэрацыя будзе каштаваць бюджэту адзін мільярд эўра. Заява зроблена ў сувязі з крызісам, які ахоплівае адну за адной краіны зоны эўра. Сулік сказаў, што калі пасьля Ірляндыі і Грэцыі крызіс абваліць эканоміку Італіі, то гэтага ўжо ня вытрымае славацкая эканоміка і фінансы. Прэм'ер Фіца і шэраг іншых палітыкаў выступілі з рэзкай крытыкай заявы Суліка.

Наш камэнтар: Славакія апошняй села ў цягнік эўра, у 2009 годзе. Сулік і тады выступаў супраць гэтай авантуры. І вось аказалася, што цягнік едзе ў тупік. Славакія ўжо адмовілася выручаць Грэцыю, цяпер гучаць галасы, каб выйсьці з гэтай зоны. Усе, аднак, памятаюць, хто выдумаў гэты новы “савецкі рубель” — немцы, якім хочацца дамінаваць у Эўропе. Вось яны і дамінуюць...

Алесь Хадасевіч

Аўстрыйская газэта “Der Standard”.

15 сьнежня 2010 г. Аўстрыйская газэта “Der Standard” пісала пра чарговы, сёмы за гэты год (!) генэральны страйк у Грэцыі. У Афінах дзесяткі тысячаў людзей ідуць на штурм парляманту, бьюцца з паліцыяй, патрабуюць адмяніць праграму эканоміі за кошт працоўных. Пад гарачую руку патрапіў экс-міністар транспарту, якога дэманстранты зьбілі на горкі яблык.

Наш камэнтар: А папярэджвалі людзі, якія цэняць антычную класіку, што нельга было адмаўляцца ад драхмы, якая служыла грэкам на працягу трох з паловай тысячаў гадоў. Расхістваецца брусэльская галера, народы патрабуюць справядлівасьці і пакараньня вінаватых.

Алесь Хадасевіч

Швайцарская газэта “Neue Zuercher Zeitung”.

15 сьнежня 2010 г. Швайцарская газэта “Neue Zuercher Zeitung” паведаміла пра масавыя закалоты ў Маскве. Асноўныя падзеі адбываліся каля Кіеўскага вакзала, дзе сутыкнуліся тысячы маскоўскай і каўказкай моладзі. Мінакі разьбягаліся хто куды. У шэрагу іншых месцаў таксама адбыліся масавыя бойкі.

Наш камэнтар: Набірае абароты гвалт у Маскве. Каўказцы, аднак, не баяцца. Яны зьбіраюцца ў баявыя групоўкі і ідуць па імпэрскай сталіцы з крыкам “Масква наша!” Здавалася б, Крамлю трэба было б заняцца сваімі праблемамі, але Масква ставіць войскі на акупаванай зямлі Грузіі, падступна лезе на нашу Беларусь. Імпэрыя не ў стане перамагчы сваю імпэрскую прыроду.

Юрка Марозаў

Бэльгійская газэта “Het Volk”.

15 сьнежня 2010 г. Бэльгійская газэта “Het Volk” напісала, што чатыры палітычныя групоўкі ў Расеі аб'ядналіся ў Партыю за свабоду народу з мэтай удзельнічаць у выбарчых кампаніях 2011-2012 гг. Лідэры Нямцоў, Рыжкоў, Мілаў і Касьянаў запрасілі далучыцца да іх Гарбачова.

Наш камэнтар: Палітычныя банкруты запрашаюць у свой “церамок” архібанкрута савецкай эпохі. А былі стракатыя часы, калі нямцовы ды хакамады трыюмфальна “дэмакратызавалі” нашу Беларусь ды выступалі на мітынгах у вінцучкоў: “Ребята, демократіческая Россія с вамі!” Цяпер цягнуцца да Гарбачова.

Алесь Хадасевіч

Дацкая газэта “Berlingske Tidende”.

15 сьнежня 2010 г. Дацкая газэта “Berlingske Tidende” напісала пра заявы спэцслужбаў Швэцыі аб тым, што яны ідэнтыфікавалі 200 ісламскіх экстрэмістаў, якія жывуць у Швэцыі. 70-80% зь іх дзейнічаюць у міжнародных сетках. Газэта адзначае, што спэцслужбы Даніі не паведамлялі і не праводзілі такой статыстыкі. На здымку ў газэце — іракец з швэдскім пашпартам і подпіс: “Швэдскі тэрарыст Таймур Абдэль Вахаб, які падарваўся ў Стакгольме”.

