ПАЛАЧАНІНА МАРГАРЫТА ЕРМАЛАЕЎНА
ПАЛАЧАНІНА Маргарыта Ермалаеўна
(1.01.1927–8.07.2010)
Памерла Маргарыта Ермалаеўна Палачаніна, прадстаўніца старэйшага пакаленьня беларускага нацыянальнага Адраджэньня. Ад самага пачатку змаганьня за аднаўленьне незалежнасьці нашай Бацькаўшчыны яна была ў першых шэрагах Беларускага Народнага Фронту і яго Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ. Менавіта з такімі мудрымі і самаахвярнымі людзьмі, як яна, патрыятычны авангард нашага народу дамогся ў 1991 годзе зьдзяйсьненьня найвышэйшай мары нацыі — утварэньня сувэрэннай Беларускай Дзяржавы. Калі насталі часы антыбеларускага рэваншу, Маргарыта Ермалаеўна не адступілася ад ідэалаў сваёй маладосьці і не скарылася ворагам Беларусі. Да апошняга дня свайго жыцьця яна была разам з намі ў барацьбе за вызваленьне краіны.
Жыцьцёвы шлях Маргарыты Ермалаеўны — гэта натуральнае існаваньне ў беларускай мове, роднай культуры, у любові да ўсяго беларускага. Свае веды і сваю любоў яна перадала ня толькі сваім родным, але і многім маладзейшым людзям, якія шукалі сьветлага прыкладу і духоўнага апірышча.
Выказваем шчырыя спачуваньні сям'і і блізкім нябожчыцы. Сьветлая памяць беларускай патрыётцы, няхай Госпад прыме яе душу.
Сябры Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ
10 ліпеня 2010 г.