ЗДУШАНАЯ ПЕСЬНЯ

Апошнім часам з Расеі прыходзілі парадаксальныя весткі. У некалькіх правінцыйных гарадах расейскай глыбінкі па сігналу ў адно месца зьляталіся міліцэйскія патрулі, разгортвалася спэцапэрацыя па абясшкоджваньню і затрыманьню дзесяткаў людзей. У адным выпадку нават адкрылі страляніну з траўматычнай зброі, і больш таго, гэта рабіла не міліцыя, а мясцовы люд. Што ж гэта былі за падзеі?

Аказалася, што йдзецца пра культурную праграму чачэнскіх мужчын. Яны зьбіраліся разам, станавіліся ў круг і выконвалі свой нацыянальны танец пад назовам зікр. Мясцовая публіка настолькі перажывала ўбачанае, што хуценька выклікала міліцыю. Днямі такое адбылося ў самым цэнтры Масквы, на “плошчы трох вакзалаў”, якраз насупраць Казанскага вакзала. Пятнаццаць маладых чачэнцаў танцавалі і нікога не чапалі. На іх навалілася паліцэйшчына, скруціла, пакідала ў аўтазакі і зьвезла ў пастарунак. Танцоры знаходзяцца пад вартай “за парушэньне грамадзкага парадку”. Новы сталічны мэр Сабянін публічна заявіў, што трэба лепш тлумачыць прыезжым каўказцам, як паводзіць сябе ў Расеі. Нацыянальны танец, аказваецца, парушае грамадзкі парадак у імпэрыі.

У Менску нікога гэтым разам не вязалі. Усё было ўрачыста і ярка. Адбывалася буйнамаштабная імпрэза пад назовам “Дзіцячае Эўрабачаньне”. Мабыць упершыню лукашысцкі Калізей — “Мінск-арэна” — быў запоўнены да апошняга месца. Мясцовы афіцыёз паведаміў, што “такога фінала Эўрабачаньня яшчэ не было”. Ахвотна верым, што рэжым выкінуў на фараонскія спэцэфэкты мільёны народных сродкаў, якія маглі быць выдаткаваны на больш актуальныя патрэбы тых жа дзяцей. Рэжым эфэктна прадэманстраваў “сваю магутнасьць” і “как хорошо в стране советской жіть”.

Дзеці, што прыехалі з розных краін, пра гэта не здагадваліся і па-дзіцячаму забаўляліся. Былі прыгожыя галасы выканаўцаў і арыгінальныя пастановачныя рашэньні. Як заўсёды, вызначылася РБ. Малы прадстаўнік Беларусі, зразумела, сьпяваў на акупанцкай мове, па-расейску. Паводле эстэтыкі лукашызма, яму паставілі нейкі здушаны, вымушаны голас, які не дазволіў бы раскрыцца таленту, нават калі б талент быў. На працягу шэрагу гадоў прадстаўнікі Беларусі на ўсіх падобных імпрэзах выступаюць па-расейску. Можна было б зразумець, калі б прадстаўнікі РФ раптам засьпявалі ад сваёй краіны па-беларуску. Але гэтага ніколі не было, нягледзячы на антызаконную “саюзную дзяржаву”. Безгалосых і бязмоўных робяць на міжнароднай арэне толькі з беларусаў.

Масква і прамаскоўскі рэжым у Беларусі баяцца беларускай творчасьці, баяцца нашых сьпеваў і танцаў, баяцца чыстых і няздушаных беларускіх галасоў. Здавалася б, гэта ім не зікр, баявы чачэнскі танец, у якім ёсьць элемэнты містыцызма і які, уласна, больш чым танец. Дзіцячая беларуская песьня, беларуская лірыка — вялікая небясьпека для акупантаў, бо ў гэтых праявах раскрываецца народная душа. Калі беларусы вымушаны размаўляць і сьпяваць на мове акупанта, атрымліваецца другасны сурагат. Увесь гэты маразм будзе выдалены з нашага культурнага жыцьця пасьля вызваленьня Радзімы ад акупанцкага рэжыму.

Янка Базыль