НАСТУП РАСЕІ ВА УКРАІНЕ

Хаця цяперашнюю рэакцыю ўкраінскіх патрыётаў можна зразумець. Балявы шок ад перамогі прамаскоўскіх сілаў і ад іхных масаваных зьнішчальных дзеяньняў настолькі моцны, што ўкраінцы можа і ня здольныя ў гэты пачатковы пэрыяд усьведаміць аналогіі зь беларускай трагедыяй. Сапраўды, такога нахабнага наскоку на ўкраінскую адукацыю і мову кіруючыя колы не дазвалялі сябе ва Украіне ні разу з 1991 года.

Беларусы б падказалі ўкраінцам, што напрамак гэтага ўдару значна важнейшы для Імпэрыі, чым апанаваньне ўкраінскай эканомікі і падпарадкаваньне ўкраінскага бізнэсу. Калі агрэсары растопчуць нацыянальную мову і адукацыю, то і эканоміка з бізнэсам ужо ніяк ня будуць украінскімі — гэта аб'ектыўны закон прыроды. І гэтаму ёсьць адмоўны доказ з беларускай рэчаіснасьці. Але разумныя людзі выступаюць ва Украіне з заклікамі да самаарганізацыі грамадтва ў абароне дзяржавы і культуры, інстынктыўна паўтараючы формулу, выведзеную Беларускім Народным Фронтам і яго лідэрам Зянонам Пазьняком — Беларускай Салідарнасьці, якая ёсьць па-над партыйным сяброўствам і іншымі індывідуальнымі адрозьненьнямі.

Сапраўды, галоўнае цяпер для кожнага народа — рыхтаваць народны контрнаступ на імпэрскія акупацыйныя сілы. Тым больш, што згаданае ўкраінскім палітыкам Парубіем “поле бою” — гэта наша родная зямля, якую мы не павінны саступіць паганаму маскоўскаму ворагу.

Прапануем вашай увазе артыкул дэпутата Вярхоўнай Рады Украіны ад партыі “Наша Украіна” Андрія Парубія, які быў апублікаваны ў газэце “Украінська Правда” 11 траўня 2010 года.

Янка Базыль

Андрій Парубій: Рыхтаваць контрнаступ

Пасьля перамогі Януковіча на прэзыдэнцкіх выбарах Украіна апынулася ў новай палітычнай рэчаіснасьці. Мала хто з палітыкаў гэта ўсьведамляе. Шмат хто з грамадзянаў інтуітыўна гэта адчувае.

Украіна ператварылася ў поле бою. Падзеі апошніх месяцаў — гэта не міжпартыйныя сваркі і ня толькі ўнутрыўкраінскія супярэчнасьці.

Я перакананы: вайсковая інвазія Расеі ў Грузію, падзеі ў Кыргызстане, сьмерць (загадкавая) прэзыдэнта Польшчы Качыньскага і апошнія падзеі ва Украіне — гэта зьвеньні аднаго ланцуга.

Кіраўніцтва Крамля даўно паставіла мэту аднавіць геапалітычны ўплыў Расеі на ўсю постсавецкую прастору. Пра гэта выразна гаворыцца ў новай ваеннай дактрыне Расейскай Фэдэрацыі, у нізцы іншых дакумантаў і ў выказваньнях расейскіх палітыкаў. Геастратэгічная прастора расейскіх інтарэсаў — пад такім дэвізам сёньня рэалізуецца постімпэрскі сіндром.

Украіна — асноўная мэта, звышзадача геапалітычнага наступу. Без Украіны ня будзе “Вялікай Расеі”. Гэта ключавы момант аналізу крамлёўскіх палітыкаў і аналітыкаў. “Нам не патрэбны Крым. Нам патрэбная ўся Украіна”, — заявіў ў свой час віцэ-спікер расейскай Дзярждумы.

“Расея будзе наступаць датуль, пакуль яе ня спыняць”, — заявіў дарадчык прэзыдэнта Расеі Дугін.

Перамога Януковіча — гэта пачатак расейскай інвазіі ва Украіну: інвазіі інфармацыйнай, праз трансляцыю рупараў крамлёўскай прапаганды: каналаў РТР ды іншых, інвазіі гуманітарнай, праз палітыку русіфікацыі і зьнішчэньня ўкраінскай асьветы міністрам асьветы Дмытром Табачнікам.

