ГРАМАДЗКІ ПРАТЭСТ СУПРАЦЬ “МЫТНАГА САЮЗА” У МЕНСКУ
6 ліпеня група сяброў Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ правяла пікет у цэнтры беларускай сталіцы, непадалёк ад Камароўскага рынку. Патрыёты трымалі ў руках плякаты “Не мытнаму саюзу з Расеяй і Казахстанам!”, “Альтэрнатыва мытнаму саюзу — эканамічная рэформа і разварот да народа!” і “Рэжым у адстаўку!”
Беларусы выказалі свой пратэст супраць змовы, прадыктаванай народам імпэрскай Масквой. Дзякуючы гэтай “мытнай змове” Расея, расейская дзяржмафія і бандыцкія структуры атрымліваюць нібыта легальнае прыкрыцьцё для захопу беларускай нацыянальнай маёмасьці і беларускага бізнэсу. Усе грамадзяне Беларусі становяцца закладнікамі чужой, антыбеларускай палітыкі іншай дзяржавы. Прамаскоўскі рэжым пайшоў на гэтую змову з Масквой, здаючы наш народ і нашу маёмасьць у расейскі палон. Нічога ня вартымі аказалася шумная “антымаскоўская” і “антымядведзеўская” рыторыка Лукашэнкі і ягоных міністраў напярэдадні заключэньня “мытнай змовы”. Усё гэта быў фальшывы тэатр, абсурднае шоў на тэму “абароны нацыянальных інтарэсаў” антыбеларускім рэжымам. Рэжым падпісаў маскоўскія мытныя паперы без грамадзкага абмеркаваньня, нелегальны “псэўдапарлямант” рэжыму (“палаткі”) ратыфікаваў гэтую змову таемна, уначы. Беларусы даведаліся пра гэты акт дзяржаўнай здрады не з рэжымных ворганаў прапаганды або СМІ, а з расейскіх праграмаў навін. Усе гэтыя абставіны робяць прынятыя пагадненьні незаконнымі. Беларускае грамадзтва павінна распачаць супраціў гэтай антынацыянальнай палітыцы і салідарнымі намаганьнямі спыніць наступ расейскага бандыцкага капіталу на нашу зямлю. Няма спадзяваньняў на мясцовы скарумпаваны рэжым, які выконвае ўсе прыхамаці Масквы. Рэжым у адстаўку! Не незаконнай “мытнай змове”! Ніхто на фальшывыя “выбары” дыктатуры!
Інфармацыйная камісія Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ
6 ліпеня 2010 г.