КАРЦІНКІ З “ВЫБАРАЎ”
Усе думалі-гадалі: і куды гэта падзеўся колішні “едіный лідер оппозіціі” А. Мілінкевіч. Быў “лідэрам”, аб’ездзіў у гэтым амплуа ўсю Заходнюю Эўропу і раптам зьнік. Некаторыя падумалі, што Мілінкевіч ужо выпрацаваў свой грант-рэсурс і канчаткова саступіў камфортнае месца “едіного” прэтэндэнту на Мілінкевіча №2 — г-ну Саньнікаву. Але аказалася, што “едіный” перакваліфікаваўся ў спэцыяліста па футуралогіі.
Днямі рэжымныя і “незалежныя” СМІ агучылі ягонае прадказаньне наконт таго, колькі часу засталося А. Лукашэнку. Мілінкевіч паведаміў, што “Масква здыме Лукашэнку праз паўтара гады”. Цікава, што апошнім часам з розных крыніцаў у беларускае грамадзтва пачалі паступаць дакладна такія ж “інфармацыі”: Лукашэнку, маўляў, засталося паўтара гады, а потым усё... Пра гэта загаварылі стукачы ў грамадзкім транспарце і чэргах, запісныя рэжымныя “палітолагі” і “аналітыкі”.
На фоне правалу эканомікі (ды і ўсіх сфэраў беларускага жыцьця) спатрэбілася вынайсьці формулу грамадзкага аблягчэньня і зрабіць яе прыймальнай і прывабнай. Атрымліваецца так — няхай Лукашэнка яшчэ раз сфальшуе выбары і застанецца яшчэ раз кіраваць падманутым грамадзтвам; яму засталося не так і шмат (але не так і мала) — паўтара гады. Так што ня трэба ніякага байкоту фальшывых выбараў, ніякіх сацыяльных пратэстаў. Масква сама яго ліквідуе бяз нашага ўдзелу. Цікава, што “аналітыкі” не называюць прычыны менавіта такога тэрміну апошняга цараваньня дыктатара і яго выдаленьня Масквой. Але гучыць прыгожа — “праз паўтара гады”. Так распавядаў быў беларусам пра іхнае жыцьцё і будучыню маскоўскі містык Глоба. І многія верылі яму, цытавалі яго. Потым высьветлілася, што ён кадравы “чэрававяшчальнік” з Лубянкі.
Прыгожы беларускі горад Глыбокае, пярліна барока, край дасьціпных людзей! Як і па ўсёй краіне, у Глыбокім на Віцебшчыне начальства загадала вывесіць паўсюль афіцыёзныя каляровыя плакаты з заклікамі “на выборы”: на крамах, школах, клюбах, прыпынках і г.д. Плакаты павіселі пару дзён, а потым мясцовыя людзі ўдакладнілі па-свойму тэкстоўку на плакатах. Пад тэкстам “19 декабря состоятся выборы президента РБ” яны прыляпілі акуратна выкананы на палосцы паперы дадатак “А.Г.Лукашенко”... На працягу тыдня мясцовыя вэртыкаль, міліцыя, гэбэшнікі і сексоты хадзілі каля гэтых “выбараў Лукашэнкі” і нічога не заўважалі, бо выглядала ўсё піетэтна і лагічна. Грамадзяне давіліся ад сьмеху, чытаючы трапную фармулёўку на тэму прадказуемага фарсу. Але ўрэшце людзі ня вытрымалі і пачалі рагатаць. Вэртыкальшчыкі і паліцэйшчына бегалі па горадзе цэлы дзень і зьдзіралі плакаты з народным дадаткам. З менскай друкарні давялося завозіць новы наклад плакатнага афіцыёзу.
У сталіцы і іншых гарадах Беларусі заўважана ліхаманкавая актыўнасьць грамадзянаў. Не, не на электаральным полі “выбараў Лукашэнкі”. Але ў прасторы, непасрэдна зьвязанай з электаральнай тэмай. Грамадзяне, у якіх яшчэ ёсьць пэўныя запасы беларускіх грошай, актыўна наведваюць банкі і шукаюць выгаднейшы курс абмену рублёў на даляры. Перад абменьнікамі стаяць цярплівыя чэргі ў дзесяткі чалавек і пазбаўляюцца ад рублёў. Прызнацца, такой зьявы яшчэ не было ў нашай найноўшай гісторыі. Заўважана, што кожны чалавек мяняе рублі і набывае па пяць, тры, нават дзесяць тысячаў даляраў. Абмен рублёў на 700-800 даляраў на гэтым фоне выглядае маласур’ёзнай трансакцыяй. Захваляваўся рэжым і сам начальнік рэжыму, які гукнуў па БТ, што “не нада менять на доллары, это ненадёжно...” Дарэчы, пасьля гэтага звароту чэргі каля абменьнікаў прыкметна павялічыліся. Людзі здымаюць грошы з рублёвых укладаў, мяняюць іх на даляры, але нясуць закупленае дахаты, ня робяць даляравых укладаў у банкі, якім ужо няма веры. Такое здараецца, калі даверу ня мае ўжо і сама дзяржава ў выглядзе пануючага рэжыму.
Юрка Марозаў