СТРАХ САЎДЗЕЛЬНІКАЎ У РАСЕЙСКІХ ЗЛАЧЫНСТВАХ
Расейскі публіцыст Віталі Портнікаў у артыкуле, апублікаваным у інтэрнэт-выданьні “Грані.Ру”, камэнтуе апошні правал расейскіх структураў. Тайланд выдаў у ЗША “гандляра сьмерцю” Віктара Бута. Перадача адбывалася пад непараўнальна ўзмоцненай аховай, фігуру арыштаванага закрывалі каскай і кулеадпорнай камізэлькай. Адчувалася па ўсім (у тым ліку і па істэрычнай рэакцыі Крамля), што Масква вельмі не хацела, каб гэты Бут пачаў распавядаць амэрыканцам пра тое, як ён гандляваў сьмерцю па ўсім сьвеце. І галоўнае, пра тое, хто за ім стаіць і хто арганізоўвае гэты гандаль сьмерцю.
Для нас самае цікавае ў гэтай гісторыі — якраз тое, пра што не згадаў у сваім тэксьце В. Портнікаў. А менавіта, страх мясцовых саўдзельнікаў гандлю сьмерцю (зброяй), якія супрацоўнічалі з Крамлём і Бутам. Пра іх арыштаваны таксама раскажа і напіша. І перад імі паўстане шэраг рытарычных пытаньняў пра скупленую на чалавечай крыві і няшчасьці народаў нерухомасьць, маёнткі і капіталы ў заходніх краінах. Вядома, што прамаскоўскі рэжым зрабіў нашу Беларусь транзітным калідорам для нелегальнага гандлю зброяй, якім кіруе Масква. Цяпер гэтым падзельнікам лепш не высоўваць носа па-за межы РФ і РБ. Так што страх запанаваў ня толькі ў расейскіх калідорах.
Страх у калідорах улады
Цяжка прыгадаць судовае рашэньне, на якое Расея рэагавала б так жорстка, як на рашэньне Тайланда выдаць Віктара Бута амэрыканскім уладам. На адрас азіяцкага каралеўства пачуліся абвінавачваньні ў несамастойнасьці судовай сістэмы, палітызаванасьці прымаемых рашэньняў і адкрытай несправядлівасьці. А Амэрыку расейскае зьнешнепалітычнае ведамства абвінаваціла ў ціску на Тайланд і ўмяшальніцтва ў зьдзяйсьненьне правасуддзя.
Калі на Захадзе затрымлівалі высокапастаўленых расейскіх чыноўнікаў — Паўла Барадзіна або Яўгенія Адамава — рэакцыя Масквы была значна спакайнейшая. А тут йдзецца аб чалвеку, які ніколі — нібыта — не належаў да расейскай палітычнай або нават прадпраймальніцкай эліты, аб чалавеку, пра якога нямала нелісьлівага сказана ня толькі ў заходніх, але і ў расейскіх СМІ, аб чалавеку, які ніколі не лічыўся ў Расеі героем і быў мала з Расеяй зьвязаны. Чаму ж такая павышаная цікаўнасьць да гэтай судовай гісторыі, у якой гаворка ідзе пра пастаўкі зброі тэрарыстычным арганізацыям і рэжымам, якія іх падтрымліваюць? Можа Масква проста заклапочана адкрытай несправядлівасьцю ў адносінах да грамадзяніна Расейскай Фэдэрацыі?
Справа не ў грамадзянстве Віктара Бута. Справа ў тым, што Бут — гэта псэўдонім збройнага бізнэсу як такога. Калі прачытаць біяграфію “гандляра сьмерцю” — не рамантызаваную і не раманізаваную, а сапраўдную — то цяжка будзе зразумець, як з адстаўнога вайскоўца атрымаўся такі ўдалы бізнэсмэн, які гандлюе найноўшай тэхнікай як сланечнымі семкамі і здольны даставіць любы груз у любую кропку сьвету.
Балазе, пытаньні пра паходжаньне бізнэса традыцыйныя, калі йдзецца аб любым з постсавецкіх “алігархаў”. Але тут справа адмысловая, тут збройны барон. Дзяржава можа сама гандляваць нафтай, а можа даверыць гэта пэўнаму чалавеку. Дзяржава можа сама прадаваць газ, а можа стварыць сябе адпаведнага газатрэйдэра. Але ад паслугаў адпаведных прадаўцоў можна адмовіцца ў любы момант — што мы і назіралі на прыкладзе многіх, ад каго адвярнулася крамлёўская фартуна. Але ад паслугаў збройнага пасрэдніка адмовіцца зусім немагчыма, таму што ёсьць такія здзелкі, якія дзяржава, што шануе сябе, ня можа сабе дазволіць ні пры якіх абставінах.
Так зьяўляецца Бут.
Натуральна, такі чалавек — толькі зьвяно ў ланцугу пасрэнікаў. Але моцнае зьвяно. Зьвяно, якое шмат ведае аб тых, хто прадае, і аб тых, хто купляе. І гэтае веданьне, перакладзенае на мову юрыспрудэнцыі, можа дазволіць зрабіць нечаканыя высновы аб сапраўдным характары збройнага бізнэсу ў сьвеце. Аб сапраўдных прадаўцах і аб іхных узаемаадносінах з пакупнікамі.
Гэта страшна. Для многіх, хто лічыцца салідным палітыкам і прадпрыймальнікам, хто накупіў сабе на збройныя грошы нерухомасьці на Лазурным беразе і ў Фларыдзе, хто накапіў капіталаў на швайцарскіх і іншых рахунках, хто накіраваў дзяцей жыць і працаваць куды падалей ад жабрацкай краіны, якая, аднак, усё яшчэ прадукуе някепскую тэхніку, з сёньняшняга дня галоўным становіцца пытаньне нумар адзін — выдасьць або ня выдасьць? А за ім ідзе пытаньне нумар два — арыштуюць або не арыштуюць? І яшчэ пытаньне — адбяруць ці не адбяруць? А некаторыя яшчэ й думаюць: будуць вербаваць ці ня будуць?
Цяпер гэтыя людзі замкнёныя ў Расеі, як у клетцы. Бут у іх, як костка ў горле. Костка, якая яшчэ нядаўна была цудоўнай палачкай, а цяпер можа ператварыць у гарбузы ўсе іхныя карэты, строі, яхты і даляры. І афіцыйная рэакцыя на экстрадыцыю Бута — толькі слабое рэха водгукаў шаленства ў невядомых калідорах.
Віталі Портнікаў
Крыніца: http://grani.ru/opinion/portnikov/m.183694.html
(Пераклад з расейскай В. Буйвала)