ВЫБАРЫ ВЯЛІКАГА ХАМА
Палажэньне аб папярэднім галасаваньні разглядаецца звычайна ў заканадаўстве як выключны выпадак для непрадбачаных сытуацыяў асобных выбаршчыкаў (калі выбаршчык у дзень галасаваньня будзе адсутнічаць па месцы жыхарства). Цёмны рэжым, аднак, ператварыў папярэдняе галасаваньне ў прыладу і мэтад масавай фальсіфікацыі выбараў, арганізаваў тут паралельнае галасаваньне, на якое выбаршчыкаў заганяюць і прымушаюць галасаваць.
Гэта ёсьць грубае парушэньне ня толькі закону, але самога прынцыпу выбараў. Выбары ня могуць адбывацца пад прымусам. Агідна глядзець, як крымінальна і паталягічна чапляецца за ўладу гэты цёмны чалавек, што ўзурпаваў яе ў 2004 годзе. Агідна глядзець на выканаўцаў гэтага беззаконьня, на нізкасьць іхных паводзінаў. Такія выбары ня могуць увогуле лічыцца за выбары, тым больш за дэмакратычныя.
Ужо першы дзень так званага “папярэдняга” галасаваньня выявіў надзвычайныя (прытым у хамскай форме) парушэньні заканадаўства, па якіх мусіць быць узбуджана крымінальная справа.
Як прыклад, падаём тут некалькі фактаў зафіксаваных парушэньняў, зьмешчаных на Інтэрнэт-старонцы радыё “Свабода”.
Прымус
Найбольшы ціск — на настаўнікаў і студэнтаў.
Студэнт 5-га курсу Беларускага ўнівэрсытэту транспарту паведаміў “Свабодзе”:
“Нас папярэджвалі. Прыходзілі дэкан, намесьнік дэкана — запрашалі ўсіх на датэрміновае галасаваньне”.
Двое студэнтаў мэдычнага ўнівэрсытэту таксама пацьвердзілі, што іх папярэдзілі пра неабходнасьць прагаласаваць датэрмінова:
Студэнтка: “Ну, дзесьці 14 сьнежня нам сказалі загадзя прагаласаваць”.
Студэнты факультэту фізычнага выхаваньня ўнівэрсытэту імя Скарыны паведамілі, што іх таксама папярэдзілі пра магчымасьць прагаласаваць датэрмінова:
Жыхарка Гомелю спадарыня Натальля паведаміла, што яе маці працуе настаўніцай у Ельскім раёне. Там пэдагогаў абавязваюць галасаваць датэрмінова:
“Маці жыве ў Ельскім раёне, працуе настаўніцай. Іх выклікаў дырэктар і сказаў: усе галасуем датэрмінова, а то на наступны год кантракт з вамі ніхто заключаць ня будзе”.
Давераная асоба Ўладзімера Някляева на Берасьцейшчыне Мікалай Коўш паведаміў “Свабодзе”, што чыноўнікі вышэйшых навучальных установаў прымушаюць студэнтаў галасаваць датэрмінова:
У Баранавічах, дзе таксама існуе ўнівэрсытэт, кажа старшыня баранавіцкай філіі ТБМ імя Ф.Скарыны Віктар Сырыца:
“Баранавічы не выключэньне ў нашай вобласьці. Ведаю дакладна пра тое, што прымушаюць датэрмінова галасаваць студэнтаў Баранавіцкага дзяржаўнага ўнівэрсытэту”.
У Століне студэнтам аграэканамічнага каледжу выкладчыкі пагражаюць тым, што не дадуць інтэрнату або што адзнакі на экзамэнах будуць горшыя, кажа сябра партыі “Справядлівы сьвет” Вячаслаў Амяльчук з Давыд-Гарадку:
“Найперш на датэрміновае галасаваньне заганяюцца студэнты Столінскага аграэканамічнага каледжу. Акрамя гэтага, існуе ў горадзе і СПТВ № 124, навучэнцы якога галасуюць датэрмінова”.
