БАЙКОТ — РЭАЛЬНАЕ ДЗЕЯНЬНЕ
Пачалася агітацыйная частка выбарчай кампаніі. Мы агітуем за байкот фальшывых выбараў. У гэтым годзе рэжым скарыстаўся паслугамі калектыўнага спарынг-партнёра, складзенага з прадстаўнікоў падстаўной апазыцыі. Лукашэнка заклікаў грамадзтва, каб іх (партнёраў) падтрымалі і нават дапамаглі сабраць подпісы для рэгістрацыі. ЦВК на чале з адыёзнай Ярмошынай зразумелі гэта канкрэтна і, як кажуць, з апераджэньнем: усе спаборнікі (акрамя аднаго някемлівага) былі зарэгістраваныя кандыдатамі.
Тым часам па зьвестках, якія ўжо сталі вядомыя шмат каму, ніхто са спарынг-партнёраў не сабраў 100 тысячаў подпісаў, акрамя Някляева (190 тысячаў). Тым ня менш іх усіх зарэгістравалі (а некаторыя пры гэтым паводзяць сябе фанабэрыста, разважаюць пра “перамогу”, пра выхад у другі тур, лепяць з сябе “лідэраў” і т.п.). Камэдыя маразму, спэктакль клоўнаў.
Зрэшты, калі аналізаваць чыста фармальна, не зважаючы на палітычную рыторыку, то адзіным рэальным і законным лідэрам у гэтым балагане зьяўляецца якраз Уладзімер Някляеў. Лукашэнка, які ня мае права балатавацца чацьвёрты раз, акрамя ўсяго (у рэальнасьці) не сабраў свае 100 тысячаў подпісаў. Тое, што ён прадставіў — адміністрацыйная падробка, і ўсе ведаюць як яна была зроблена.
З самага пачатку фальсіфікацыя пачалася з абодвух бакоў. Але, відаць, сказана тут, не дакладна, што “з абодвух бакоў”, бо і спарынг-партнёры, і Лукашэнка робяць адну справу — працуюць на “элегантную перамогу” ўзурпатара.
Далейшы сцэнар ужо цалкам прадказальны. “Кандыдаты” спатыкаюцца з выбаршчыкамі, выпускаюць пару на радыё-тэлебачаньні, а ў канцы акажацца, што ўсе галасы забраў Лукашэнка. Ён жа і вызначыць новага “Мілінкевіча” (хаця ўжо і так вядома), нарэзаўшы яму большы працэнт галасоў.
Тэарэтычна, аднак, ёсьць дапушчэньне пэрспэктыўнага выхаду на барацьбу. Гэта калі нехта са спарынг-партнёраў засьведчыў бы сябе першым і як рэальную альтэрнатыву рэжыму, прызнаную электаратам, прытым беларускую альтэрнатыву, якая сыходзіць з нацыянальных інтарэсаў. Тады змаганьне магло б мець арганізаваны працяг у грамадзтве пасьля сканчэньня фальшывых выбараў.
Выхад на нацыянальную альтэрнатыву ў прынцыпе верагодны, нягледзячы на мінімум часу (адзін месяц), бо ёсьць асоба, якая магла б ёй стаць. Тым часам эфэктоўны і магутны прыём калектыўнага адмаўленьня ўсіх спарынг-кандыдатаў ад удзелу ў фальшывых выбарах, практычна, немагчымы з прычыны залежнасьці і нізкага палітычнага ўзроўню кандыдатаў.
Рэальным выхадам з гэтай рэжымнай пасткі можа стаць электаральны байкот фальшывых выбараў і ўсёй балаганнай камэдыі галасаваньня. Пасьля байкоту наш галоўны лёзунг: “Новыя выбары бяз Лукашэнкі” і падрыхтоўка грамадзкага руху за ажыцьцяўленьне гэтага лёзунгу.
Ужо шырока распаўсюджваюцца агітацыйныя матэрыялы з абгрунтаваньнем байкоту. Ніжэй мы тут зьмяшчаем некаторыя зь іх дзеля знаёмства зь імі нашых прыхільнікаў і сябраў.
Зянон Пазьняк
21 лістапада 2010 г.
Улётка першая (2 шт на адным аркушы)
Улётка другая (4 шт на адным аркушы)
Улётка трэцьцяя (4 шт на адным аркушы, першая старонка — малюнак, другая — тэкст)
Улётка чацьвёртая (4 шт на адным аркушы)