Інвазіі гістарычнай, праз дыскрэдытацыю ўкраінскай гісторыі, украінскіх герояў, інвазіі эканамічнай, праз перадачу Расейскай Фэдэрацыі ключавых аб'ектаў украінскай эканомікі.

Інвазіі энэргетычнай, праз шантаж за цану на газ. Інвазіі палітычнай, праз антыканстытуцынае ўтварэньне ў парляманце пракрамлёўскай большасьці.

Зрэшты, інвазіі мілітарнай, праз працягваньне базаваньня Чарнаморскага Флёту РФ у Крыме. Паводле пагадненьня — фактычна назаўжды. Чаму гэта робіцца так хутка і агрэсіўна? Чаму так безапэляцыйна ўздымаюцца тэмы, якія расколваюць украінскае грамадзтва?

Адказ адзін: іхная мэта — разарваць Украіну. Доьсвед 20-гадовай дзяржаўнасьці прадэманстраваў — год за годам нацыянальнае самаўсьведамленьне і дзяржаўніцкія настроі паступова, але няспынна пашыраюцца ва Украіне. Спачатку гэтыя настроі дамінавалі толькі ў Галічыне. Потым дайшлі да Дняпра. Праз пэўны час перайшлі на Левы Бераг і апанавалі прастору да Сум і Кіраваграду. Вынікі некалькіх апошніх выбараў даюць гэтаму яркае пацьверджаньне.

Штогадовы аналіз разьвіцьця самаідэнтычнасьці ва Украіне, які праводзіць цэнтр імя Разумкова, ёсьць сьведчаньнем незваротнасьці гэтага працэсу. Яшчэ колькі гадоў — і паварот Украіны ў прастору “геастратэгічных інтарэсаў Крамля” будзе немагчымым. Так сьцьвярджае экс-сакратар РНБОУ Аляксандр Гарбулін.

Таму іхныя дзеяньні такія імклівыя і жорсткія, а напружаньне, якое яны правакуюць ва ўкраінскім грамадзтве, выразна сплянаваная.

Найбольшае, чаго яны баяцца — гэта ўтварэньня поля агульнаўкраінскага супраціву, нацыянальнага контрнаступу. Я перакананы, менавіта вакол гэтай мэты і павінна згуртавацца ўкраінскае грамадзтва.

Хто можа арганізаваць і павесьці агульнаўкраінскі контрнаступ? Я сумняваюся, што гэта змогуць зрабіць палітыкі старой генэрацыі, перасвараныя і дыскрэдытаваныя. Старыя формы выявіліся недзеяздатнымі.

Больш таго, я перакананы, што ўкраінскаму супраціву неабходна выйсьці далёка па-за межы палітычных асяродкаў і партый. Грамадзкія арганізацыі і грамадзкія аўтарытэты, студэнцтва, прадпрыймальнікі, вольныя журналісты павінны аб'яднацца дзеля таго, каб нарадзіць новыя формы арганізацыі і дзеі. Энэргетычнае поле нацыянальнага контрнаступу ўтворыцца з зараджаных часцінак украінскага грамадзтва. Адзін або некалькі лідэраў апынуцца на вастрыі гэтага працэсу — пакажа час.

Або дзейсныя палітыкі перад абліччам выкліку адкінуць амбіцыі і сшыхтуюцца ў адзін шыхт, або ім на замену прыйдуць іншыя лідэры. Найгалоўнейшае: у нас ёсьць прычыны для аптымізму. Мы прайгралі бой, але не прайгралі вайну. Нам трэба перагрупавацца і самаарганізавацца.

Гэта ня будзе хутка і проста. Згадайма гісторыю нашых апанэнтаў — Партыі регіёнаў. Пасьля 2005 года яны здолелі перагрупавацца, вярнуцца і здабыць уладу. Для нас сёньня самае галоўнае — не дапусьціць зьнешніх сцэнароў расколу Украіны. Мы ў 1991 годзе здабылі Вялікую Украіну. Такой мы павінны і перадаць яе сваім нашчадкам.

Новая палітычная рэчаіснасьць патрабуе новых арганізацыйных формаў. Самае галоўнае — усьведаміць абрысы новай палітычнай рэчаіснасьці, зразумець памылкі апошніх гадоў, асабліва ў стане палітыкаў.

І перш за ўсё — пераадолець роспач і расчараваньне, і паверыць ва ўласныя сілы, у моц і энэргетыку Вечнай Украіны.

Крыніца: http://www.razom.org.ua/opinions/6203/

(Пераклад з украінскай)