НАСТАЛА НАША ЧАРГА СУПРАЦІЎЛЯЦЦА ЗЛУ

Гэта была казачная зімовая ноч. Такія бываюць цяпер рэдка. Мягкі, пушысты сьнег запоўніў горад, цалкам зьмяніўшы гарадзкі краявід. Усё стала чыстым, белым, вясёлым. Ноч з 12 на 13 сьнежня 1981 года (з суботы на нядзелю) была сьвяточнай. Творчая моладзь да пазна адзначала дзень народзінаў адной калежанкі ў інтэрнаце Мінкультуры, што на вул. Бялінскага ў Менску. У клюбе гучэла музыка, усе танцавалі, усім смакаваў эстонскі лікёр “Vana Tallinn”, вельмі дэфіцытны тады. Здавалася, што сьвяту, гэтай цудоўнай начы, нашай маладосьці ня будзе канца...

У сваім аспіранцкім інтэрнаце Акадэміі навук раніцай мы заўсёды ўключалі транзістарны прыёмнік і слухалі пры гарбаце польскую праграму: там было шмат музыкі і жывейшыя, чым у саўдэпіі, камунікаты навінаў. Але раніцай 13 сьнежня замест мэлёдыяў і жвавага голасу дыктара з радыё манатонна ліўся выступ нейкага дзеда, які зачытваў тэкст. Спачатку я ўслухоўваўся ў перадачу і ня мог зразумець, пра што йдзецца.

Усё стала зразумелым, калі выступоўца выразна вымавіў словы “stan wojenny”. Я гукнуў сваім суседзям: “У Польшчы абвешчана ваеннае становішча!” Яны (абодва расейцы) бадзёра адрэагавалі: “Правільно! Так ім і надо!” Гаварыць зь імі не хацелася, я пачаў уважліва слухаць прамову генэрала Ярузэльскага, які абяцаў каваным ботам і танкавай бранёй вывесьці з крызісу польскі народ. На душы стала цяжка, казачная зіма за вакном ужо ня радавала. У Польшчы засталіся добрыя сябры, маладыя мастакі, зь якімі я пазнаёміўся падчас стажыроўкі ў Гданьскай вышэйшай школе выяўленчага мастацтва. Думалася і пра незнаёмых людзей Польшчы, якія шматмільённым народным уздымам “Салідарнасьці” напалохалі Маскву, прымусілі трэсьціся і саступіць прамаскоўскі камуністычны рэжым.

Я ўважліва сачыў за гэтымі падзеямі з 1979 года і шчыра перажываў цяжкасьці і перамогі змаганьня нашых суседзяў. Уражвала мужнасьць палякаў, якія адкрыта выступілі супраць камуны і Крамля пасярод стабільнай тады, дастаткова магутнай сістэмы “сацыялістычнага лягеру”.

У Гданьску яшчэ падчас маёй стажыроўкі хлопцы паказвалі мне месцы драматычных падзеяў 1970 года, калі рабочыя і студэнты разгарнулі шматтысячныя дэманстрацыі і страйкі супраць рэжыму маскоўскага васала, генсека польскай кампартыі Гамулкі. У горадзе запалалі камітэты ненавіснай кампартыі, народ граміў сымвалы камуністычнай улады. У Гданьск былі ўведзены вялікія сілы войска і паліцыі, у сутыкненьнях загінула шмат людзей. Аднак хунта вымушана была пазбавіцца ад Гамулкі і пайшла на саступкі, паабяцала рэформы. Гэты досьвед прадыктаваў лекцыю рэвалюцыйнаму польскаму авангарду: у будучыні трэба пазьбегнуць гвалту, трэба расхістваць і валіць сістэму мірнымі сродкамі, народнай салідарнасьцю. Але доўга яшчэ гданьскія дзеці гулялі на вуліцах пад папулярную лічылку: “Ecik-pecik, рodpalono komitecik / Ecik-pecik, la-ta-ty / Sekretarzem bendziesz ty...”

Уноч на 13 сьнежня 1981 года, калі мы танцавалі, на пушысты белы сьнег па ўсёй Польшчы выехалі танкі, цемра паліцэйшчыны і гэбоўшчыны ўрывалася ў дамы і кватэры, арыштоўвала дзесяткі тысячаў патрыётаў, пачыналася ваеннае становішча. У некалькіх месцах патрыёты аказалі супраціў сілам дыктатуры (асабліва гераічныя страйкоўцы на шахце “Вуек”), SB (гэбэ прамаскоўскага рэжыму) страляла па людзях, былі забітыя і параненыя. На Гданьск з боку Варшавы рушыла вялікая танкавая калёна. Але яна не даехала і стала каля Тчэва, за 100 км ад сталіцы “Салідарнасьці”. Паводле папераў, паліва на маршкідок было дастаткова. Але паліва, як заўсёды пры сацыялізме, раскралі папярэдне, і танкі сталі пасярод сумётаў.

