ДЗЕНЬ ПАМЯЦІ ВАСІЛЯ БЫКАВА

22 чэрвеня споўнілася сем год з дня сьмерці Васіля Уладзімеравіча Быкава. Каля ягонай магілы на Усходніх могілках беларускай сталіцы сабраліся сябры і прыхільнікі Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ. Над грамадой лунаў нацыянальны Бел-Чырвона-Белы Сьцяг. Патрыёты ўсклалі да надмагільнага помніка кветкі, запалілі зьнічкі. Выступіў сп. Сяргей Папкоў, намесьнік старшыні Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ. Ён згадаў пра далёкі 1988 год, калі тысячы людзей па ўсёй Беларусі злучаліся ў Народны Фронт, калі ўпершыню за дзесяцігоддзі наш народ заявіў пра сваё права жыць у праўдзе і ў сваёй нацыянальнай Дзяржаве.

У тыя дні з намі быў Васіль Быкаў, вышэйшы маральны аўтарытэт нацыі. Усе наступныя гады ён быў фронтаўцам, працаваў на фронтаўскай ніве, натхняў патрыётаў, разам з намі абараняў Бацькаўшчыну. Антынародны рэжым не спыняў кампанію шальмаваньня супраць вялікага Быкава, ворагі Беларусі ненавідзелі і ненавідзяць яго. Але творы і само жыцьцё Быкава заваявалі яму прызнаньне і любоў мільёнаў беларусаў і людзей ва ўсім сьвеце. Успомнім, як сем гадоў таму тысячы людзей сабраліся ў сталіцы, каб правесьці яго ў апошні шлях. Праваліліся ўсе правакацыі рэжыму і прадстаўнікоў псэўдаапазыцыі, якія спрабавалі не дапусьціць чалавечага разьвітаньня з вялікім сынам Беларусі. Ня гледзячы на правакацыі людзі ўзьнялі нацыянальныя Бел-Чырвона-Белыя Сьцягі (так, як прасіў аб гэтым перад сьмерцю Васіль Уладзімеравіч) і выкінулі прэч фальшывую сымволіку марыыянэткавага рэжыму, якую спрабавалі навязаць лукашысты. Мы, — фронтаўцы, — ганарымся тым, што побач з намі быў Васіль Быкаў. На прыканцы людзі засьпявалі гімн “Магутны Божа”.

Інфармацыйная камісія Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ 22 чэрвеня 2010 г.