ФАЛЬШ НА РОЗНЫЯ ЛАДЫ

Подзьвіг фронтаўца Сяргея Каваленкі выклікаў энтузіязм і салідарную падтрымку патрыётаў па ўсёй Беларусі. Зразумела, што гэта напалохала і раззлавала антыбеларускі рэжым, які пачаў дзейнічаць ва ўласьцівым гэбізму стылі. 23 красавіка ў праграме “Панарама” БТ паказала фрагмэнт гэбоўскіх відэаздымкаў падзеяў на ганку віцебскага суду, дзе днямі зьбіралася судзілішча над Сяргеям Каваленкам. Патрыёт проста перад будынкам суда падняў высока і з гонарам Бел-Чырвона-Белы Сьцяг, чым зьбянтэжыў прысутную паліцэйшчыну і гэбоўшчыну (якая, відаць, разьлічвала, што ён прыйдзе на судзілішча з апушчанай галавой і будзе прасіць літасьці). Нягледзячы на гнюсьненькія камэнтары за кадрам відэа паўнавартасна прадэманстравала мужны ўчынак Сяргея. Але гледачы заўважылі, што ўся сцэна была паказана толькі здалёк, у агульных рысах. Затое наступны тэлесюжэт падаваўся БТ падкрэсьлена буйным плянам. Нейкага мужчыну ў цёмным паліто зазьнялі пасярод унівэрсаму, як ён сядзіць на нейкай тумбе, глыбака апусьціўшы галаву. БТ пракамэнтавала кадры: маўляў гэта ёсьць “оппозіціонер С. Коваленко, который напілся в магазіне, вот такой оппозіціонер...” Міліцыянт загадаў “пьянаму” мужчыне падняць галаву і той падняў галаву. Ягоны твар паказалі буйным плянам, але ў нейкім ракурсе ці то 1/8 ці то 1/16. Заўважна толькі было, што валасы мужчыны памаляваны пад бландына. Нос і адна скула — вось і ўвесь “партрэт нецьвярозага апазыцыянэра”. У наяўнасьці груба зьлепленая фальшыўка з “двайніком” (во да чаго дайшлі!), якога адкапалі ў гэбоўскім загашніку.

Калі б Сяргея сапраўды злавілі ў пэўных абставінах, то здымалі б у поўны рост і ў фас ды ў профіль. Ды так, каб кожны мог дваццаць разоў пераканацца: вось гэта ён — Сяргей Каваленка. Атрымалася, што БТ запрапанавала тэлегледачам параўнаць безаблічную фігуру з апушчанай галавой з фігурай С. Каваленкі, зазьнятай з вельмі далёкай пазыцыі на ганку суда (таму й здамалі здалёку, бо пад “задумку”). Але кантора правалілася са сваёй подлай правакацыяй. Верыць гэтай форме фальшу нармальныя людзі ня будуць.

У цэлым сюжэты на тэму “хуліганства оппозіціонера” былі ўстаўлены пасярод агульнага тэлешэрагу пра “оппозіцію”. Перад тэмай паказалі аднаго вядомага былога камсамольскага паэта зь ягонымі русскоязычнымі паштовачкамі “Говори правду!”, а пасьля тэмы паказвалі Пашу Севярынца з некалькімі дзясяткамі статыстаў пад сінімі сьцягамі Эўразьвязу. І ўсё пад камэнтары пра “продажность оппозіціі, которая жівёт на деньгі грантодателей”. Маўляў, Сяргей Каваленка такі ж, як і гэтая публіка. Прыёмчык вядомы, даўні. Менавіта дзеля такіх прыёмчыкаў і існуе ў якасьці антуражу прамаскоўская псэўдаапазыцыя, якая ёсьць арганічнай часткай рэжыму.

Раней і на Радыё Свабода засьвяцілася некалькі такіх “оппозіціонеров”. Вядомы Фінькевіч прыязджаў у Віцебск (дзе Сяргей Каваленка ўздымаў наш нацыянальны Сьцяг). Фінькевіч і ягоныя таварышы “у знак салідарнасьці” ўзьнялі былі ў Віцебску свае апэльсінавага колеру сьцягі. А нядаўна фотатэка Радыё Свабода паказала здымак яшчэ аднаго “оппозіціонера”, які назваўся кандыдатам ад “Партыі БНФ” і завабліваў віцеблянаў на мясцовыя “выбары” дыктатуры сваім выбарчым плакацікам. На плакаціку (з надпісамі на расейскай мове) быў здымак гарадзкой яліны, над якой С. Каваленка ўзьняў Бел-Чырвона-Белы Сьцяг. Трэба патлумачыць, што йдзецца пра кандыдата з псэўда-БНФ начале зь Янукевічам. Мэтай згаданых дзеячоў такая ж як мэта рэжыму — дэскрыдытацыя Сяргея Каваленкі і ягонага мужнага ўчынку і ў той жа час подленькая спроба “прыляпіцца” да ягонага подзьвігу.

Адным словам, фальшывыя ўчынкі фальшывых асобаў. Фальш на розныя лады. Але беларусы разьбяруцца, адрозьняць сапраўдны гераізм ад канторскай стылізацыі.

Янка Базыль