АРДА ТРЭНІРУЕЦЦА

Нядаўна расейскія СМІ агучылі сэнсацыйную навіну, а беларуская рэдакцыя Радыё Свабода 16 красавіка ўрэшце падхапіла яе (з характэрнай сваёй “апэратыўнасьцю” асьвятленьня сэнсацыяў, якія непасрэдна тычацца Беларусі). Гэтым разам сэнсацыю стварылі не “всесоюзный староста” Барадзін і не думскія цыцэроны кшталту Жырыноўскага, а правінцыйныя майстры расейскага “тэлепяра.” Мясцовае телебачаньне ў экзатычным для нас рускім горадзе Ліпецку паведаміла было сваім гледачам, што пачалася вайна. Войскі НАТО напалі на Беларусь з тэрыторыі Украіны, у Ліпецк пачалі прыбываць уцекачы. У канцы праграмы, праўда, тэлевізійшчыкі “ўдакладнілі”, што йдзецца пра вучэньні ўнутраных войскаў міністэрства ўнутраных справаў РФ. Вядучая сказала, што менавіта такім быў сцэнар гэтых вучэньняў. А паведамілі ім пра гэта самы афіцэры МУС, што праўда без камэры.

Мяркуючы па таму, што дырэктарка тэлестудыі, галоўная рэдактарка і аўтарка рэпартажу былі звольнены з працы, яны сапраўды раскрылі “ваенную тайну”. Расейская жандармэрыя сапраўды праводзіла вучэньні па выратаваньню беларусаў ад украінцаў, заходне-эўрапейцаў і самых сабе. Прычым, вучэньні былі маштабныя, гадавыя, з прымяненьнем рознага роду тэхнікі.

Мы памятаем, што зусім нядаўна, мінулай восеньню расейская ваеншчына праводзіла вялікія стратэгічныя вучэньні на нашай тэрыторыі пад крыптонімам “Запад-2009”. Сцэнар быў таксама “выратавальны”. Маскоўцы ратавалі Беларусь ад НАТО і нацыяналістаў (“экстремістов”). Суседнія Польшча і Летува адэкватна ацанілі мілітарысцкія гульні Масквы і яе задумкі. Яны наглядзеліся на дэсанты, танкавыя кідкі і прызямленьні бамбавікоў на беларускіх дарогах і зразумелі, што нічога абарончага ў гэтых гульнях няма. Што ад такіх “абаронцаў” трэба як мага хутчэй мацаваць уласную абарону. Да таго ж Масква доўга яшчэ не выводзіла свае часткі з беларускай тэрыторыі. Расейскіх вайскоўцаў розных званьняў беларусы лавілі ў гарадах і мястэчках за праявамі тыповай расейскай халявы. “Госьці” кралі на базарах, гародах і ў крамах. Розьніца мэнталітэту выявілася на поўніцу.

І вось цяпер іхныя ўнутраныя войскі трэніруюцца паводле такога ж у прынцыпе сцэнару. Зноў Беларусь абрана ў якасьці зоны ваенных дзеяньняў, а наш народ на роль ахвяры і ўцекача. Што ж, нічога дзіўнага. У рэчаіснасьці Расея адпрацоўвала гэты сцэнар шэраг разоў: у 1812, 1914-15, 1918-20, 1941, 1944 гадах. Праца маскоўскіх сцэнарыстаў надта ж дорага каштавала нашай нацыі і нашай зямлі. Але што да гэтага маскоўскім стратэгам. Мільёнчык туды, мільёнчык сюды... Беларусы старэйшага ўзросту ўспамінаюць фанфары ваенных вучэньняў на тэрыторыі БССР у 1940 годзе. Тады Масква трэніравалася з шабэлькамі на конях пад камандай Кліма Варашылава прарывацца да самага Берліну-Парыжу. У прапагандысцкіх роліках тае пары вайна падаецца як усенароднае сьвяточнае шоў. Ворагі ў польскіх канфэдэратках, але з крыкамі па-нямецку разьбягаліся ад чырвонай кавалерыі і танкаў. Потым настаў 1941 год. Патрэніраваўшыся, Масква вывела мільёны людзей з тэхнікай пад самую лінію, якая падзяляла саветы і іхных гітлерскіх сяброў па Пакту Молатава-Рыбэнтропа. Зьбіраліся арганізаваць “вызваленчы паход” да самага Ла-Маншу. Але Гітлер апярэдзіў сябру Сталіна ўсяго на некалькі дзён (некаторыя гісторыкі лічаць, што толькі на адзін дзень). У выніку загінулі і былі ўзятыя ў палон мільёны чырвонаармейцаў. Разгарнулася каласальная чалавечая трагедыя... З памяцьцю ў Маскве слаба. Прычым, ня толькі з глыбокай, гістарычнай. Нават з кароткай, разьлічанай на рэфлексы штодзённасьці. А мы вось успомнілі, што папярэднія вучэньні войскаў МУС РФ, у 2009 годзе былі прысьвечаны тэме “здушэньня масавых пратэстных выступаў расейскіх пэнсіянэраў”. Ведаюць унутраныя стратэгі, дзе можа вылезьці бокам люты крызіс, які ахапіў Расею. Рыхтуюцца душыць пэнсіянэрскія бунты. Ведаць пра небясьпеку з боку расейскай ваеншчыны жыцьцёва неабходна, але баяцца яе ня трэба. На штабных картах і ў гульнявым азарце ў іх усё атрымліваецца гладка і весела, як некалі ў 1940-м годзе. А рэчаіснасьць раз-пораз дыктуе сваё. Ну, папруць яны, пасунуцца на беларускую зямлю. І гуманітарную нагоду прыдумаюць. Толькі выйдуць з сваіх ліпецкаў, аголяць унутраный расейскі фронт, а “тут как тут” і галодныя расейскія пэнсіянэры з сякерамі, віламі ды чырвоным пеўнем падасьпеюць. І невядома будзе, куды кідацца з сваімі шабэлькамі: ці то беларусаў ратаваць ад эўрапейскай цывілізацыі, ці то тушыць пажары на Рублёўцы і ў Крамлі.

Арда пагрозьліва махае сваім бунчуком, надзьмуваецца, тупае конскімі капытамі. Але пасярод яе шатроў і кібітак расьце незадаволенасьць ханам, стомленасьць ад нявіннай крыві, нянавісьць да ўласных беяў ў залатых чалмах... Як бы не давялося беларусам разам з эўрапейцамі ратаваць расейцаў ад іхнага кашмару, вызваляць ад іхнага маразму, дапамагаць ім тушыць полымя на крамлёўска-лубянскіх руінах.

Янка Базыль