ПРОРВА РАСЕЙСКАЙ БЮРАКРАТЫЗАВАНАЙ НАВУКІ
Яшчэ ў расейскамоўнай школе БССР старэйшых узростам беларусаў вучылі пра “ісканія русской інтелігенціі”. Вучылі доўга, але што гэта такое мы дагэтуль не зразумелі. За што б ні браліся гэтыя інтэлігенты ў сваіх шуканьнях, наступнае ў іх атрымлівалася горш за папярэдняе. Напрыклад, на працягу дзесяцігоддзяў яны ненавідзелі тупое і адсталае самадзяржаўе, многія змагаліся супраць яго. А ў выніку пасьля перамогі над царызмам зьявіўся савецкі бальшавізм, значна больш дзікі і жудасны за свайго папярэдніка.
Яны так і не зразумелі, што корань расейскага зла і няшчасьця ў іх самых, у іхнай Імпэрыі. Чые б акуляры яны ні прымервалі, на скуластую мангольска-ленінскую фізіяномію Імпэрыі яны ўсяроўна на яе не налезуць. Можна было б і не спрабаваць. Імпэрыя (ці то царская, ці тобальшавіцкая, ці то “русская демократія ФСБ”) выжывала заўсёды і выжывае цяпер выключна дзякуючы зьнішчальнай эксплуатацыі паняволеных народаў і іхных прыродных, чалавечых і інтэлектуальных рэсурсаў. Дастаткова прасачыць за прозьвішчамі і этнічным паходжаньнем “істінно русскіх геніев”. Нават сучасную расейскую мову сістэматызаваў у 19-м стагоддзі датчанін у першым пакаленьні Даль.
Інтэрнэт ныартыкул маскоўскага інтэлектуала Аляксандра Гольдфарба распавядае пра спробу некаторых навукоўцаў наладзіць “хросны ход да цара-бацюхны” у стылі папа Гапона ў Расеі і сёньняшніх мясцовых тыпу кампаніі “Говорі правду” ў Беларусі. Гольдфарб іранізуе зь іхных наіўных спробаў і спадзяваньняў на найвышэйшага барына. Ён справядліва нагадвае, што ў Расеі няма прававой дзяржавы, якая б магла падтрымліваць і разьвіваць навуку. Гольдфарб празрыста намякнуў, а мы можам сказаць больш выразна, што толькі на памяці сёньняшніх пакаленьняў у расейскай карупцыйнай прорве зьніклі каласальныя капіталы, прызначаныя на розныя прыгожыя справы, у тым ліку і на навуку. Больш цьвярозыя людзі больш даваць ім ня хочуць, а іншыя цьвярозыя не спадзяюцца атрымаць ад прорвы нешта на інавацыі.
Мы непадзяляем сэнтымэнтальныя ўспаміны аўтара пра Сораса і сорасаўшчыну. Беларусы добра памятаюць, як у першай палове 1990-х у нас засьвяцілася гэтая кантора. Як яна нічога сур'ёзнага не зрабіла для беларускай культуры, навукі і дэмакратыі. Але шуму і спадзяванак на “Фонд Сораса” было шмат (усё неяк растварылася).
Трэба, аднак, паўтарыць за Гольдфарбам: “Ёсьць розьніца ў нюансах”. Менавіта ў тым, што тычыцца беларускіх талентаў, якіх сотнямі і тысячамі ўсмоктвае ў сябе расейскі спрут, які “раптам” зьбяднеў інтэлектам. Маладым беларусам прадастаўляюць месцы ў сваіх ВНУ, стыпендыі. Іх адсочваюць па ўсёй нашай краіне на школьных алімпіядах і міжнародных конкурсах. За імі палююць. Масква хоча, каб яны занялі месца тых з расейскай моладзі, якія ўцякаюць ад нуды і змроку гэбізма ў цывілізаваныя краіны. Да нашых маладых і таленавітых накіраваныя нашы словы шчырага папярэджваньня: не рабіце глупстваў, не зьязджайце ў Расею, не працуйце на Імпэрыю Зла. Заставайцеся ў роднай Беларусі, рабіце ўсё дзеля вызваленьня нашай краіны ад гэбізма. Толькі на Радзіме будзе годнае жыцьцё і навуковы посьпех.
Юрка Марозаў
Мартышка і акуляры
Амаль 20 гадоў таму аўтар гэтых радкоў быў адным з арганізатараў Навуковага фонда Сораса — 150-мільённага праекта, які павінен быў захаваць расейскі навуковы патэнцыял, што знаходзіўся тады на мяжы зьнікненьня. Дапамагчы навукоўцам перажыць “шокавую тэрапію” было нашай кароткатэрміновай задачай. У далейшай пэрспэктыве, разумеючы, што дзяржава рана ці позна зноў пачне падтрымліваць навуку, мы ставілі мэту замяніць савецкую практыку цэнтралізаванага фінансаваньня заходняй грантавай сістэмай, у якой грошы разьмяркоўваюцца самымі ж навукоўцамі на конкурснай аснове, а бюджэты навуковых праектаў кантралююцца іхнымі непасрэднымі кіраўнікамі.