У іншых гарадах, дзе няма вялікіх навучальных установаў, на ўчасткі датэрмінова прыходзяць работнікі бюджэтных арганізацый. Як правіла, прыходзяць пасьля загаду кіраўніцтва, кажа сябра АГП з Івацэвічаў Станіслаў Халадовіч:
“Датэрмінова галасуюць супрацоўнікі міліцыі, настаўнікі, у нас ёсьць дзьве турэмныя калёніі № 5 і № 22, супрацоўнікі якіх традыцыйна галасуюць датэрмінова. Якраз нядаўна размаўляў з супрацоўнікам адной з калёній, які адзначыў, што ад людзей патрабуюць галасаваць датэрмінова”.
Падобная сытуацыя і ў Пінску, кажа сябра руху “За свабоду” Алесь Рамановіч:
“У асноўным людзі на працы атрымліваюць загад ад кіраўніцтва пайсьці на выбары датэрмінова. Гэта тычыцца настаўнікаў, выхавацеляў дзіцячых садкоў, на некаторых бюджэтных прадпрыемствах таксама зафіксаваныя такія факты”.
На Гарадзеншчыне выбарцы прызнаюцца, што мясцовыя чыноўнікі настойліва рэкамэндуюць галасаваць датэрмінова.
Рабочым з “Хімвалакна”, “Азота” і казалі, што начальнікі цэхаў вядуць апрацоўку, каб людзі прагаласавалі да суботы наступнага тыдня.
Пра датэрміновыя выбары нагадалі студэнтам мэдыцынскага ўнівэрсытэту. Цяпер не чапаюць тых, хто жыве ў інтэрнатах, а датэрмінова трэба прагаласаваць тым, хто прыпісаны да галоўнага корпусу мэдунівэрсытэту. Кажа адна з студэнтак:
“Заўсёды была такая сытуацыя, што тых, хто не галасаваў датэрмінова, на наступны год не засялялі ў інтэрнаты, выклікалі ў дэканаты і праводзілі выхаваўчыя размовы”.
У Слоніме работнікі райвыканкаму ўводзяць у зман сталых людзей наконт таго, дзе ім галасаваць. Адна з выбарніц распавядала, што па кватэрах пэнсіянэраў на пэўных вуліцах хадзілі людзі з райвыканкаму і казалі, што тым ня трэба ісьці на выбары, а да іх прыйдуць са скрынямі для галасаваньня”.
Работнікі віцебскіх прадпрыемстваў распавядаюць пра тое, што ім настойліва рэкамэндуюць галасаваць датэрмінова, абяцаючы за гэта адгул на працы.
Пра прымус ісьці на датэрміновае галасаваньне гавораць і рабочыя заводу “Візас”:
“На прадпрыемствах ужо гавораць, што адмыслова будуць даваць адгул на дзень — і ідзіце галасаваць”.
“А калі не прагаласуеш, то запішуць прагул і звольняць!”
“Так, будуць кантраляваць: калі ты ўзяў адгул, а не прагаласаваў, то адпаведныя наступствы. А мне не патрэбны адгул і не патрэбны той дзень, я пайду галасаваць 19-га, я нікуды не зьяжджаю. А людзі баяцца, і народ у нас да таго запалоханы, што я ўжо ня ведаю!”
Зьвесткі пра прымусовае датэрміновае галасаваньне прыходзяць з розных рэгіёнаў Віцебшчыны. На Наваполацкай ЦЭЦ тым, хто не прагаласуе датэрмінова, пагражаюць неперазаключэньнем кантракту, на Глыбоцкім малочна-кансэрвавым камбінаце таксама страшаць наступствамі за “ўхіленьне” ад датэрміновага галасаваньня.
Адміністрацыйны рэсурс найчасьцей выкарыстоўваюць у дачыненьні да дзяржаўных службоўцаў — вайскоўцаў, студэнтаў, асабліва:
”За датэрміновае галасаваньне абяцаюць вялікія “плюшкі” ў выглядзе чатырох выходных: пятніца, субота, нядзеля, панядзелак. “Пары” можна прапускаць, гэта пропуск заняткаў з паважнай прычыны.
