РАСПЕРАЗАНАСЬЦЬ ЗЛА АЛЬБО ЦЁМНАЕ ШЭСЬЦЕ КРАМЛЯ

У манаграфіі расейскага гісторыка Дзімітрыя Валкагонава “Трыюмф і трагедыя”, прысьвечанай Сталіну, ёсьць адзін сапраўды яркі фрагмэнт. “Вождь народов” падыходзіць да вакна свайго кабінэта і ўзіраеца ў шырокія прасторы сваёй імпэрыі, якая распасьціраецца перад ім за крамлёўскімі мурамі. “Вождь” задаволены, на двары пачатак 1941-га года. Усё атрымалася, з Гітлерам заключаны пакт пра падзел Эўропы і пра ненападзеньне. Немцы разграмілі заходнія краіны і дабіваюць Брытанію. Растаптана ненавісная Польшча.

Да СССР далучаны краіны Прыбалтыкі, заходнія часткі Беларусі і Украіны, Бэсарабія. Мільёны ворагаў савецкай улады зьнішчаны або замкнуты ў ГУЛАГу. У далёкай Мэксіцы забіты галоўны канкурэнт Леў Троцкі. Адным словам, трыюмф на ўсіх напрамках... Вядома, да чаго прывёў гэты трыюмф і што настала ў жыцьці мільёнаў падуладных сталіншчыне людзей усяго праз некалькі месяцаў страшнага 41-га года.

Быў пэрыяд няспынных трыюмфаў і ў жыцьці сталінскага сябра Гітлера. Ён рэагаваў на посьпехі з большай эмацыйнасьцю. Пасьля разгрому Францыі нават танцаваў упрысядкі перад сваім палітбюро (ёсьць архіўная кінастужка). Вядома, што сябрукі-блізьняты разумелі немагчымасьць сумеснага трыюмфу над чалавечай цывілізацыяй. Яны сістэматычна рыхтаваліся да нападу адзін на аднаго і вельмі сьпяшаліся. Больш арганізаваная нямецкая моц апярэдзіла Сталіна ўсяго на некалькі дзён (некаторыя гісторыкі сьцьвярджаюць, што ўсяго на адзін дзень).

У выніку гіганцкай вайны сталінска-маскоўскі фашызм і ягоная імпэрыя атрымалі магутныя ўдары, але ацалелі. Гітлерска-нямецкі фашызм быў разгромлены, асуджаны трыбуналам і забаронены як ідэалогія і практыка. Дагэтуль гэтая незавершанасьць перамогі над Злом даецца ў знакі ўсяму чалавецтву.

Але ў моманты самых галавакружных посьпехаў ані адзін, ані другі фашызм ня мелі такой неверагодна спрэсаванай у кароткім часе паласы посьпехаў у сваёй злачыннай дзейнасьці. На ўсё выдаткоўваліся месяцы, часам гады падрыхтоўкі, намаганьняў, барацьбы і рызыкі. Тэрарыстычны разгром уласнага грамадзтва заняў у Сталіна амаль тры гады (1936-39). Паўгода аддзяляюць захоп Гітлерам Аўстрыі (“Аншлюс”) і акупацыю Чэхаславакіі (1938). Гэты шэраг можна працягваць.

Нават класічныя папярэднікі расейскага гэбізма былі няздольныя на сёньняшнія працэсы інтэнсіфікацыі Зла, якія мы цяпер назіраем ва ўсходняй імпэрыі. На працягу роўна месяца крамлёўска-лубянская кантора імкліва ляціць ад аднаго трыюмфа да другога. 29 сакавіка яна падарвала пасажыраў мэтро і адразу пачала гукаць, што гэта зрабілі “каўказкія сьмяротніцы”. Лубянку не засмуціла, што гэтым разам нават масквічы (якія ня любяць каўказцаў) не папаліся на гэбельсаўскую вуду канторы. Але страху было нагнана на ўсіх. Праз тыдзень, 7-8 красавіка Масква арганізоўвае крывавы бунт у Кыргызстане і скідвае мясцовага прэзыдэнта (якога яна, дарэчы, такім жа чынам сама і паставіла на царства пяць гадоў таму). У Бішкеку яшчэ стралялі, а Пуцін ужо публічна апраўдваўся, што “Россія тут ні прі чём”. Ніхто, аднак, яму не паверыў. Новы ўрад Кыргызстана адразу паабяцаў Маскве вывесьці з краіны амэрыканскую вайсковую базу (пра гэта Маскве йшлося).