Пачытаўшы днямі чалабітную расейскіх навукоўцаў прэзыдэнту Медведеву, у якой яны заклікаюць пакласьці канец с крайне неэфэктыўнай і карумпаванай сістэме дзяржаўнага фінансаваньня і захаваць Расейскі фонд фундамэнтальных дасьледваньняў (РФФІ), які, дарэчы, узьнік як наступства сорасаўскай праграмы, я вымушаны прызнаць, што грошы Сораса былі выдаткаваны дарэмна: у расейскай навуцы ўсё вярнулася накругі свае, і цяперашняя сістэма яе арганізацыі нічым ня лепш за савецкую
Ёсьць, зразумела, розьніца ў нюансах. У савецкі час чыноўнікі з Дзяржкамітэту па навуцы і тэхніцы, Аддзела ЦК КПСС і намэнклатурныя акадэмікі з Прэзыдыюма АН СССР кантралявалі бюджэтныя плыні ў чыста ідэалагічных мэтах. Асабісты дабрабыт гэтых людзей — кватэры, пайкі і дачы, уладкаваньне дзяцей у ВНУ і паездкі за мяжу — забяспечваўся дзяржавай. У іх не было прычын красьці бюджэтныя сродкі. Але сёньня асабісты дабрабыт касты дзяржаўных разьмеркавальнікаў узьнікае наўспрост з аб'ёму часткі разьмяркоўваемых грошай — праз адкаты, пасярэдніцкія і сэрвісныя фірмы ды бартэрны абмен з удзельнікамі паралельных сэктараў новай каманднай эканомікі, якую пабудаваў Пуцін.
Для непасрэдных вытворцаў навуковага прадукта — кіраўнікоў навуковых групаў і калектываў — розьніцы паміж савецкай сістэмай і цяперашняй мала: і ў тым і ў другім выпадку іхная праца ацэньваецца, падтрымліваецца і ўзнагароджваецца не па сутнасьці, а ў адпаведнасьці з тым, у якой ступені ён задавальняе эканамічныя патрэбы намэнклатурнай касты і яе асобных прадстаўнікоў. Спадзяваньні падпісантаў ліста Медведеву, што “наверсе” іх пачуюць, нязбудуцца: патрабаваньне адкрытага і шчырага разьмеркаваньня дзяржаўных сродкаў пагражае асновам дабрабыту ня толькі навуковай бюракратыі, але і ўсёй сістэмы, у тым ліку і бліжэйшага атачэньня самога адрасата, а таму такое патрабаваньне зьяўляецца па сутнасьці палітычным і падрыўным. Калі арганізатары ліста будуць настойваць, наладжваць публічныя кампаніі і “пампаваць правы”, то іх, паводле савецкага досьведу, чакаюць перасьлед і лёс дысыдэнтаў.
Ня меншае расчараваньне чакае таксама тых, хто спакусіўся абяцанкамі дзяржаўнай падтрымкі інавацыйных праектаў — перавода навуковых ідэй і распрацовак у прыкладную сфэру. Размовы аб тым, што праекты тыпу Сколкава змогуць выпрацаваць амэрыканскія тэхналагічныя прарывы, сымвалам якіх стала Сіліконавая даліна, нагадваюць байку пра мартышку і акуляры. Сутнасьць амэрыканскіх інкубатараў тэхналогій ня ў тым, каб сабраць у адно месца шмат талентаў і стварыць ім пабытовыя ўмовы, а ў тым, каб гэтыя таленты, арганізуючы стартавыя прадпрыемствы на базе сваіх адкрыцьцяў, бачылі ўперадзе магчымасьць пэрсанальнага посьпеху і магчымасьць разбагацець. Для гэтага, па-першае, неабходная культура вэнчурнага капіталізма — вольных і абароненых ад бюракратыі інвэстараў, гатовых укладаць грошы ў рызыкоўныя праекты з пэрспэктывай далейшых цыклаў капіталізацыі. Ніякая Сіліконавая даліна не адбылася б без Уол-Стрыта. Другая галоўная складаючая амэрыканскіх інкубатараў інавацыяў — непрабівальная абарона інтэлектуальнай маёмасьці патэнтнай сістэмай, забясьпечанай эфэктыўнай прававой дзяржавай. Галоўнае ў любым вэнчурным праекце — упэўненасьць вынаходцы і інвэстара ў абароненасьці на выпадак посьпеху. У краіне, дзе саджаюць Хадаркоўскага і забіваюць Магніцкага, аб гэтым ня можабыць гаворкі.
Таму мая парада расейскім талентам, якія раздумваюць, ці не прадаставіць свае мазгі і энэргію ў рукі крамлёўскіх мартышак, што прымяраюць амэрыканскія акуляры: маладыя людзі, не рабіце глупстваў! Калі ў вас сапраўды ёьць што запрапанаваць навуцы і чалавецтву, зьбірайце чамаданы і зьязджайце туды, дзе ў вас усё атрымаецца.
Аляксандр Гольдфарб
Крыніца: http://grani.ru/blogs/free/entries/17994.html
(Пераклад з расейскай)