Наш камэнтар: “Швэд Абдэль Вахаб...” — бліскуча! Падобна, што швэдскія спэцслужбы пачалі “чухацца”, калі гэты “швэд” днямі ўзарваў дзьве бомбы ў цэнтры Стакгольма. Дацкія спэцслужбы яшчэ ня “чухаюцца”. Але бачна, што ўсе ў Скандынавіі ў шоку. Было так добраўпарадкавана, так ціха. Пакуль у краінах не сабралася крытычная маса чужынцаў. І пайшло-паехала. Агаломшаныя народы памятаюць, як сацыялісты-лібэралы гукалі ім пра “шматкультурнасьць” і “правы чалавека”. Многія ўспамінаюць цяпер, што ёсьць яшчэ і правы нацыі, асабліва на сваёй зямлі, у сваёй нацыянальнай дзяржаве.

Юрка Марозаў

Польская газэта “Gazeta Wyborcza”.

15 сьнежня 2010 г. Польская газэта “Gazeta Wyborcza” таксама пісала пра міжнацыянальныя сутыкненьні ў Маскве. Міліцыя арыштавала больш за тысячу чалавек, у якіх былі нажы, траўматычная зброя, жалезныя пруты. Дзесяткі людзей паранены.

Наш камэнтар: На расейскіх тэлеканалах цяпер цікавыя карцінкі. Увечары 15 сьнежня Медведев сказаў, што “у нас всё под контролем” і пажадаў “дорогім россіянам спокойной ночі”. А ў ранішніх навінах 16 сьнежня паказалі эпізоды гэтага “кантролю”. Міліцыя падышла да групы “ліц кавказской національності” і папрасіла прад'явіць дакумэнты. Каўказцы масай з крыкамі наваліліся на агентаў, патапталі іх і пагналі перад сабой... “Москва — ліхой город”, як кажуць сібіракі.

Юрка Марозаў

Іспанская газэта “АВС”.

16 сьнежня 2010 г. Іспанская газэта “АВС” пісала пра ўручэньне Прэміі Эўразьвязу імя Сахарава ў Стразбурзе. Кубінскія ўлады ня выпусьцілі з краіны на цырымонію лаўрэата Гільерма Фарыньяса. Быў зачытаны яго зварот да Эўразьвязу. Змагар за вызваленьне народу папярэджвае, каб Эўразьвяз ня верыў “салодкім галасам сірэнаў”, якія гучаць з Гаваны, каб цывілізаваны сьвет ціснуў на кастраўскі рэжым і ня верыў ягоным абяцанкам.

Наш камэнтар: Фарыньяс ведае, як брусэльская бюракратыя ўмее выдаткоўваць вялікія грошы і тлуміць галаву народам у зносінах з антынароднымі рэжымамі. Прыкладам служыць шумна разрэклямаваная праграма “Усходняга партнёрства”, куды ўключылі былі і Беларусь. Прамінуў год і ад “праграмы” застаўся пшык. Пад грукат фінансава-эканамічнага крызісу, які лютуе ў Эўразьвязе, пра гэтую паперку ніхто ўжо і не ўспамінае.

Алесь Хадасевіч

Французкая газэта “Figaro”.

16 сьнежня 2010 г. Французкая газэта “Figaro” апублікавала інтэрв'ю з сэнатарам Джонам Маккэйнам, які на апошніх выбарах кандыдаваў на прэзыдэнта ЗША ад рэспубліканцаў. Маккэйн заявіў: “Расея застаецца дзяржавай бяспраўя”. Палітык паабяцаў ушчаць сур'ёзнае абмеркаваньне ў Сэнаце падчас маючых адбыцца дыскусій аб прыняцці Расеі ў Міжнародную арганізацыю працы.

Наш камэнтар: У Маскве ўжо паціраюць ручкі, з тэлеэкранаў ня сходзяць паведамленьні аб тым, што “пытаньне з СГА ўжо вырашана”. Рана радуюцца, ёсьць яшчэ такія цьвярозыя палітыкі, як Маккэйн, якія паставяць пытаньні рубам пра бяспраўе і хаос у Расеі.

Юрка Марозаў