10 красавіка пры вельмі падазроных абставінах адбываецца катастрофа польскага прэзыдэнцкага самалёта пад Смаленскам. Загінула 96 чалавек. І тут адчуваецца знаёмы падступны сьлед. Іншага прыкладу такой маштабнай катастрофы і гібелі (ліквідацыі?) нацыянальнай эліты ў адным месцы і ў адзін час немагчыма знайсьці ў аналах гісторыі чалавецтва, нават у час вайны. Зноў бяспрыкладны (і беспакараны) трыюмф Зла. Такога бадзёрага, вясёлага Пуціна мы даўно ня бачылі.

Далей — болей. Праз пару тыдняў пасьля кыргызскай перамогі Масква пачынае ставіць на калені Украіну. Медведев падпісвае з стаўленікам Крамля Януковічам тое, што ўкраінскія патрыёты ўжо назвалі “харкаўскім пактам”: за абяцаныя саступкі ў газазабесьпячэньні Масква атрымала пралангацыю базаваньня свайго флёту і войскаў на тэрыторыі Украіны. Потым Медведев адпраўляецца ў Нарвэгію і без марскіх бітваў “выроўнівае” нарвэжска-расейскую марскую дзяржмяжу — на поўную карысьць Маскве, якой, зразумела, мала зямлі і вады. Адзначым, што на працягу двух красавіцкіх дзён крамлёўцы вымусілі на нарвэжцах тое, за што дыпламатычныя спрэчкі вяліся на працягу сарака гадоў (!).

27 красавіка адбываецца, фактычна, антыдзяржаўны акт (пераварот) у Вярхоўнай Радзе Украіны, дзе януковічаўцы ў парушэньне Канстытуцыі і парляманцкай працэдуры галасуюць за ратыфікацыю “харкаўскага пакту”. У той самы час Януковіч заяўляе ў Стразбурзе, што Галадамор — гэта не генацыд (“ніякага генацыду ўкраінскага народу ў 1932-33 гадах не было”). І гэта ёсьць перамога маскоўскага Зла.

У гэты ж дзень вясёлы Пуцін робіць тэлезаяву аб тым, што з 1 ліпеня 2010 г. на беларускай мяжы будуць выстаўленыя расейскія мытныя пасты “для аховы межаў мытнага саюза”. Маскоўскія ваяводы і стральцы бяз бою вяртаюцца на зыходныя пазыцыі, якія яны былі згубілі ў 1991 годзе. Сувэрэнітэт нашай краіны будзе груба парушаны ворагам, і гэта толькі пачатак.

28 красавіка адбываецца яшчэ адна падзея, якая ўжо выпадае з трыюмфальнага шэрагу. Успыхвае каласальны пажар у старажытнай крэпасьці Пскова. Агонь пагражае зьнішчыць усю фартэцыю, полымя падымаецца пад самае неба. Але намаганьнямі пажарных удаецца абмежаваць культурныя страты. Нагадаем, што Пскоў і ягоныя культурныя каштоўнасьці былі створаны роднасным беларусам этнасам паўночных славянаў, у якіх была блізкая да нашай мова (яна і цяпер сьвеціцца праз пазьнейшыя напластаваньні ў пскоўскім “дзэканьні” і “гэканьні”) і свая высокаразьвітая культура. Пскоўская рэспубліка была бяльмом на вачах дэспатычнай Маскве, і яна зьнішчыла пскоўскую самастойнасьць і культуру яшчэ на прыканцы 15-га стагоддзя.

Людзі духоўнага жыцьця ўбачылі ў цяперашнім пажары Пскова Божы Знак. Справа ў тым, што роўна 400 гадоў таму — 28 красавіка 1610 года — пажар таксама ахапіў пскоўскую крэпасьць. Было гэта пасярод трагедыі “Смутнага часу”, крамлёўскіх самазванцаў і бунтоў. Многім успомніўся каласальны пажар гістарычнага будынка Манежа, што каля Крамля ў Маскве, у дзень інаўгурацыі Пуціна.

Завяршыўся месяц інтэнсіўных падзеяў расейскай гісторыі, у якую Крэмль гвалтоўна ўцягнуў суседнія народы. Радуецца, пацірае ручкі крамлёўская хунта. Рыхтуе наступны “месячнік” сваёй крымінальнай актыўнасьці. Не зважае на Божыя Знакі, сьмяецца з праклёнаў людзей.

Толькі салідарны супраціў народаў можа спыніць гэты трыюмф Зла.

Янка Базыль