Арышты і тэрор, здавалася, павінны былі назаўсёды забясьпечыць “стабільнасьць” маскоўскага валадараньня ў падпарадкаванай краіне. Але ўжо праз некалькі месяцаў, на пачатку траўня 1982 года ў польскіх гарадах адбыліся магутныя дэманстрацыі пратэсту супраць прамаскоўскай хунты, за волю і незалежнасьць. На працягу шэрагу гадоў хунта Ярузэльскага так і ня здолела зламіць народны супраціў. А тут пачаліся “перастройка” і “гласность” (чытай — крызіс і маразм) у СССР, імпэрыя на вачах губляла свой аўтарытэт і трашчэла па швах. У чэрвені 1988 года прамаскоўская хунта вымушана была пайсьці на перамоўны працэс з патрыётамі, легалізаваць “Салідарнасьць” і іншыя апазыцыйныя арганізацыі і пачала здаваць свае пазыцыі. Супраць перамоваў з хунтай выступілі дзеячы арганізацыі “Змагарная Салідарнасьць”, шматтысячныя мітынгі і дэманстрацыі моладзі патрабавалі поўнай капітуляцыі камуны. Але “памяркоўныя” палітыкі не паслухаліся іх і пайшлі на кампраміс з тымі, хто яшчэ ўчора выконваў загады Масквы. Гэтае згодніцтва каштавала Польшчы дзесяцігоддзя цяжкасьцяў разьвіцьця, засталіся непакаранымі многія ідэолагі і практыкі антынацыянальнай палітыкі.

У тым жа 1988 годзе пачалася народная рэвалюцыя ў нашай Беларусі. Авангард грамадзтва, — Беларускі Народны Фронт “Адраджэньне” пад кіраўніцтвам Зянона Пазьняка, — павёў народ да аднаўленьня незалежнай Беларускай дзяржавы. Праз некалькі гадоў (у 1994 г.) варожыя сілы скралі народную перамогу, усталявалі ў нашай краіне цемрашальскі рэжым унутранай маскоўскай акупацыі, інтэнсіфікавалі зьнішчэньне ўсяго сьвятога і нацыянальнага ў Беларусі. Як і хунта Ярузэльскага, гэты рэжым аказаўся абсалютна разбуральным у сацыяльнай і эканамічнай сфэрах. Сёньня беларуская эканоміка даведзена да развалу, грамадзтва перажывае глыбокі крызіс. Гэтаму віной ня толькі агрэсіўнасьць лютага ворага, але і пасіўнасьць многіх нашых людзей, якія вырашылі любым коштам прыстасавацца да абставінаў лукашызма. Многім здаецца, што зло беспакарана трыюмфуе на нашай зямлі, што няма выйсьця. Некаторыя шукаюць выйсьце ў ілюзорных спадзяваньнях на класічныя схемы (прыдатныя ва ўмовах дэмакратыі і зусім непрыдатныя ва ўмовах дыктатуры).

Мы стаім на парозе вялікіх падзеяў, ад выніку якіх залежыць жыцьцё ўсяго народа. Сёньня настала наша чарга супраціўляцца злу. Польшча ахвярнай барацьбой адваявала сябе волю і незалежнасьць. Суседняя краіна вярнулася ў сям'ю цывілізаваных эўрапейскіх народаў, вырасла цэлае пакаленьне палякаў, якія ня ведаюць, што такое камуна і русіфікацыя. Безумоўна, у Польшчы ёсьць праблемы, але іх нельга і блізка параўнаць з правалам, які арганізавала Масква ў нашай краіне праз сваю васальную агентуру, з рэжымам ізаляцыі ад цывізаванага сьвету, у які закінулі беларусаў акупанты.

Нашы людзі хочуць вызваліцца ад гэтага маразма. І тут мясцовыя “памяркоўныя прагматыкі” прапануюць ім “класічную схему” — давайце, маўляў, пазбавімся ад дыктатуры праз выбары, арганізаваныя гэтай жа дыктатурай. Іншымі словамі, давайце сядзем за стол з шулерамі і абгуляем іх з іхнымі краплёнымі картамі. Адзін з “кандыдатаў” — А. Саннікаў — нават абяцае, што “19 сьнежня настане вольная і дэмакратычная Беларусь” пасьля ягонай перамогі над шулерамі. Можа ён і не заўважае, што ягоная ўпэўненасьць таксама шулерская?

Перамагчы шулераў можна толькі перакуліўшы іхны стол для фальшывых гульняў. Нагадаем, што польскія патрыяёты не хадзілі на падманныя выбары прамаскоўскай хунты. Яны не разглядалі ўдзел у фальшывых галасаваньнях у якасьці формы барацьбы і шляху да перамогі. Польскі народ адвярнуўся ад камуны задоўга да яе канчатковага падзеньня.

Народны Байкот фальшывых выбараў дыктатуры — гэта наш шлях да вызваленьня і дэмакратыі. Няўдзел у падманным галасаваньні (у якім ўсё ўжо па-жульніцку вырашана на карысьць дыктатара і дыктатуры) ёсьць вельмі важным крокам на гэтым шляху. Антыбеларуская дыктатура і Масква, на якой трымаецца дыктатура, панічна баяцца менавіта байкоту. Яны не баяцца аніводнага з “кандыдатаў”, прадстаўленых на выбарчым фарсе. Байкот (пустыя выбарчыя ўчасткі без людзей) азначае пачатак канца антыбеларускага рэжыму, на які ўжо махнуў рукой беларускі народ. Гэтаму вучыць нас досьвед народаў, якія перамаглі дыктатуру.

Валеры Буйвал