Заўважым, што гэта адбываецца напярэдадні сэсіі, калі ў студэнтаў пачынаюцца залікі і іспыты, — кажа студэнт БДУІР:
Кампанія “Праваабаронцы за свабодныя выбары” абвясьціла пра збор фота- і відэаматэрыялаў пра факты прымусу выбарцаў да ўдзелу ў датэрміновым галасаваньні. Больш за ўсё ціснуць менавіта на студэнтаў. Прычым за нязгоду прагаласаваць датэрмінова пагражаюць высяленьнем з інтэрнату, незасяленьнем на наступны год, непрыемнасьцямі ў сэсію.
Каардынатар кампаніі “Праваабаронцы за свабодныя выбары” Алег Гулак распавёў, што ня толькі студэнты, але і працаўнікі прадпрыемстваў, дзяржаўныя службоўцы на ўмовах ананімнасьці ня толькі паведамляюць пра факты, калі людзей прымушаюць галасаваць датэрмінова, але і дасылаюць дакумэнтальныя сьведчаньні:
“Вельмі цікавыя фота- і відэаматэрыялы ёсьць. Кіраўніцтва “Менскага мэблевага цэнтру” ў Маладэчне ўсім кіраўнікам падразьдзяленьняў раздало паперы пра ўлік тых, хто прагаласаваў датэрмінова. Памятка называецца “Парадак прадстаўленьня інфармацыі аб ходзе галасаваньня на выбарах прэзыдэнта”: “Пасьля галасаваньня работнік паведамляе свайму непасрэднаму кіраўніку па яго тэлефоне пра факт галасаваньня — пры датэрміновым галасаваньні на наступны дзень пасьля галасаваньня, у дзень галасаваньня — цягам адной гадзіны. Начальнік цэха паведамляе намесьніку дырэктара па ідэалягічнай працы, генэральнаму дырэктару і ў райвыканкам пра колькасьць тых, хто прагаласаваў”. Вось такія паперы ўжо пачалі прыходзіць”.
Праваабаронцы фіксуюць факты прымусу выбарцаў да датэрміновага галасаваньня на прэзыдэнцкіх выбарах.
Пра гэта рэсурсу БелаПАН заявіў Валянцін Стэфановіч, адзін з каардынатараў грамадзянскай кампаніі “Праваабаронцы за свабодныя выбары”.
Такія факты былі адзначаныя на 9,1% выбарчых участкаў, на якіх працавалі назіральнікі кампаніі. “Напрыклад, у Барысаве работнікі ААТ “Барысаўскі завод аўтатрактарнага электраабсталяваньня” прасілі сябраў участковых камісій выдаць ім даведкі аб тым, што яны ўжо прагаласавалі. На некаторыя ўчасткі выбарцаў прывозілі арганізавана на аўтобусах”, — паведаміў Стэфановіч.
Паводле слоў праваабаронцы, у першы дзень датэрміновага галасаваньня, 14 сьнежня, назіраліся характэрныя для папярэдніх выбараў тэндэнцыі, калі людзей прымушаюць галасаваць датэрмінова. У прыватнасьці, арганізавана галасавалі студэнты і вайскоўцы. “Але ёсьць і пэўнае ноў-хаў: на гэтых выбарах адчуваецца большы ціск на працаўнікоў прадпрыемстваў, у першую чаргу ў невялікіх гарадах. У тым жа Барысаве начальнікі цэхаў асабіста адсочваюць сытуацыю, прагаласавалі іх падначаленыя ці не”, — адзначыў Стэфановіч.
Праваабаронцы зафіксавалі ў першы дзень датэрміновага галасаваньня і іншыя парушэньні. Так, на 8,7% выбарчых участкаў назіральнікам перашкаджалі выконваць свае абавязкі, на 7,8% — у працу ўчастковых камісій умешваліся староньнія асобы, на 1,3% — фіксаваліся выпадкі выдачы адной асобе некалькіх бюлетэняў, на 2,6% — не вывешваўся пратакол з дадзенымі датэрміновага галасаваньня.
