“ПА ВЕЧАРАХ НАД РЭСТАРАНАМІ...”

Амэрыканца Джона Рыда шмат што зьдзівіла ў краіне бальшавіцкага пераварота. Але найбольш — ягоны пачатак. Увечары 24 кастрычніка 1917 года бальшавіцкія атрады маршыравалі на Зімовы палац, абклалі яго кальцом. Пачалася страляніна. А за некалькі кварталаў ад месца “велікой соціалістіческой рэволюціі” грамадзяне ішлі на вечаровыя сэнсы ў кінематограф і на спэктаклі ў тэатры, ярка сьвяціліся вітрыны рэстаранаў... Ня кажам ужо пра ленінскі НЭП, калі ў рэстаранах гуляла ўсё, што магло рухацца.

Яны і гэтым разам куражацца “на славу”. Наш Менск расейская банда абрала ў якасьці пляцоўкі для свайго куражу. Антыбеларускі рэжым афіцыйна прыняў гэтую дзікую антысацыяльную плынь і заявіў, што зьбіраецца рабіць на іхным куражы дзяржаўны бізнэс. Цэлая сетка казіно з раскошнымі рэстаранамі ўжо некалькі гадоў абслугоўвае маскоўскую банду, якой спадабаўся наш чысты горад і параўнальна нізкія для багатых цэны на забавы. Але з паглыбленьнем крызісу і ў гэтым наладжаным механізме пачало нешта ламацца.

Рулетка яшчэ круціцца, яшчэ ўвіхаюцца вакол кліентаў круп'е. Але ўжо пустуюць прыбудаваныя да казіно рэстараны. У выніку ўзьнікаюць праблемы з аплатай беларускай абслугі гэтых нячыстых месцаў. Прыкладна да пачатку гэтага году работнікі абслугі атрымоўвалі па 700-800 даляраў штомесяц, афіцыйна і ў капэртах. Са студзеня ім пачалі даваць па 700-800 тысячаў беларускіх рублёў і зусім няшмат у капэртах. У траўні запазычанасьць расейскіх гаспадароў паасобным работнікам складае па дзьве з паловай тысячы даляраў. Людзі пачалі звальняцца, падаваць у суд. Але беларусы ня выйгралі яшчэ аніводнай справы. Мяркуем, што ўжо і ня выйграюць. У некаторых забаўляльных комплексах беларуская абслуга зьбіраецца звальняцца амаль у поўным складзе. А маскоўцам хоць бы што — яны новых мяркуюць набраць (абы даўгі не плаціць).

Аказаліся марнымі спадзяваньні сотняў і тысячаў нашых людзей, якія думалі камфортна пражыць, абслугоўваючы маскоўскую шпану і мафію. Рана ці позна настае пахмельны сіндром пасьля рэстараннай начы. Хаця ў прынцыпе можна канстатаваць, што Вялікі Крызіс кур'ёзным чынам ратуе нашу сталіцу і наш народ ад поўнага ператварэньня ў сацыяльны сьметнік. Спадзяемся, што дэмаралізатарскія цэнтры, разбудаваныя акупантамі на нашай зямлі, ляснуцца канчаткова. Няхай маскоўская банда вяртаецца на свой, ужо вытаптаны імі бераг і вычвараецца ў сваёй Маскве.

Настаў час ісьці не ў рэстаран, а ў храм і маліць: “Божа, ратуй Беларусь!”

Янка Базыль