5 снежня 201090-Я ЎГОДКІ СЛУЦКАГА ЗБРОЙНАГА ЧЫНУКансэрватыўна-Хрысьціянская Партыя — БНФ правяла мэмарыяльныя мерапрыемствы ў гонар 90-х угодкаў Слуцкага Збройнага Чыну. 28 лістапада аўтобус зь менскімі сябрамі Партыі ад'ехаў на Случчыну. Сёлета ў грамадзе было шмат маладых людзей, якія ўпершыню былі на Случчыне і натхніліся гэтай старонкай нацыянальнай гісторыі. Патрыёты наведалі мясьціны, дзе адбываліся галоўныя падзеі Слуцкага Збройнага Чыну: вёскі Грозаў і Семежава, а таксама мястэчка Вызну (цяпер Чырвоная Слабада). У мерапрыемствах удзельнічалі фронтаўцы з Салігорска, Слуцка, Баранавічаў, Клецка. Людзі сьпявалі рэлігійныя і ваярскія гімны, гукалі “Слава героям!” і “Жыве Беларусь!” Мітынгі і шэсьці ў кожнай мясьціне адбываліся пад нацыянальнымі Бел-Чырвона-Белымі Сьцягамі і транспаратамі “Слуцкі Збройны Чын. 1920 год”, “Беларуская салідарнасьць — наш адказ на расейскую агрэсію”. Да Крыжоў, пастаўленых фронтаўцамі яшчэ ў 1990-я гады, былі ўскладзены кветкі. Людзі маліліся, запальвалі сьвечкі і зьнічкі.На мітынгах у розных мясьцінах быў зачытаны зварот Зянона Пазьняка, Старшыні Беларускага Народнага Фронта “Адраджэньне” і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ — “Вялікая падзея — у нашай памяці” (публікуецца). Выступілі Юры Беленькі, выканаўца на Беларусі абавязкаў старшыні Фронту і Партыі, Сяргей Папкоў, намесьнік старшыні Фронту і Партыі, Алесь Чахольскі, адказны сакратар Управы Фронту і Партыі, Валеры Буйвал, сакратар Управы Фронту і Партыі.Выступоўцы казалі пра подзьвіг Беларускай народнай арміі, якая нарадзілася і прыняла баявы хрост на Случчыне. Калі маскоўскія бальшавікі пачалі наступ на Беларусь, патрыёты-случакі доўга не тэарэтызавалі, ня ўзважвалі “за” і “супраць”. Яны бралі зброю і ўставалі ў шыхты народнай арміі, каб ваяваць, бараніць Айчыну ад чужынцаў. Случакі разграмілі першыя хвалі расейскага нашэсьця. Але сілы былі няроўнымі. Масква кінула супраць беларусаў палкі кітайскіх наймітаў, якія ў імя “маскоўскага інтэрнацыяналізму” нішчылі і палілі нашую зямлю і цывілізацыю. Гэта была сапраўдная трагедыя для нашага народу. Пасьля 1920 года Беларусь апынулася пад ярмом чырвонай Масквы, былі зьнішчаны і скалечаны мільёны беларускіх жыцьцяў, акупанты на працягу дзесяцігоддзяў разбуралі беларускую культуру.Нават пасьля аднаўленьня дзяржаўнай незалежнасьці Беларусі ў 1991 годзе гэты зьнішчальны працэс працягваецца. Ён інтэнсіфікаваўся пасьля ўсталяваньня на нашай зямлі пачвары лукашызма, рэжыму ўнутранай прамаскоўскай акупацыі. Рэжым разбурыў беларускую эканоміку, душыць русіфікацыяй духоўнае жыцьцё беларусаў, вывозіць з краіны якасную харчовую прадукцыю, а нас прымушае харчавацца атручанымі радыяцыяй харчамі, што выраблены ў Чарнобыльскай зоне. Хварэюць і паміраюць дзеці, за апошніх 16 гадоў насельніцтва Беларусі зьменшылася на 760 тысячаў чалавек.Пара спыняць гэтую дзікасьць, няхай сыходзіць прэч гэты антыбеларускі рэжым. Дыктатура абвясьціла фальшывыя “прэзыдэнцкія выбары”, разам з падстаўной прамаскоўскай псэўдаапазыцыяй яна заганяе-заваблівае людзей на падманнае галасаваньне, дзе ўжо ўсё вырашана рэжымнымі шулерамі. Нашым адказам на гэтае злачынства павінен быць салідарны Народны Байкот фальшывых выбараў. Байкот — гэта наш бой за Беларусь супраць акупантаў і гвалтаўнікоў. Ніхто на фальшывыя выбары дыктатуры!Дэманстранты прайшлі шэсьцем праз цэнтар Слуцка. Перад гістарычным будынкам, дзе ў 1920 годзе адбыўся Зьезд Случчыны, быў праведзены мітынг. Да ўдзельнікаў шэсьця далучылася шмат мясцовых жыхароў. На ўсім шляху Слуцкага Збройнага Чыну гучаў гімн “Магутны Божа”.Інфармацыйная камісіяБеларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ28 лістапада 2010 г.