“Самым абуральным парушэньнем” каардынатар кампаніі назваў факт, зафіксаваны на выбарчым участку № 28 у Баранавічах.
“Там скрыня на ноч была вывезена з тэрыторыі ўчастка для галасаваньня. Нам растлумачылі, што памяшканьне нібыта не прыстасавана для захоўваньня скрыні, і яе павезьлі туды, дзе ўсталяваная сыгналізацыя. Па гэтым факце мы рыхтуем зварот у пракуратуру”, — паведаміў Стэфановіч.
Паводле дадзеных ЦВК, у першы дзень датэрміновага галасаваньня на выбарах прэзыдэнта Беларусі прагаласавалі 3,4% выбаршчыкаў. Гэта больш, чым у 2006 годзе, калі ў першы дзень прагаласавалі 3% грамадзян.
“Як правіла, працэнт колькасьці тых, хто прагаласаваў, павялічваецца з кожным днём. Не выключаю, што на гэтых выбарах датэрмінова прагаласуюць больш, чым на папярэдніх”, — выказаў меркаваньне Валянцін Стэфановіч.
Ярмошына
Назіральнік Павал Пракаповіч паведаміў, што 14 сьнежня падчас абедзеннага перапынку скрыню зь бюлетэнямі перанесьлі з залі ў іншы пакой. Там знаходзіліся дзьве жанчыны з камісіі і невядомы чалавек. Назіральнікі зьвярнулі ўвагу сябраў камісіі, што каля скрыні знаходзіцца чужы чалавек, і папрасілі пакінуць каля скрыні свайго назіральніка. Але ім адмовілі.
“Сёньня, 15 сьнежня, на ўчастак прыехала Лідзія Ярмошына. Яна прагаласавала і запыталася ў назіральнікаў, ці ёсьць заўвагі. Мы ёй усё распавялі. А яна адказала: “Можа, там старшыня абедаў і не хацеў, каб вы на яго глядзелі? Нічога незаконнага ў гэтым няма. Парушэньняў я ня бачу”. Мы казалі, што старшыні там не было. Падалі наконт гэтага скаргу”.
Паліклініка
У 23-й паліклініцы патрабуюць справаздачы пра датэрміновае галасаваньне.
Як паведамілі, патэлефанаваўшы на “Свабоду”, самі супрацоўнікі, галоўны лекар паліклінікі Ірына Сянкевіч штодня патрабуе справаздачы пра колькасьць падначаленых, якія прагаласавалі датэрмінова. Мэдыкі ж ня лічаць датэрміновае галасаваньне сваім “сьвятым абавязкам” і не жадаюць галасаваць раней за вызначаны тэрмін.
Студэнты
На 20-м выбарчым участку Першамайскага раёну Менску, які знаходзіцца ў Беларускім дзяржаўным аграрным тэхнічным унівэрсытэце, другі дзень ідзе датэрміновае галасаваньне. За першы дзень галасаваньня, паводле старшыні выбарчай камісіі Анатоля Крутава, прагаласавала 565 выбарцаў з 2191 (гэта ужо 25 адсоткаў), якія пражываюць на ўчастку. Раніцай 15 сьнежня за дзьве гадзіны галасаваньня на ўчастак прыйшлі 52 выбарцы. Чаму студэнты ідуць масава галасаваць датэрмінова?
Завоз
Сёньня з заняткаў паздымалі ўсіх навучэнцаў Слонімскага дзяржаўнага прафэсійна-тэхнічнага ліцэю тэкстыльшчыкаў, каму споўнілася 18 гадоў, пасадзілі ў аўтобус і возяць галасаваць па тых выбарчых участках, да якіх яны прыпісаныя.
У панядзелак ім паабяцалі выходны дзень за тое, што прагаласуюць датэрмінова. Пра гэта паведамляюць слонімскія назіральнікі за выбарамі.
Мар'ян Ванькевіч